Выбрать главу

— А я пайду! Пайду хоць і ні з чым! А раптам Андрэй тама? Дак хоць пагляджу на яго, буду ведаць, што жывы, што не забіты. Тады другі раз прыйду. — Яе ўпартасць была больш чым пераканаўчая, і калі яна пасля кароткага перапынку, выкліканага ўнутранай усхваляванасцю, зноў кінула з дакорам: — Вы сабе як хочаце, а я пайду! — салдаткі зрушылі з месца.

Спыняцца на сняданак у Ключы не было з чым. Прыпадаючы на руках да крыніцы, жанчыны адно па чарзе напіліся халоднай вады, ад якой заходзіліся зубы. Латвей было тым, хто не пакладаўся цалкам на дарогу, ды яшчэ дома перахапіў чаго наперад, гэтыя і пілі цяпер з большым смакам.

Дагэтуль ніхто не ведаў, што брала каторая з сабой, а тут раптам, напіўшыся вады, пачалі як ні хваліцца.

— Мне ж свякруха напакавала-ткі торбу, — уздыхнула, выдаючы сакрэт, Галя Шарахоўская. — Здаецца, усяго хапала тама. Усе леташнія і сёлетнія прыпасы сабрала. Нават груздоў салёных слоік не пашкадавала. Во недзе раскашуюць цяпера немцы!

— Да й паліцай, мусіць, не застанецца ў накладзе, — акурат зайздросцячы, сказала Анюта Жмэйдава.

— Ну, тваім ужо дак наядуцца яны, — насмешліва кінула ёй Анэта Прыбыткова, помнячы, як тая паказвала паліцэйскаму акраец з падгарэлай скваркай.

А Гэля Шарахоўская раптам прызналася:

— Добра, што немцы хоць не здагадаліся пра мае залатыя пяцёркі. Я іх пад цыцку сунула, дак дзе тама здагадацца. Столькі берагла!.. Яшчэ матка, нябожчыца, на пасаг давала.

— Ну во, аказваецца, у Гэлі і золата ёсць! — павяла па ўсіх прыжмуранымі вачамі Анюта Жмэйдава.

— Дак у Шарахоўскіх, можа, яшчэ і не ета знайшлося б, каб добра пакапацца, — засмяялася Варка Касперукова, але без асаблівага намеру, проста так.

— Нягож, цэлыя гаршкі ў бяросце з золатам стаяць! — смыкнула ад прыкрасці Гэля, ужо не радая, што прызналася.

— Ета міліцыянеры не ведалі, каго на вочапе ў калодзеж апускаць, — азвалася тады Прося Рацэева. — Трэба было адразу за Шарахоўскіх брацца, а яны дзеда майго ў калодзеж пасадзілі.

— Але ж таксама не дарэмна! — усклікнула Анюта Жмэйдава.

— А табе адкуль ведаць? — незалюбіла Прося.

— Дак расказвалі ж...

— Ці мала чаго могуць нагаварыць. А ты плявузгаць будзеш.

— Сціхніце вы, бабы, — нарэшце не ўцерпела Палага Хахлова і чамусьці нахіліла да пляча галаву, зрабіўшы пры гэтым пакутлівы твар. — А то дагаворыцеся, што адна адной пасля голае месца паказваць будзеце. Усяго вам шкода. Усяго ў вас хапала. А мне вось свайго,— паказала яна вузельчык, — дык і нічуць не шкода, хоць я яго і не аддала немцам. Бо няма тут нічога такога, каб шкадаваць. Адзін кавалак сала і той без хлеба. Цяпера як будзем есці яго? Не панясу ж я ў Яшніцу яго, раз усе галодныя будуць. Нябось, самі хутка вырвеце з рук.

— Ну што ты, Палага! — паспрабавала суняць яе Анэта Прыбыткова.

— А то я сама не ведаю, што трэба падзяліцца. Зараз во зойдзем за Бялынкавічы да й падсілкуемся разам. Балазе і вада тама ў Бесядзі знойдзецца.

— Вады і етай, што ў Ключы напіліся, ужо да самага вечара хопіць, — засмяялася раптам Роза Самусёва, здаволеная Палагінай пакладзістасцю.

— Нічога, яшчэ не раз захочаце. Вечар далёка. А сала маё, каб ведалі, леташняе. Солі на ім столькі, што й нажом не саскобліш. Так што...

Ужо на выхадзе з лесу, якраз як збочыць на другую дарогу, што вяла паўз Калодліва на Бялынкавічы, вачам кінулася дашчэчка, прыбітая ў чалавечы рост на бярозе. Завостраным канцом дашчэчка гэта паказвала ў той бок, куды кіраваліся верамейкаўскія жанчыны. Рускімі літарамі ў некалькі радкоў на ёй паведамлялася, што бліжэйшыя лагеры «для чырвонаармейцаў і камандзіраў, якія не паспелі здацца ў палон», размешчаны ў бліжэйшых населеных пунктах. Другой сярод іх была ўказана Яшніца.

— Ну во, — зніякавела ўскінула бровы Дуня Пракопкіна, — тута будзеш тыдзень шлындаць па етых лагерах і ўсе не абыдзеш!..

ІХ

Торгаючы лейцамі, Брава-Жыватоўскі выкіраваў каня на вясковую вуліцу і павярнуў яго налева, каб ехаць у Бабінавічы па канаплёўскім канцы. Спярша ў Зазыбы з’явілася жаданне паправіць Брава-Жыватоўскага, бо не хацелася разам з ім ехаць на віду ўсёй вёскі, да таго ж і дарога сюды была даўжэйшая, акурат на такую адлегласць, колькі займала вуліца, аднак у час перадумаў — можа, паліцэйскі меў намер па шляху забегчы яшчэ дамоў. Але дарэмна. Той не спыніў каня насупраць сваёй хаты. Значыць, ён проста спачатку ўзяў сабе ў галаву ехаць у мястэчка кружна, паўз Халахонава хацішча. Праўду сказаць, у выбары дарогі не апошнюю ролю магла адыграць і прывычка, бо канаплёўцы заўсёды кіраваліся ў Бабінавічы гэтым шляхам.