Выбрать главу

Дык вось...

На пачатку дарогі рэй увесь час вяла Жмэйдава нявестка, якая нечага ажно баялася, што за Ключом спадарожніцы яе перадумаюць ды пойдуць на Крутагор’е, а не з ёю, прыбяседскімі вёскамі.

Пакуль панавалі прыцемкі і не загарэлася неба на ўсходзе, мала што прыкметна было на далёкіх і блізкіх пагорках. Але неўзабаве па правы бок вачам адкрылася Курганне — каля паўсотні старадаўніх валатовак. Праўда, гэтыя валатоўкі не ішлі ў параўнанне з тымі, што ўзвышаліся за Белай Глінай, аднак і яны з’явіліся тут, няйначай, вельмі даўно, можа, за дзесяткі тысяч гадоў. Тым не менш у Верамейках Курганне, як выдатная мясціна, звязвалася не з муцверскай эпохай. Яго ведалі больш як «страшнае месца»: нібыта раней мала не за кожным, хто праходзіў паўз яго ноччу, каціўся адтуль жывы клубок блакітнага агню; нібыта чалавек, за якім следаваў агонь, альбо паміраў неўзабаве, альбо трапляў у няшчасце; прынамсі, верамейкаўцы маглі нагаварыць нямала прыкладаў, пасля якіх няцяжка паверыць не толькі ў звычайную містыку, але і ў самую найгоршую чартаўшчыну.

Вядома, расказвалі рознае. Ды найбольш людзі сыходзіліся на тым, што гэта блукае па Курганні нейкая непрыкаяная душа, пільнуецца на дарозе жывых сясцёр, маўляў, калі нават і не здолее заманіць да сябе ў цянёты чыю душу, то ўжо накліча бяды.

Але вось у тую вайну ў Верамейкі прыехаў першы настаўнік, бежанец аднекуль з Віленскай губерні. Дакладней, не сам прыехаў, у вёску яго прывёз з Клімавіч стараста Ігнат Кажанаў. Дагэтуль верамейкаўцы дзяцей сваіх вучылі то ў Бабінавічах, то ў Машавой — там працавалі школы першай ступені. Зразумела, што верамейкаўскія мужыкі ўзрадаваліся выпадку, маўляў, свой настаўнік у вёсцы — гэта таксама нечага варта, балазе зусім нядорага каштуе: яшчэ ў Клімавічах стараста згаварыўся, што сяляне будуць карміць яго падворна. Скарбу ў настаўніка з сабой не было, затое верамейкаўцы вельмі здзівіліся, калі ў Хвядосавай хаце (а стараста паставіў настаўніка на кватэру да свайго жанатага і аддзеленага сына) той расчыніў скрыню, напакаваную пад самае пукатае вечка рознымі кнігамі. Спярша настаўнік жыў, як і пасяліў яго стараста, у Хвядоса Кажанава. Аднак неўзабаве гаспадар пачаў пярэчыць — не хацеў, каб хату ператваралі ў грамадскую школу, толькі і глядзі, што зачыняй за падшыванцамі дзверы. Тады настаўнік пачаў вучыць верамейкаўскіх дзяцей там, дзе сталаваўся: сёння ў Халімона, заўтра ў Трышкі, а паслязаўтра ў старасты, і так на ўсёй галоўнай вуліцы, потым заварочваў у Падліпкі, пакуль не даходзіла чарга да апошняга двара. Дык гэты настаўнік нібыта і стаў ахвярай «страшнага месца». Але, здаецца, апошняй. Прынамсі, так лічылі ў Верамейках. Аднак ён, казалі, быў сам вінаваты, бо ўздумаў нечага капацца з рыдлёўкай на Курганні: можа, золата шукаў у валатоўках. Чым канкрэтна паплаціўся настаўнік за свой неразважлівы ўчынак, верамейкаўцы не ведалі. Справа ў тым, што яго хутка выклікалі з вёскі ў павятовы горад. У Верамейкі ён больш не вяртаўся. Але, бадай, з таго часу перасталі хадзіць чуткі пра розныя жахі, якія здараліся з людзьмі на бальшаку супроць Кургання, няйначай, вогненны клубок пакаціўся кудысь за настаўнікам, каб адпомсціць яму, што патрывожыў зачараванае месца. Такім чынам паступова людская гамана пра здані ды непрыкаяныя душы пачала аціхаць. Аднак не настолькі, каб верамейкаўцы, праязджаючы альбо праходзячы міма Кургання ўначы, не адчувалі самае меней вусцішнасці ў сабе.

Зразумела, што сёння салдаткам знутры таксама гукнулася тое, калі ў шэрані імклівай раніцы яны ўгледзелі паміж каржакаватых соснаў гэтыя валатоўкі. Прынамсі, ніхто з таго моманту, як сталі падыходзіць да Кургання, не сказаў слова. Маўчалі знарок, быццам сапраўды баяліся патрывожыць нячыстую сілу.

Бальшак тут рабіў круты паварот, акурат быў на зломе, тады шырокім ахонам агінаў з левага боку Курганне. З гэтага павароту пачыналіся вялікія пяскі. Бадай, ужо да самай Бесядзі нельга было сустрэць глыбейшых на ўсім бальшаку. Таму абапал тут, за прысадамі, былі наезджаны яшчэ дзве дарогі, але цалкам калёсныя. Яны і ратавалі коні, бо чалавеку нічога не каштавала збочыць, каб дарэмна не борсацца.

Пакуль жанчыны спяшаліся моўчкі абмінуць Курганне, на макушках далёкіх і блізкіх дрэў затрымцела, быццам нагрэтае паветра, ранішняя чырвань, пачала пералівацца ясвамі навокал.