— Дык прачнуўся Масей ці не? — заўсёды пытаўся Кузьма; пры гэтым і выгляд у старога, і голас былі такія, быццам да Зазыбавага сына ў яго з’явілася пільная патрэба.
— Не, — кідаў у адказ гаспадар адкуль-небудзь з-пад павеці, і Прыбыткоў зусім без шкадавання паварочваў назад, тэпаючы раскірэкаю следам за сваім дубцом да форткі, высокі парог якой рабіўся для яго не такой ужо і малой перашкодай.
Гэты раз Кузьма не вытрымаў да канца сваёй ролі — чамусьці закаціў пад лоб вочы, як умеюць рабіць адны старцы, калі прыходзяць з павадыром у вёску, і сказаў:
— От колькі я да цябе, Дзяніс, ні хаджу цяператка, а ўсё на пачостку не траплю. Здаецца, і сын цэлы вярнуўся, а ты ўсё куксішся.
— Анягож, кукшуся, — лёгка згадзіўся Зазыба, акурат яму даспадобы прыйшлося гэтае «куксішся», — бо не маю частаваць чым.
— Ну во, ты не маеш, — выкаціў Прыбыткоў назад вочы, — а некаторыя нашы мужыкі етыя дні, можа, і з-за сталоў не вылазяць. Усё частуюцца. Хіба ж ета не дзіва — з’есці цэлага лася?
— Ну, а што іначай рабіць з ім было, з тым ласём? — абыякава ўсміхнуўся Зазыба.
— Дак... Але ж каб толькі аднаго лася, — сказаў далей Кузьма Прыбыткоў, усё роўна як падначваючы Зазыбу. — А то Брава-Жыватоўскі і свінчо яшчэ з калгаснай фермы прыхапіў — бытта без свойскага мяса дзікае і ў шлунак ужо не лезе.
— А вось за гэта, што незаконна бяруць парсюкоў з фермы, некаму і па руках варта было б...
— Гм, некаму!
Нарэшце Кузьма Прыбыткоў палічыў, што пасля такой размовы яму ўжо, няйначай, і зусім затрымацца на Зазыбавым двары можна. Таму падышоў бліжэй да аплеценай загавальні, сеў на дашчэчку, якая знарок была пакладзена тут.
Выйшаў на сярэдзіну двара з свайго заценю і Дзяніс Зазыба.
— Бытта не ведаеш, каму па руках цяпера даваць трэба? — хітра паглядзеў на яго Прыбыткоў.
— Я-та ведаю, — адказаў насмешліва Зазыба, — але ці ведаюць другія?
— Дак...
Больш пэўна азвацца на Зазыбавы словы Прыбыткоў не здолеў, дакладней, ён ажно знарок не стаў гаварыць, бо разумеў, што ў Зазыбы таксама вырвалася тое хутчэй у запальчывасці, чым ад усведамлення рэальнай улады; проста, ніхто цяпер у вёсцы не адважыцца, а тым больш за парсюка, стаць упоперак Брава-Жыватоўскаму з яго кампаніяй. Іншая справа раней, няйначай, да самага таго моманту, калі ў вёсцы з’явіліся немцы. Датуль яшчэ нібыта не верылася, што яны наогул дабяруцца да Верамеек. Таму нават Брава-Жыватоўскі ў ролі паліцэйскага ўспрымаўся не сур’ёзна. Але пасля, як верамейкаўцы прайшліся пад канвоем у вёску ды пастаялі пад страхам на пляцы, шмат што змянілася ў іх свядомасці, калі зусім не перайначылася.
Вядома, падумалася верамейкаўцам, Брава-Жыватоўскі атрымаў ля крыніцы лупцоў ад фашыстаў, але ён не стаяў разам з усімі сялянамі на пляцы і яму не пагражаў жандарскі афіцэр расстрэлам. Значыць, колькі ні кпі з яго, колькі ні здзекуйся ў думках ці на словах, а ён ужо не раўня табе!..
— Я ета к таму, — нарэшце зварухнуўся на прызбе Прыбыткоў, — што ў цябе во зараз сын, так табе таксама б ласіны тае не лішне было б узяць. Тады б і пачостку, як ета водзіцца, наладзіў. Сын жа вярнуўся. А то я ўсё хаджу, а ніяк не дачакаюся, пакуль ты за стол запросіш.
— А-а, вунь ты пра што! — прытворна засмяяўся Зазыба. — І праўда, ёсць з чаго ўспомніць пра свежыну. Дык яна ўжо, мусіць, паспела прасаліцца?
— Саланіна б таксама прыйшлася да стала.
— Нічога, Кузьма, — палагаднеў Зазыба, — абыдземся неяк за сваім сталом і без ласіны. А вось што яны незаконна ўзялі з фермы жывёліну, дык за гэта трэба было б спытаць у сяго-таго.
— Ат, — махнуў рукой Прыбыткоў, — не вяжыся ты з імі, гіцлямі! Ты лепей скажы мне, як табе паказаліся немцы?
— Сам жа, нябось, таксама бачыў?
— Але ж ета, здаецца, яшчэ не немцы, што ўзялі ды праехаліся па вёсцы з канца ў канец. Сапраўдныя немцы ўжо, мусіць, тыя будуць, што прыедуць аднойчы і больш не паедуць нікуды.
— Гэтыя таксама ледва не пастралялі мужыкоў.
— Дак хто вінаваты?
— Ага, хто вінаваты?
— Каб не салдат той, што ў калодзеж уваліўся, можа б і не было зусім страху. Але як я цяпера ўжо думаю сабе, дак яны дарэмна не будуць людзей чапаць.
Зазыба ад прыкрасці ўздыхнуў.
— Але як гэта, скажы мне, чапаць не будуць?
— А так, — калі іх не зачэпяць, то і яны нічога не будуць маць да цябе.
— Гм...
— Мы ж — мірныя. Да мірных і адносіны павінны быць свае.
Пачуўшы гэта, Зазыба доўгім позіркам, нібыта ўпершыню, паглядзеў на Прыбыткова, дакорліва паківаў галавой.
— Ну і мудрэц ты, Кузьма, — сказаў ён. — Спярша спадзяваўся, што немцы зусім не пойдуць у Верамейкі, бо дарогі да нас дрэнныя, а цяпер, калі яны ўсё ж завіталі і к нам, ты другое пачаў выдумляць. Ну і што, калі мы мірныя?