Выбрать главу

Пакуль Зазыба з непадробнай цікавасцю аглядаў забітую жывёліну, адбылося нечаканае — нават не столькі нечаканае, колькі непрадбачанае, прынамсі сёння, бо найважнейшыя падзеі гэтага дня ўжо пэўна што адбыліся: зранку верамейкаўцы ўзяліся за падзел калгаса (хіба не падзея?), а цяпер вось татарын застрэліў сахатага (таксама мужыкам размоў на цэлыя гады!). Такім чынам, дзень і так ужо быў поўны адметнымі падзеямі, быццам укоптарак. Здавалася б, якога ражна яшчэ трэба? Але здарылася менавіта тое, чаго ў Верамейках, хоць і са страхам, аднак чакалі. Па адным ужо тым, як раптам аціхлі вакол галасы, Зазыба мог даўмецца, што людзей нешта насцярожыла. Але ён яшчэ патупаў трохі, быццам цяпер толькі ўсведамляючы, якая недарэчнасць выйшла з гэтым забойствам; ён ужо гатовы быў апякчы вачамі і самога стральца, ажно пачуў гарачы шэпт, няйначай, хтосьці ўспомніў маліцца, хоць для малітвы ў голасе было залішне трывогі і плаксівай разгубленасці. Між тым адгадка была простая — да сухадолу імчалі, гарцуючы ў сёдлах, нямецкія коннікі. І ўсе ўжо, акрамя Зазыбы, бачылі іх — і Чубар, які баяўся выйсці на луг з-за кустоў ядлоўцу, і тыя кабеты, што не пабеглі разам з іншымі да крыніцы, а па-ранейшаму хапаліся жаць у Паддубішчы, і, вядома, усе на сухадоле. Зазыба падняў галаву ўжо на выразны тупат конскіх ног. Рассыпаўшыся паўкругам па схіле, коннікі, якія таксама чулі стрэл, відаць што мелі праз гэта намер захапіць натоўп знячэўку, каб ніхто не здолеў уцячы ў лес, да якога рукой падаць. Той-сёй з верамейкаўцаў, падпарадкоўваючыся інстынкту самазахавання, пачаў неўпрыкмет адступацца назад, патрапляючы стаць суседу за спіну. Следам за коннікамі, калываючыся на выбоінах, выпаўз з-за пагорка і пакаціўся па ўзмежку лёгкі бронеаўтамабіль «Хорх».

Зазыба другі раз бачыў немцаў — тады, як вазіў у мястэчка Марылю, і вось цяпер. Але ў адрозненне ад першага разу сёння ён нават не спалохаўся, згледзеўшы іх. Здаецца, ні адна жылка не здрадзіла і не страпянулася ў ім. Халоднымі вачамі абвёў ён на захадзе па самым грэбні пазлацанае ўзвышша і са спакойным клопатам, як толькі здольны рабіць спрактыкаваны пастух са збродлівым статкам, пералічыў коннікаў. Немцаў было дзевяць, вядома, апрача тых, што ехалі ў бронеаўтамабілі. Але праз коўраты ўжо на гуцянскую дарогу выступала з вёскі цэлая вайсковая часць...