Выбрать главу

— Дапусцім, гэтага я не казаў.

— Можа, і не гаварыў, але падумаць льга было з некаторых тваіх слоў. А я ўсяго толькі за тое, каб людзі таксама асцерагаліся. Самі глядзелі, што і як. Бо навошта гінуць тым, каму не трэба, ад каго, як кажуць, карысці няма. Ну, які сэнс можа быць для вайны, калі раптам загінуць мае малыя ўнукі? Якая карысць ад іх?

Зазыба пакруціў галавой:

— Мудрэц ты ўсё-ткі, Кузьма! Але юродстваваць таксама не варта. Грэх. — Зазыба хоць і гаварыў увесь час не вельмі голасна, але ўнутры ўзрушана, таму ажно стаміўся, усё роўна як пранёс на сабе немалы цяжар.

Здавалася, Прыбыткоў узбурыцца. Але апошнія Зазыбавы словы, мусіць, зусім не зацялі яму. Прынамсі, на жылкаватым твары яго не адбілася ніякіх прыкмет унутранай усхваляванасці. Як і хвіліну назад, стары абыякавым голасам сказаў:

— Ладна ўжо, хопіць. А то вэн ці не прачнуўся Масей. Чуеш, з маткай у хаце гамоняць?

Пры гэтым хоць каму старонняму магло б падацца, што якраз ён, Кузьма Прыбыткоў, найбольш пільнаваўся тых галасоў у хаце.

Трохі збянтэжаны сваёй размовай, якой не хапіла, бадай, у канцы пераканаўчасці, Зазыба падумаў, што трэба і яму ісці ў хату — урэшце, усяго за адзін раз не абгаворыш, асабліва з такім дамарошчаным філосафам, як Прыбыткоў. Але як быць з ім? Па праўдзе кажучы, Зазыба ўжо і не супраць быў, каб Кузьма пайшоў куды ў іншае месца. Аднак праганяць не станеш.

Выручыў бацьку Масей, які неўзабаве, амаль у наступны момант, выйшаў на ганак.

За гэтыя дні ў бацькавым доме ён ажно пакруглеў з твару і, здаецца, павесялеў, ва ўсякім разе, у паходцы яго і ў рухах з’явілася ранейшая маладая жывасць, нават порсткасць.

— Можа, умывацца тут будзеш, — адразу падступіўся да сына Зазыба, — дык вядро з сенцаў вынесу?

— Дзякуй, бацька, не клапаціся.

— То як знаеш, — паціснуў плячамі Зазыба, акурат не здаволены, што Масей гэтак лёгка адмовіўся ад яго паслугі.

Масей сышоў з ганка, стаў пад вокнамі.

— Што новага сёння, дзядзька Кузьма? — спытаў ён Прыбыткова з нейкай незразумелай, акурат змоўніцкай усмешкай.

— А нічога, — быццам з неахвотаю адказаў сусед.

— Ну, а жыццё як?

— Дак... ты сам ведаеш. Як учора, так і сёння. Здаецца, нічога не мянялася. Галоўнае цяпера — ноч пераспаць. Бо дзень ужо неяк навідавоку пасля няхітра перакідацца. Але цішай-тка!

Сапраўды, у завулку, як пачуць вухам, раптам загрукатаў і спыніўся воз.

— Пацікавіўся б, Дзяніс, ці ета к вам хто, ці, можа, нават ка мне? — глянуў на Зазыбу Кузьма Прыбыткоў.

Зазыба кіўнуў згодна галавой, але пастаяў яшчэ колькі часу, нібыта ў нерашучасці, і толькі пасля няспешна падаўся да форткі.

Да палісадніка, збітага з пілаваных дошчачак, прывязваў лейцы Брава-Жыватоўскі. Рабіў ён гэта марудна, акурат прыехаў надоўга, тады вярнуўся да воза, забраў на злямцаванай траве вінтоўку.

З’яўленне Брава-Жыватоўскага ў завулку, а тым больш за варотамі, было нечаканым. Таму Зазыба, убачыўшы паліцэйскага праз расчыненую фортку, адразу прыкінуў у галаве, што б магло значыць яно.

«Ат!» — нарэшце махнуў ён ад прыкрасці рукой і перастаў кідацца ў здагадках, бо ўсё роўна ні к чаму пэўнаму ў іх не прыходзіў.

Брава-Жыватоўскі тым часам узышоў на высокі ганак, узяўся за клямку.

— Мы тут, на двары, — гукнуў з-за форткі Зазыба.

— А-а-а, — здагадаўся Брава-Жыватоўскі, але не павярнуў назад, клямкнуў дзвярамі і праз сенцы, акурат у сваім доме, дзе ведаў усе закуткі, хады і выхады, выйшаў на другі, падворны ганак. Няйначай, ён таксама чуў, што ўжо каторы час у вёсцы знаходзіўся Зазыбаў сын, тым больш што ні Зазыба, ні сам Масей не скрывалі ад людзей гэтага, аднак, апынуўшыся цяпер на двары і ўбачыўшы там Масея, Брава-Жыватоўскі чамусьці зніякавеў на момант, нібы для яго такая сустрэча была зусім непажаданай.

— Добры дзень, — не забыў прывітацца паліцэйскі.

Паколькі глядзеў ён пры гэтым на аднаго Масея, то і адказаў яму на прывітанне Масей.

Але Брава-Жыватоўскі хутка саўладаў з сабой.

— Прашу дараваць мне, — жадаючы паказаць сябе далікатным, пачаў ён. — Не хацелася б разлучаць вашу добрую кампанію, але мушу. — І, павярнуўшыся тварам да Зазыбы, амаль урачыста аб’явіў: — Нас клічуць з табой у воласць.

— Чаму раптам мяне? — уталопіўся на паліцэйскага Зазыба. — Якое дачыненне маю да воласці я, і наогул... да ўсяго?..

— Не аднаго ж цябе, — прытворна усміхнуўся Брава-Жыватоўскі. — Нас з табой завуць разам.

— Ну, а ўсё-такі, чаму раптам і мяне? — пытаўся Дзяніс Зазыба.

— Такая каманда, — развёў паліцэйскі рукамі.