— Вэг11, — адпіхнуў ён паліцэйскага і, павярнуўшыся да таго лётчыка, што якраз падыходзіў у гэты момант к дарозе, зноў зарагатаў.
— Хаст ду гезен, вас да лёс іст?12
— Айн шёнэс хандгемэнге. Да хаст ду кайн Ойропа. Ды зітэн зінд хірцуляндэ толь фэрлецт. Іх унд Вольфганг майнтэн, дас эр унс лібе дынге ін райхер аўзваль цум гекнуч геліферт13.
— Эс іст эбэн зовайт, — зусім весела сказаў вартавы. — Вас хіндэрт ойх дэн дран цу шпайзэн, да эс ойх шмэкт?14
— Ду дарфст дан зэльбер дызэ альтэ кахель кляінкрыген. — Ён сеў на дыбачкі і пачаў перабіраць рукамі слоікі, кавалкі сала, яйкі і іншыя смачныя рэчы. — Іх абэр хабэ вас андэрэс цу тун. О, гут, гут!15
— Ге шон вэг!16 — зрабіў злосны твар вартавы, паказваючы Палазе, каб тая выбіралася прэч.
Не выпускаючы з рук хатылёк, за які яна здолела ўсё-ткі пастаяць, Палага была памкнулася назад, але хутка абдумалася і рыўком, усё роўна як з неймавернай лёгкасцю, можа, не чуючы пад сабою і ног, кінулася паўз небяспечнае месца па дарозе наперад.
Паліцэйскі, вядома, не разумеў, чаму раптам немец не дазволіў яму даць сапраўднага пытлю гэтай задзірыстай сухарэбрыне (іначай ён і не думаў цяпер пра яе), аднак ад далейшай спробы адпомсціць ёй адмовіўся — збянтэжаны, ён зацяў у сабе злосць, якая ажно распірала яго, адно крыкнуў з абуранай прыкрасцю наўздагон:
— Нічога, я цябе яшчэ перастрэну, паскудніца! А не — дык і ў Верамейках адшукаю!
Здавалася б, чаго ўжо лепей — уцякай сабе як падалей ад заборцаўскага злыдня, таксама і ад немцаў, але не, Палага і тут не прамінула паказаць свой характар, павярнулася і гукнула зусім па-вясковаму ў адказ:
— Пацалуеш ты мне..! — Пры гэтым яна не пасаромелася ўслых дадаць і апошняе слова.
Ад бездапаможнасці, што нічога не можа зрабіць ёй, паліцэйскі прытворна хіхікнуў, маўляў, што ты з дуры бабы возьмеш, а тады паспешліва замітусіўся, кідаючыся памагаць немцам пераносіць да вогнішча нарабаваны ў верамейкаўскіх кабет харч. Ён нават знарок не глядзеў у той бок, дзе шыбавала па дарозе Палага, даганяючы збегшых таварышак.
К гэтаму часу тыя ўжо таксама ўзбіліся на дарогу, балазе, за паваротам з-за дрэў не было відаць ні немцаў з іх падбітым самалётам, ні паліцэйскага.
— Заб’юць тама адну Палагу, яй-богу заб’юць! — спахапілася, ледзь не ламаючы рукі, Гэля Шарахоўская.
Тады і другія кабеты занепакоіліся, хоць у саміх страх таксама яшчэ не прайшоў.
А Варка Касперукова з дакорам сказала:
— Ну, што ў яе тама ўжо было такое, што не захацела аддаць?
— Ага, — падтакнула ёй Анюта Жмэйдава, — добра, калі хоць скаромніна, а то й зусім, можа, гуркі-насеннікі.
Салдаткі гаварылі так — то асуджалі, то шкадавалі Палагу, а самі чуйна, з кволай трывогай, ад якой знібелі сэрцы, услухоўваліся, каб, не дай бог, і праўда не грымнуў у тым баку стрэл. Адбегліся яны не зусім далёка ад таго месца, дзе іх затрымаў немец, таму і Палазе Хахловай не складала цяжкасці дагнаць іх.
— А мы думалі... — убачыўшы нарэшце яе жывую і цэлую, толькі і сказала Гэля Шарахоўская, але пры гэтым чамусьці запытальна паглядзела на сваіх спадарожніц, быццам хацела, каб тыя пацвердзілі гэта.
Палага нікому не адказвала, толькі цяжка дыхала.
Кабеты памаўчалі колькі часу, усё роўна як даючы магчымасць ёй прыйсці ў сябе, аддыхацца, затым Дуня Пракопкіна сумна сказала:
— Давайце падумаем, бабы, як нам ісці далей.
— Дак мы ж дамовіліся, — насцярожылася Анюта Жмэйдава. — Пойдзем на Канічы, тады на Батаева.
— Я не пра ета!.. — не паглядзеўшы на яе, нахмурыла твар Дуня. — Я пра тое, ці варта нам цяпера зусім ісці ў тую Яшніцу.
— Як ета? — не зразумела яе Варка Касперукова.
— Дак, — Дуня паказала пустыя рукі. — Самім дайжа нічога няма на зуб пакласці, не тое, што мужа накарміць да выкуп за яго даць.
— Дуня праўду кажа, — як не ў адзін голас адразу загаманілі кабеты, быццам чакалі зручнага моманту, але, мусіць, не толькі таму, што немцы з дапамогай заборцаўскага паліцая нечакана адабралі ў іх прыпасы, разлічаныя на лагерную ахову; пасля таго, што здарылася з імі ў гэтым лесе, найбольш бянтэжыла невядомасць, якая чакала наперадзе; каб павярнуць назад, здавалася, не хапала аднаго прыкладу.
Гэля Шарахоўская выразна адчула гэта і памкнулася адвесці небяспеку. Чамусьці звяртаючыся толькі да Пракопкінай Дуні, яна з запальчывай горыччу, акурат моцна пакрыўджаная, сказала: