— Дык раз каманда... Тады, мусіць, пад канвоем мяне павязеш?
— Пад канвоем — не пад канвоем, але загадана даставіць.
— Ну што ж... — перастаў унутрана супраціўляцца Зазыба.
Брава-Жыватоўскі адчуў гэта, таму адразу дадаў:
— Нараду камендант збірае. Ну, а... што канкрэтна там будзе, сказаць не магу.
— Дык няхай бы пачакаў трохі твой камендант, га, Антон? — кінуў раптам з прызбы Кузьма Прыбыткоў. — А то ж мы не паспелі дайжа паснедаць.
— Якое вам снедаць? Трэба хутчэй ехаць, — зрабіўся няўмольным Брава-Жыватоўскі.
Масей зразумеў, што бацьку не так сабе змушаюць ехаць у Бабінавічы. Няйначай, штосьці пагражае яму. Таму рашыў і сам умяшацца ў справу: «Трэба запрасіць Брава-Жыватоўскага ў хату, пасадзіць разам з усімі снедаць, а там ужо і выпытаць». Ён збіраўся звярнуцца да паліцэйскага па імені і па бацьку, каб запрашэнне хоць знешне выглядала пачцівым, аднак дарэмна прабаваў успомніць, дадаць да ўласнага імя — Антон — бацькава: у галаву яно ніяк не прыходзіла. Тым часам Кузьма Прыбыткоў, якому паліцаева з'яўленне таксама магло каштаваць — стары траціў сняданак у Зазыбаў, не ўсядзеў на загавальні, пачаў станавіцца на ногі, памагаючы дубцом сабе.
— Ты ўжо ўваж нас, Антон, — сказаў ён, паддобрываючыся, Брава-Жыватоўскаму. — А то і праўда — як ета застацца чалавеку без сняданку?
Паліцэйскі засмяяўся:
— У людзей, відаць, ужо абед паспеў уварыцца, а вы нешта... А ты пры чым тут? — ва ўпор паглядзеў ён на старога і паморшчыўся, можа, хутчэй нават таму, што гаворка выкіроўвалася не па душы — здавалася, што магло прасцей быць, як забраць Зазыбу ды рушыць у мястэчка; а тут пачынаюцца тары-бары... Маўляў, чаму, навошта? Асабліва недарэчы апынуўся на Зазыбавым двары гэты ўедлівы Прыбыткоў.
— Я пры тым, што сусед! — сапраўды незалюбіў Кузьма. — Але мы не шкодзілі вам, калі вы лася таго елі. Да й парсюка яшчэ з фермы забралі. Таксама не ішлі да вас.
— Ну і дарэмна! — зусім спакойна паціснуў плячамі Брава-Жыватоўскі. — Мы нікому не адмаўлялі. Хто прыходзіў, той і еў з намі ласіну. Маглі б і вы прыйсці.
— Я не пра ета, — нецярпліва махнуў рукой Прыбыткоў. — Я пра тое, што мог ты яшчэ даўжэй пасядзець недзе за сталом. Якраз мы таксама ўправіліся б пачаставацца. Нябось, не ўсю стравілі ласіну?
— Ды, лічы, ужо ўсю.
— А хто быў? — не адставаў Прыбыткоў.
— Я ж кажу — хто прыходзіў, той і каштаваў!
— Так ужо і прыходзіў, так ужо і каштаваў!
— А табе, бачу, зайздросна?
— Можа, й зайздросна. Толькі я не пра ета. Я пытаюся, хто прыходзіў на ласіну? Ну, Мікіта, ета ясна. Тады, мусіць, Раман Сёмачкін. Таксама Рахім. Але сволач твой Рахім! Ета ж трэба паквапіцца на рэдкага звера! Яшчэ ніхто не паспеў убачыць, нагледзецца, як следавала, а ён раптам узяў дый бах.
— Ты думаеш, я абараняю яго? Канечне, Рахім зрабіў глупства. Але ж выкідваць дарэмна ласіну таксама не мела сэнсу. Таму мужыкі і разабралі тушу. А Рахім ніякі не мой.
— Дык ён жа толькі і ведае, што ад твайго двара да к Раману Сёмачкіну бегае.
— Бегаў, — усміхнуўся Брава-Жыватоўскі. — Кажу, бегаў. Бо ў яго пад Барысавам зямляк аб’явіўся, Ахмет. Забірае Рахіма туды.
— Ну, дак і слава богу. А то выдумалі, Рахім — паліцэйскі. Бытта не хапае сваіх мужыкоў.
— Бачыш, — зноў усміхнуўся Брава-Жыватоўскі, — а ты ўсё нездаволены. Усё табе не так.
Дзіўна, але Прыбыткоў таксама нязлосна ўсміхнуўся яму, быццам праз усю размову толькі і дамагаўся, каб сказаў гэта Брава-Жыватоўскі.
Між тым, Кузьмова гарачнасць, ажно зацятасць, з якой ён гаварыў з паліцэйскім, спярша насцярожыла Масея — не хапала, каб у выніку спрэчкі ўзнікла якая-небудзь непажаданая акалічнасць. Але чым даўжэй ён услухоўваўся ў яе, тым выразней адчуваў, што насцярожанасць дарэмная. Аказваецца, не такі просты гэты Прыбыткоў, — здаецца, і гаворыць рэзка, аднак увесь час пільнуецца, каб не давесці спрэчку да крайнасці, хоць амаль у кожным слове яго і гучыць маральная грэблівасць да субяседніка.
Дарэчы, якраз гэтак вось паводзіў сябе Прыбыткоў перад тым і ў размове з Зазыбам.
Тым часам на двары не хапала адной Марфы, якая ўпраўлялася ў хаце. Але неўзабаве і гаспадыня выйшла на галасы. Яна акінула зрокам мужыкоў, якія стаялі ў двары, і найперш здзівілася прысутнасці Брава-Жыватоўскага. Аднак яна не падумала, што Брава-Жыватоўскаму патрэбны Дзяніс. Матчына сэрца адразу страпянулася ў трывозе за сына.
— Дык што вы стаіце тута? — памкнулася з ганка яна, выціраючы фартухом рукі. — Масей? Дзяніс? Кузьма? Антон Ігнатавіч? — выгукнула яна ўсіх па чарзе. — Ідзіце ў хату. Тама і пагамоніце. Бо я сняданак на стол паставіла. Стыне.
«Выходзіць, бацьку ягонага звалі Ігнатам», — чамусьці як не ў здзіўленні падумаў Масей, пачуўшы матчын заклік, але адкрыццё цяпер, бадай, не мела значэння для яго, дакладней, для таго, што ён збіраўся нядаўна зрабіць: у кожным разе, Масей не кінуўся дапамагаць маці, не стаў запрашаць у хату гасцей — тая маральная грэблівасць, якую адчуў ён у голасе Кузьмы Прыбыткова, нібыта ўжо цалкам авалодала ім таксама.