«Зі маль айнэн ан, — раптам ажно сеў, раскінуўшы ледзь не абапал вогнішча ногі, той лётчык, што трымаў галаву на далоні, — унзэр поліцыст хат унс айнэ унмасэ фон вайбэрн аўфгетрыбен. Е фюнф про латэ»6. Другі зарагатаў і сказаў: «Айн дынстайфрыгер нар іст гефэрліхер альс айн файнд»7. «Ляс, дас. Ды русэн хабен воль ір шпрыхворт ніхт аўф унс гемюнцт. Дэр флінке Ганс, пас нур аўф, лект зіх шон ды ліпен унд іст цум хартэн айнзац бэрайт. Гешвінд, гэр друдэр, дас вір пюпхен ніхт ферзоймен. Штэ аўф, зонст біст ду ам шайтэргаўфэн фэртыг геростет. Нун рыхтэн вір айнэ грандыозэ людэрцэмунг айн...»8 Але другі лётчык толькі паморшчыўся ад гэтых слоў, сказаў як не з гідлівасцю: «Дас паст мір ніхт ін дэн крам. Славішэ дорфмэдэльс зінд рехт шмутцых. Зіхер хабэн зі ніхт айнмаль хозэнцойг ам штайсэ ан. Штрайхт міх альзо аўз дэр лістэ, іх махэ ніхт міт. Ду унд Ганс аляйн, ір цайгт ойх ганц геваксен ойэр грандыозэн... Ін айнэм монат райзэ іх нах хаўзэ, да мус іх этвас гедульд хабэн. Эс вэрэ айнэ шайсэкле захэ майнэр Эльзэ вас унэрвюнштэс ін ды ташэ цу легэн»9. — «Ляс дас айнэ зорге зайн, — паціснуў плячыма яго таварыш. — Дас ду эс шпэтэр ніхт бедаўэрст. — Ён пружыніста ўскочыў на ногі, сунуў за шырокі рамень шлемафон і паблажліва ўсміхнуўся: — Інцвішэн муст ду вахэ шыбен»10.
Аднак дарэмна ён палохаў таварыша — у каравул таму станавіцца не давялося. Пакуль вялася ля вогнішча гэта размова, на дарозе ўсё было скончана.
Аказваецца, паліцэйскі там усяго толькі падбіваў вартавога адабраць у верамейкаўскіх кабет харчы, якія яны неслі з сабой, загарнуўшы хто ў каляровую хустку, хто ў вышываны ручнік. Вартавы хоць і не разумеў чужой мовы, але словы — сала, яйкі, мёд — хутка дайшлі да яго свядомасці. «Гут, гут», — паляпаў ён весела па плячы паліцэйскага і жэстам паказаў жанчынам, каб тыя выкладвалі ўсё на травяністую абочыну. Аднак ніхто з салдатак не спяшаўся рабіць гэтага. Яны адно пазіралі то на вартавога, то на паліцэйскага, быццам і сапраўды не здагадваліся, чаго ад іх хочуць. Тады паліцэйскі сам пачаў вырываць з рук хатылькі. Жанчыны не супраціўляліся. І толькі Жмэйдава нявестка кінулася тлумачыць паліцэйскаму, што яна не мае з сабой прысмакаў, бо ідзе да хворай маці.
— Не хлусі, паказвай і ты, што нясеш, — не паверыў той.
Але ў Анюціным ручніку і праўда нічога асаблівага не было, акрамя падгарэлай скваркі ды праснака.
Не вытрасеным пакуль заставаўся маленькі хатылёк велічынёй з прыгаршчы ў Палагі Хахловай. Яна трымала яго аберуч, прыціскаючы да жывата, і выглядам усім паказвала, што не збіраецца расставацца з ім. Да таго ж, і паліцэйскі ўсё роўна як не спяшаўся падступіцца да яе.
— Ну, а цябе я даўно прыкмеціў, — нарэшце сказаў ён. — Зараз паглядзім, якая ты смелая, ці будзеш глузды выбіваць.
Ён выставіў рукі, каб забраць і ў Палагі тое, што яна прыціскала ў хатыльку. Але Палага расшчапіла на жываце рукі і закінула хатылёк за спіну.
— Ну, ну! — пагразіў ёй паліцэйскі.
— Адыдзі! — узбурылася Палага.
— Зараз жа аддай, сцерва!
— Не чапай, а то! — абурана захітала галавой кабета. — Сыдзі з дарогі!
— Ах, так? — паліцэйскі паспрабаваў зайсці ёй ззаду.
Але дзе там! Палага раптам крутанулася і тыцнула хатыльком проста ў вусаты твар яму.
Адчуўшы моцны ўдар, які прыйшоўся акурат ніжэй лоба, паліцэйскі схапіўся рукою за нос.
Нехта з кабет утарапела войкнуў — ну і Палага!..
— Уцякайма! — крыкнула тады, як не сваім голасам, Роза Самусёва, і ўсе кабеты, акрамя Палагі, кінуліся спалоханай чарадой у лес.
Між тым Палага стаяла натапыраная, гатовая яшчэ раз ударыць паліцэйскага, калі той паспрабуе сунуцца да яе: нездарма ж яна вяла зацятую бойку з мужам! Ды і не спалохалася яна зусім, проста не думала, што трэба і ёй некуды бегчы адсюль.
Тым часам паліцэйскі агоўтаўся ад нечаканага ўдару і ўжо гатовы быў у шаленстве накінуцца на жанчыну. Яму нічога не складала ў момант расправіцца з ёю, прынамсі, так яму здавалася, бо якая б задзірыстая ні была гэтая кабета, а сілы на яе ў яго хапіла б. Але раптам вартавы немец, на вачах якога адбылося нечаканае здарэнне, гучна зарагатаў і стаў паміж Палагай і паліцэйскім. Што ім кіравала пры гэтым, сказаць цяжка. Можа, проста зрабілася смешна, што пажылая і вельмі нехлямяжая баба адважылася на ўчынак, які дагэтуль яшчэ ніколі не даводзілася бачыць яму. Тым больш што побач, на траве, ляжала даволі розных прысмакаў, якіх хапіла б нават на цэлую эскадрыллю, а не тое, што на трох.