Выбрать главу

— Раднёй лічышся, а таксама палохаеш.

— Гэта я для парадку. Службу нясу.

Паліцэйскі тут жа ступіў на абочыну, вызваліў дарогу.

Хоць і незразумела было, чаму ён рушыў у адну дарогу з імі, але салдаткі неўзабаве ўжо нібыта перасталі і зважаць на яго; прынамсі, паліцаева прысутнасць больш не выклікала ні ў кога насцярожанасці; хто ведае, можа, у яго таксама з’явілася патрэба адлучыцца з вёскі па нейкай справе? Так і ішлі яны колькі часу лясной дарогай — кабеты па сабе, а ён па сабе.

З жоўта-зялёнай папараці, што расла тут скрозь па сасновым лесе, нечакана выскачыў белалобы сабака з жоўтымі, акурат апаленымі плямкамі над вачамі і з нейкімі дзіўнымі, невыразнага колеру пежынамі па баках. Убачыўшы незнаёмых кабет, сабака вякнуў на іх, быццам таксама дзеля парадку, — маўляў, іначай нельга, бо што падумае гаспадар пра мяне; усё-ткі я перш за ўсё павінен гаўкаць, — тады кінуўся паліцэйскаму ў ногі, пачаў радасна лашчыцца. Вядома, нікога сваім нечаканым з’яўленнем не спалохаў. Ды і ці магла цяпер палохаць людзей такая істота, як сабака?! Тым больш што верамейкаўскія кабеты па-сапраўднаму спяшаліся, таксама, як спяшаліся б звычайна на кірмаш. Надзетыя, бадай, у самае лепшае, з хатылькамі ў руках, яны ўсе і выгляд мелі кірмашовы. Не хапала толькі, каб на сённяшні дзень прыпала храмавое свята.

Здавалася, паліцэйскі ўзрадуецца, што на падмогу яму прыбег сабака, але дарэмна. Наадварот, вусаты таўстун раптам узлаваўся нечага, выказваючы рукамі, жэстамі, выглядам прыкрую нецярплівасць, пачаў праганяць сабаку дамоў — спярша адпіхнуў ад сябе нагой, праўда, не тупым, зношаным наском ялавага бота, а шырокай, ссунутай гармонікам к нізу, халявай, але сабака зноў кінуўся яму ў ногі, тады ён зрабіў страшны твар і схапіўся за вінтоўку: «Пшоў! Пшоў адсюль!» Як і кожны разумны сабака, гэты таксама зразумеў, што гаспадару чамусьці не падабаецца ягоная прысутнасць, таму ён пакрыўджана падтуліў пад сябе хвост паміж задніх ног і зноў ціха гаўкнуў: уставіўшыся на чужых кабет, ды цяпер ужо, няйначай, у адчаі, што праганяюць. Але ў наступны момант увагу яго адцягнула на сябе вялікая шэрая птушка, што ўсё роўна як нежывая ўпала на дарогу, быццам ашмётак які, з падсечанай у камлі, таму аплыўшай смалою, сасны. Птушка гэта нагадвала нечым балотнага мышалова, мела такую ж, як і ён, загнутую кнізу дзюбку і доўгія ногі. Хоць яна і выклікала ўражанне, што падае ўніз, быццам амярцвелая, але як толькі апынулася на зямлі, дакранулася да яе нагамі, то адразу страпянулася, распасцёрла на ўсю шырыню крылы і зусім зварушліва, падскокваючы, пабегла ўперад па дарозе. Згледзеўшы яе, сабака тут жа забыўся і на гаспадара, і на кабет, кінуўся з усіх ног даганяць. Птушка таксама адчула небяспеку, таму не стала лішне выпрабоўваць лёс — ударыла аб зямлю крыламі і гэтак жа імкліва, як падала з дрэва, узляцела ўгору, але не памкнулася ў бок ад дарогі, а зноў села на самы макуш крайняй сасны. Падмануты паліцаеў сабака закруціўся каля сасны, і гучны брэх яго адзінока абудзіў ядраную цішыню ў лесе.

Да Ключа заставалася ўжо не так многа прайсці, калі на дарозе, якая выбілася левым бокам на край лесу, быццам грыб з-пад зямлі, вырасла чалавечая постаць. То быў немец. Няйначай, ён стаяў даўно тут, але верамейкаўскія салдаткі чамусьці ўбачылі яго толькі цяпер, калі апынуліся зусім блізка. Стаяў ён у кароткай, непрамакальнай куртцы з башлыком за плячамі, у суконных штанах, вузкія, амаль у абліпку калашыны якіх былі ўсунуты ў бліскучыя боты, і ў цёмна-сіняй пілотцы. На жываце вісеў аўтамат. Што гэта быў немец, кабеты здагадаліся адразу, бо паліцай ледзь не подбегам кінуўся да яго. Няйначай, што для паліцая знаходжанне тут гэтага немца наогул не з’явілася нечаканасцю. У кожным разе па тым, як прывычна і без насцярогі паводзіў ён сябе, можна было пэўна меркаваць толькі так. Значыць, гіцаль знарок суправаджаў іх сюды. Пакуль увішны паліцэйскі нешта тлумачыў немцу, паказваючы на жанчын рукой, тыя паспелі прыкмеціць непадалёку, крокаў за трыццаць ад крутога схону, за якім пачынаўся луг, самалёт з чорна-белым, нібыта рассечаным крыжам на фюзеляжы. Далей трохі вяла дымілася вогнішча, блізка ля якога знаходзіліся яшчэ два лётчыкі — адзін сядзеў, абхапіўшы каленкі рукамі, а другі напаўляжаў, падпёршы далоняй галаву.

Самалёт гэты — лёгкі бамбардзіроўшчык — сеў на касагоры ўчора, амаль ужо пад вечар. Атрымаўшы ў паветраным баі, што адбыўся недзе ў лукавіне Дзясны, некалькі вялікіх прабоін, ён не дацягнуў да аэрадрома, які размяшчаўся за Бялынкавічамі, недалёка ад вёскі Канічы, і сеў абы-дзе, нягледзячы, што наперадзе, за якога паўкіламетра, пачынаўся скошаны луг. Цяпер лётчыкі вартавалі бамбардзіроўшчык, чакаючы, пакуль прыедуць з аэрадрома авіятэхнікі. Наогул-та ім пашанцавала тут. Адразу, яшчэ ўчора, прыбег сюды гэты паліцэйскі, які, будучы на лузе, бачыў, як прызямліўся самалёт. Таму ноч яны правялі каля вогнішча, не зазнаўшы ні голаду, ні смагі. І ўжо зусім былі здзіўлены лётчыкі, згледзеўшы цяпер, як знаёмы паліцэйскі вяртаўся пасля начы на чале немалога гурту жанчын.