Выбрать главу

Але першы ў хаце палітаддзела загаварыў старшы лейтэнант.

— У нас тут новая акалічнасць з’явілася, — пачаў ён здалёку. — І вось таварышы хочуць паслухаць, як вы з акружэння выходзілі сюды. Маршрут апішыце, розныя там падрабязнасці. Словам, паспрабуйце ўсё выкласці так, як тады, у нас.

Шпакевіч насцярожыўся — з вопыту ведаў, калі два разы пытаюць пра адно і тое ж, значыць, нешта не так. Але не адказваць не мог. Нібыта збіраючыся з думкамі і прасочваючы ў іх свой шлях сюды з забяседдзя, які давялося пераадолець у самае дажджлівае надвор’е па нямецкім тыле разам з Чубарам і Халадзілавым, Шпакевіч найперш, вядома, прыгадаў, што ён ужо гаварыў старшаму лейтэнанту з асобага аддзела там, у адрыне. Выходзіла, што тады ён дык і не надта ўдаваўся ў падрабязнасці. Гаварыў усё, як было, аднак збольшага, акурат баяўся заняць многа часу. Між тым, камандзір спецатрада, няйначай, зразумеў ягоную затрымку па-свойму, бо паспяшаўся на выручку.

— Карту чытаць умееце? — спытаўся ён.

— Так, — адказаў Шпакевіч, нарэшце выразна зразумеўшы, што гэта той чалавек, дзеля якога за сталом сядзелі і начальства палітаддзела дывізіі, і старшы лейтэнант з асобага аддзела і дзеля якога паклікалі сюды яго, Шпакевіча.

Камандзір спецатрада задаволена кіўнуў галавой, дастаў з-за спіны ў сябе разбухлую вайсковую торбу, якая ляжала на ўслоне паміж сцяной і ім, і выняў адтуль складзеную гармонікам тапаграфічную карту. Старшы лейтэнант з асобага аддзела пры гэтым паслужліва пацягнуўся рукамі да яе, памог раскласці на стале — і гэта таксама не засталося па-за ўвагай Шпакевіча, значыць, сапраўды нейкая важная шышка!

— Падыдзіце бліжэй, — сказаў Шпакевічу партызанскі камандзір.

Шпакевіч ступіў два крокі да стала, якіх не хапала, каб апынуцца побач з астатнімі, хто знаходзіўся ў хаце, і, не чакаючы далейшай каманды, дакладней, далейшага запрашэння, схіліў галаву над картай.

— Ну, а цяпер пакажыце нам, як вы ішлі сюды і адкуль?

Шпакевіч зусім без цяжкасці адшукаў па звілістай лініі Бесядзь, паказаў пальцам, у якім месцы ўпадае ў яе Дзеражня, дзе быў узарваны апошні мост, і ўжо адтуль, даючы сапраўды падрабязныя тлумачэнні, пачаў паступова набліжацца да Пёкліна.

— У вас там знаёмыя засталіся? — спытаў камандзір спецатрада, як толькі палічыў, што Шпакевіч дакладна паказаў увесь маршрут ад Бесядзі.

— Не.

— Ну, а тыя?.. Словам, вы ж па дарозе з кімсьці сустракаліся... Такія знаёмыя засталіся?

— Такія былі, — памуліўся Шпакевіч. — Вядома, і есці ў людзей даводзілася прасіць, і начлегу. Але ж гэта так. Як кажуць, паеў, паспаў дый дзякуй на тым.

— Добра, — ссунуў густыя бровы партызанскі камандзір. — А гэты, Чубар, з якім вы ішлі сюды, дзе ён цяпер?

— У Журынічах, там, кажуць, апалчэнне збіраецца.

— З якой ён вёскі быў?

— Дакладна цяпер не помню, але гэта недзе недалёка ад Белай Гліны.

— І кім ён там працаваў?

— Старшынёй калгаса.

— Таксама не лішні чалавек, — падумаўшы трохі, сказаў камандзір спецатрада, — але... гэта так, дзеля цікавасці. Тым больш калі яго цяпер знойдзеш?

— А Халадзілаў загінуў, — дадаў Шпакевіч, — ужо тут, ад бомбы.

У хаце настала цішыня. Але не таму, што Шпакевіч раптам нагадаў пра гібель свайго таварыша. Не. І начальнік палітаддзела дывізіі, і старшы лейтэнант уставіліся на трэцяга — на партызанскага камандзіра, які задумліва кратаў, акурат пагладжваў знізу тыльным бокам правай далоні сваю чорную бараду, і цярпліва чакалі, што скажа нарэшце ён, ці здаволіць яго іхняя кандыдатура. А справа была вось у чым. У самы апошні момант, калі партызанскі атрад ужо гатовы быў пераправіцца з Белагалова ў варожы тыл, захварэў праваднік, нават не захварэў у поўным сэнсе слова — яго пакусалі пчолы... Тады камандзір атрада і звярнуўся ў палітаддзел дывізіі, каб тэрмінова памаглі падшукаць яму другога надзейнага правадніка, бо зрывалася дыверсійная аперацыя, якую доўга і дэталёва распрацоўвалі яшчэ ў Маскве. І вось старшы лейтэнант з асобага аддзела зноў успомніў пра Шпакевіча: «Сапраўды, а чаму не параіць яго». Пазваніў начальніку палітаддзела: «Ёсць такі чалавек!»