VIII
Кузьма Прыбыткоў праўду сказаў — верамейкаўскія салдаткі яшчэ на досвітку выбраліся ў Яшніцу, што знаходзілася, бадай, ужо ў самым вярхоўі Бесядзі. Дарогу туды з Верамеек мала хто не ведаў, бо мястэчка было кірмашовае. Наогул, у прыбяседдзі з даўняга, мястэчкі, таксама як і сёлы, вызначаліся не колькасцю двароў, нават крам, а найбольш тым, ці многа на год прыпадала кірмашовых свят. У Бабінавічах, напрыклад, кірмаш збіраўся тры разы — на стрэчанне, калі паводле народнага календара сустракаюцца зіма з вясною, тады на Іллю, што за два тыдні да вялікага спаса, ну, і на Змітрака, у самую халодную восень. У Бялынкавічах кірмаш адбываўся на прачыстую, у канцы жніўня. У Сілічах — на Юрыя. Словам, па той і па гэты бок Бесядзі, здаецца, не было ніводнага вялікага ці малога мястэчка, ніводнай вёскі з царквой (іх называюць тут сёламі), дзе б не ладзіўся кірмаш. Праўда, не кожны мясцовы кірмаш мог раўняцца з Хіславіцкім альбо Любавіцкім, якія шумелі звычайна па два тыдні запар. Затое ў Яшніцу вакольныя людзі сыходзіліся і з’язджаліся за год ажно пяць разоў: у так званы «красны торг», які выпадаў на апошнюю нядзелю перад калядамі, на зборную, што перад вялікаднем, таксама на абодва Міколы — на вясенняга і на зімняга, і ўвосень, ужо на ўздзвіжанне.
Верамейкаўскія кабеты выбраліся ў дарогу сёння акурат як і ў тыя добрыя часы, калі спяшаліся на кірмаш, — да сонца заўсёды можна прайсці нямала шляху без гарачыні і пылу. Замінка была толькі адна, у самым пачатку, яшчэ на вясковай вуліцы, калі вырашалі, якою дарогай ісці — брукаванай ці старым трактам. Але тады апошняе слова сказала нявестка Антона Жмэйды, Анюта, якая да замужжа жыла ў вёсцы за Вялікім Хоцімскам.
— Хадземце старым шляхам, бабы. Тама й родзіну сваю пакажу вам. А то на брукаванцы, можа, немцаў цяпера багата. Дык будзем увесь час трапаць уздоўж па канавах да па ржышчу — і абутак да рэшты стопчам і ногі ў кроў паб’ём. Ну, а па старым шляху, можа, нікога й няма.
Таксама прычына. Асабліва калі мець яшчэ на ўвазе тую акалічнасць, што вялікая дарога заўсёды засмучае, як не ведаеш наперад, дзе начаваць будзеш.
Словам, згадзіліся бабы.
Здавалася, спярша яны нават не ішлі, а ляцелі па бальшаку, быццам птушыная чарада — таксама, як і птушкі, салдаткі то разляталіся па адной ва ўсе бакі, то збіраліся зноў разам, выцягваліся ў шнуркі на абочынах.
Пакуль за спіной былі Верамейкі, гаварылі мала, рэдка хто кіне слова ці войкне, аступіўшыся раптам, а так усе — і гаваркія ад прыроды, якіх іншым разам хоць і не кармі, толькі пасакатаць дазволь, і негаваркія — імчалі па бальшаку, бы зацятыя. Іх, вядома, зразумець можна: адна дзяцей як след не накарміла, другая пакінула сваіх адных, без нагляду, трэцяя забыла да канца распарадзіцца па гаспадарцы і цяпер непакоілася, што без яе там непарадак будзе, чацвёртая... Але, бадай, мацней за ўсё думалася кожнай наперад — а ці пашанцуе, а ці знойдзецца ў тым Яшніцкім лагеры ейны?
Звычайна падарожныя верамейкаўцы снедалі ў Ключы — каля невялікай празрыстай крыніцы, што бруілася ўніз з высокага берага старога рэчышча Бесядзі. Справа ў тым, што за Ключом гэтым раскрыжоўваўся бальшак — на Калодліва і на Бялынкавічы, і пешаходы звычайна прымяркоўвалі адпачынак, каб канчаткова вызначыць сабе далейшы шлях.
У Калодліве здавён праз Бесядзь хадзіў паром. У Бялынкавічах, наадварот, дзейнічаў мост, бадай, адзіны на ўсёй рацэ, калі браць ад вытоку яе да сярэдняга цячэння. Нават не адзін, а два, бо далей вісеў над ракой і чыгуначны мост. Аднак па ім не толькі не ездзілі, акрамя, вядома, на цягніку, а і не хадзілі, бо моцна ахоўваўся. У кожным разе, і пешаходы, і вазы, і машыны, каб трапіць на супрацьлеглы бок, павінны былі альбо пераправіцца цераз Бесядзь на калодліўскім пароме, альбо перайсці ці пераехаць яе па бялынкавіцкім мосце, асабліва калі кіравацца ў вярхоўе, на стары тракт.