Выбрать главу

— Мірныя і мірныя!

— Мудрэц! Мудрэц!

— А што, можа, і мудрэц?

— Тады адкажы мне, мудрэц, на такое пытанне — вось ты лічыш, што мы мірныя людзі. Сапраўды, мы з табой — мірныя. І нявесткі твае таксама мірныя, і ўнукі. А што ты думаеш пра сваіх сыноў, якія ваююць?

— Значыць, яны не мірныя. Яны — вайсковыя.

— Але ж і Раман Сёмачкін быў вайсковы!

— Рамана туды не трэба ў разлік браць.

— Не, ты ўсё-такі Рамана бяры ў разлік. А то, па-твойму, выходзіць, што яго ніколі не было і цяпер не існуе. Але ж гэта не так. Ён ёсць, незалежна ад таго, хочаш ты гэтага ці не. Раман жыве ў вёсцы сярод нас. А сыны твае тым часам ваююць. Яны таксама маглі б вось так, як Раман — кінуць вінтоўку, дый дамоў, да жонак, мы, моў, таксама хочам мірнымі стаць. Дык не ж! Сыны твае ваююць! І ты думаеш, ваююць таму, што не пускаюць з фронту? А можа, думаеш, што не выберуць выпадку дэзерціраваць? Такі выпадак заўсёды можа быць, я гэта ведаю, бо сам ваяваў. Асабліва цяпер, калі па той бок фронту і па гэты бок тыл вялікі. А Цімох твой не кідае вінтоўкі, бо разумее, што ад немцаў трэба абараняць і цябе, старога, і дзяцей сваіх малых, і жонку маладую. Іван таксама не кідае. Мусіць, яны не лічаць вось так, як ты, — раз вы мірныя, значыць, вам нічога не пагражае. Мусіць, яны лепей за нас з табой ведаюць, — Зазыба нават сябе не пашкадаваў побач паставіць, — што такое вайна і дзеля чаго яна развязана!

— Што гаварыць пра маіх сыноў! — незалюбіў Прыбыткоў. — Хто ведае, дзе яны цяпера? Можа, ваююць, а можа, і зусім ужо няма на свеце? Добра, калі яшчэ ў палоне. Пайшла ж Анэта разам з другімі кабетамі ў Яшніцу. Кажуць, тама ваеннапалонныя нашы ўтрымліваюцца, дак тады, няйначай, прывядзе.

— На вайне па-ўсякаму здараецца, — нібыта суцяшаючы Кузьму Прыбыткова, кіўнуў галавой Зазыба. — Тут на адлегласці не ўгадаеш. А зачараваць ад кулі ніхто не можа. Ну, а наконт палону... Дык... Тут таксама не заспрачаешся. Вайна без палону не абыходзіцца. Таму і бабы нашы думаюць — а раптам і праўда ейны трапіў? Іх, баб, зразумець можна. Асабліва цяпер, калі ўсе столькі гавораць пра палон ды палонных. Вось яны і пакідалі гаспадарку на дзяцей, а самі ў Яшніцу. З другога боку, хто іншы пабяжыць туды, як не яны?

— Да ўжо ж...

— Але няхай, бабы і ёсць бабы, але ж мы пра жывых тваіх сыноў гаворым. Таму мяне проста абурае, як ты разважаеш пра ўсё. Ну, а калі раптам сёння ці заўтра прыйдуць зноў немцы ды скажуць табе — сыны твае ваююць на фронце, значыць, яны нашы ворагі. А раз яны твае сыны, значыць, і ты наш вораг. Такім чынам, і ўнукі твае ворагі ім, і нявесткі!..

— Ты ўжо як скажаш, Дзяніс!..

— Н-не-е,— пакруціў галавой Зазыба, — гэта не я кажу. Гэта мы з табой так гаворым. Бо якраз да гэтага вось і павінны былі дагаварыцца, пачаўшы дзяліць людзей на мірных і нямірных, дурных і кемлівых, жывых і мёртвых. Проста, трэба нарэшце зразумець усім, што гэта вельмі адноснае цяпер — мірны, нямірны... Сам падумай, што было б з намі, каб тады немцы не вылавілі ў калодзежы свайго тапельца? Усё ж высветлілася выпадкова. Добра, што конь падышоў да калодзежа. А калі б не конь? Могілак вайсковых не хапіла б, дзе хаваць нас. Ды і хто б хаваў? Адзін Брава-Жыватоўскі? Не, тут іначай трэба разважаць. Я разумею, што гаварыў ты без злога намеру. Проста табе хочацца суцешыць і сябе вось, і мяне, і другіх. Да таго ж, табе хочацца яшчэ і ўжыцца...

— Куды ета мне хочацца ўжыцца?

— У новае жыццё, вось куды!

— Яснае дзела, што жывы чалавек пра ета найперш мусіць думаць.

— Але ж гэта падман. Дакладней, самападман. Пакуль ідзе вайна, наогул трэба забыць пра гэта. Сама вайна ўжыцца хоць каму пашкодзіць. Ці то знарок, ці то выпадкова, але пашкодзіць. Гэта ўжо як правіла, бо на тое і ўзрушэнне вялікае, на тое і бура, каб карнямі адразу не даць прырасці да зямлі. Ну, а суцяшацца таксама вельмі не варта. Бо нездарма разумныя людзі гавораць: абяцаюць зямлю, а надзяваюць пятлю.

— Але ж гавораць таксама і па-другому. Нябось, чуў — адным вайна, другім войначка?

— Як жа не чуць? Чуў. Ведаю нават яшчэ больш трапнае, але таксама ў тваім духу: моў, вайна — каму вяроўка, а каму — дойная кароўка. Толькі ўсё гэта глупства. Не трэба забываць, што любая вайна перш за ўсё кроў людскую п’е і жыцці чалавечыя забірае. Яшчэ ні адзін чалавек, якога калі закранала вайна, наперад не мог знаць, чым яна для яго скончыцца.

— Ладна, Дзяніс, хопіць нам пра гэта, — неяк зусім проста, быццам дасюль усяго толькі дурыў Зазыбу, сказаў Прыбыткоў, але не ўсміхнуўся. — А то выходзіць, што я самы горшы з усіх людзей. І дарэмна ты вучыш мяне. На маім вяку ета ўжо таксама каторая па ліку вайна. Аднак не трэба рабіць выгляду, што ў вайну абавязкова павінны ўсе загінуць.