Выбрать главу

Прачыналася рэдкае ў гэтую пару птаства.

Вядома, цяпер ужо не маглі стрымліваць сябе і нашы кабеты.

— Ці праўда ета, — спытала Анюта Жмэйдава, — што баба адна з Гончы прывяла прымака з лагера?

— А няўжо ж, прывяла, — з ахвотай адказала ёй Дуня Пракопкіна, якая перад тым як пайсці ў Яшніцу, ажно колькі дзён збірала розныя такія чуткі.

— Што яна, удава была ці так?

— Пра ета я не пыталася. Кажуць, прывяла ды прывяла.

— Можа, удава, дак...

— Во, ты таксама ішла б да канца з намі ў Яшніцу. Якраз нічога не здарылася б з тваёй маці ў тым Трасцяне. Ну, захварэла, дак ці трэба яшчэ з такой далечыні дачку клікаць?

— Не, я матку так не магу пакінуць! — запярэчыла Анюта.

— Ета ж калі тое было, што пераказвалі табе? Здаецца, яшчэ ці не ў тым месяцы?

— Няхай сабе. Але адведаць матку трэба. Яны, старыя, доўга хварэюць. Ім толькі і ляжаць.

— Калі ёсць за кім?

— Дак мы ж у яе ўдзвюх. Сястра старэйшая да я во. Так што...

— Ну, і няхай бы сястра глядзела тама.

— Дак... Але ж у мяне таксама сэрца ўвесь час не на месцы. Як пачула, што матка захварэла, то і пяклуюся з таго разу.

— Ну, то як хочаш сама, — перастала нарэшце ўгаворваць Анюту Жмэйдаву Дуня Пракопкіна, але дадала яшчэ яўна знарок: — А то ўдовам таксама трэба, каб нехта пожню касіў. Нездарма ж пяюць — на ўдоўчыным полі сабраліся работнічкі: мядзведзь карчом арэць, а воўк барануе...

— Ну, яе пожню дык яшчэ і Жмэйда старэйшы пакосіць. А вот нашы хто касіць будзе?.. — з нейкай непрыязнасцю падала голас Прося Рацэева, жонка таго самага Міколы Рацэева, што некалі пагнаў у Арлоўскую вобласць калгасных кароў ды так і не вярнуўся ў вёску.

— Не такі ўжо ён касец, як вам думаецца! — сказала на гэта Анюта.

Тады загаварылі іншыя кабеты. Але так, быццам употай адкусвалі па кавалачку ад грэшнага яблыка.

— Да ты не надта шкадуй яго, — пачала Гэля Шарахоўская, — свайго Жмэйду. У іхнім раду мала хто адну жонку меў за жыццё. Ета твой Ляксей чамусьці рана памёр, а то б і ён, можа, цябе перажыў некалі.

Але Анюта рашыла да канца бараніць мужаў род, нягледзячы, што жыла ў ім мала.

— Хто ета ў іх такі жанаты-перажанаты быў? — незалюбіла яна.

— Бытта не знаеш?

— А і не знаю!

— То папытайся во ў баб. Яны скажуць.

— Дык гавары ўжо сама, прасвяці, раз пачала.

— І скажу.

Але Шарахоўскай не давялося прасвятляць Анюту Жмэйдаву, якая, дарэчы, не горш за астатніх ведала, што наважвалася сказаць Гэля. Яе апярэдзіла Варка Касперукова, маленькая постаць якой кінулася на галасы сюды ажно з другой абочыны.

— Дак вунь хоць бы й дзядзька нябожчыка твайго, Ладымер. Не паспеў на кладзішча занесці адну, як у Гончу паехаў па другую,— сказала яна грэбліва, акурат Анюта сапраўды была вінаватая ў гэтым. — А назаўтра нават хваліцца стаў, моў, пажыву цяпера з маладою, дак пажыву! А то і смаку таго, жанатага, не знаў дасюль.

— Во, чаго захацеў, стары корч! — пырснула смехам ад нечаканасці Роза Самусёва. — Ужо амаль канае, а зелле хапае.

— Дзе тама? — смыкнула шчакой Варка Касперукова. — Ладымер той яшчэ зямлі пад сабой не чуе.

— Ат, Ладымер вам, бачу, свет засланіў, — нездаволена крутнула плячамі маладая ўдава, але ўжо без ранейшай зацятасці. — Калі моцны ды дужы, дак што яму? Свёкар вунь мой...

— А навошта твайму свёкру яшчэ адна, калі аўдавелая нявестка ў доме? Ты думаеш, людзі не чуюць і не бачаць? Ты во цяпера ідзеш матку праведаць. А чаму не саўсім да яе ідзеш? Што, цябе ў Верамейках дзеці трымаюць? Дак няма іх у цябе, дзяцей. А можа, вёска наша дужа спадабалася табе? Дак праверым во, ці горш тваё Трасціно за нашы Верамейкі.

— Ах вы вон пра што? — здзіўлена ўскінула вочы на Варку Касперукову Анюта, але не паспела абурыцца. З імклівага натоўпу вынікла ў першы рад Палага Хахлова, кабета намнога старэйшая, чым астатнія салдаткі, якая таксама ішла ў Яшніцу вызваляць з лагера свайго Івана.

— Во, нездарма кажуць, — сказала яна, — вушы завянуць у таго, хто падслухае бабскую размову. Што ета вы сянні, бытта здурнелі? Ай гаварыць няма больш пра што?

— Дак галоднай куме... — узрадавалася была гэтай абароне Анюта Жмэйдава.

Але Палага працягвала ўшчуваць сваіх спадарожніц, можа, нават не пачуўшы яе голасу:

— Ідзіцё ж сабе на добрую справу, дык і ідзіце. А то і праўда можна падумаць, што... Ажно смешна! Знайшлі каму пазайздросціць. Накінуліся на бедную ўдаву!

— Ну, во, — сказала, усё роўна як апраўдваючыся, Гэля Шарахоўская, — сама пачынала гаворку, а мы цяпера аказаліся вінаватыя. Ета ж ёй нечага зарупіла прымака мець. Ета ж яна хацела ведаць, ці праўда, тая баба з Гончы прывяла з Яшніцкага лагера ў дом сабе прымака.