Зазыба чакаў, пакуль наблізяцца немцы, усё больш пранікаючыся тым, што адбывалася на яго вачах; ураўнаважанасць, можа, нават і сапраўды спакойнасць, з якой ён адкрыў для сябе блізкую прысутнасць немцаў, паступова пакідала яго, і ён самым звычайным чынам пачынаў хвалявацца: мусіць, настрой аднавяскоўцаў паступова перадаўся і яму. Як перад вялікім выпрабаваннем, Зазыба глянуў з невыразнай надзеяй па два бакі ад сябе. Справа, амаль прыхінуўшыся да яго пляча, стаяў і таксама не зводзіў палахліва здзіўленых вачэй з немцаў Парфён Вяршкоў. Ад таго, што поруч апынуўся менавіта гэты чалавек, зрабілася хораша на душы ў Зазыбы, вядома, у такой ступені, якую дазвалялі час і акалічнасці, але Зазыба схільны быў прызнаць, што якраз Вяршкова і спадзяваўся ён убачыць бліжэй за ўсіх. Прыкмеціў Зазыба ў натоўпе сярод баб і Марфу сваю. Гэта здзівіла ажно — не думалася, што і яна тут. Марфа стаяла трохі наўскасок і ззаду, але, здавалася, зусім не талопіла вочы, як іншыя, на немцаў, якія ўжо міналі крыніцу, нібыта ў душы яе перад імі не было страху. Позірк яе бліскучых вачэй быў скіраваны на мужа. У ім Зазыба прачытаў недаўменне, усё роўна як Марфа не разумела чагосьці і вось лавіла момант, каб дазнацца пра тое ад мужа. І яшчэ Зазыба ўбачыў — і гэта выклікала ўсмешку, якая хоць і не паспела адбіцца на твары, але пэўна што была недарэчнай: як хаваюць пад сябе квочкі ад спорнага дажджу ці небяспечнага коршуна куранят, так і верамейкаўскія бабы, жагнаючыся ў роспачы, гатовы былі ратаваць цяпер сваіх дачок, адно ставала б на тое андаракоў ды спадніц...
Мала не наскочыўшы на ўтрапёны натоўп, коннікі раптам асадзілі скакуноў. Васьмёра з іх трымалі напагатове кароткія, быццам урэзаныя, карабіны. Дзевяты быў афіцэр. Пра гэта можна было здагадацца нават па шапцы з высокай тулляй, на аколышку якой блішчала вакол чырвонага, быццам запаленага з сярэдзіны, вочка дубовае лісце кукарды з шасцю маленькімі жалудамі. Выгінаючы шыі, рысістыя коні з закручанымі ў куксы хвастамі струнілі нагамі, ледзь не становячыся на дыбкі ад напятых павадоў, і моцна секлі падковамі набрынялую атаву. Здавалася, адно паслаб хто з коннікаў повад, як разгарачаны конь ірванецца з пенай на зубах далей у натоўп і пачне ўтоптваць у зямлю безабаронных людзей. І ўжо не дай бог, калі гэта зробяць усе разам...
Насупленыя коннікі агледзелі зверху натоўп і, не вылучыўшы ў ім нічога вартага ўвагі альбо проста падазронага (гэта найперш, бо сярод мужыкоў стаялі нават два паліцэйскія з павязкамі на рукавах), пачалі раптам выскаляцца адзін да другога: мусіць, недарэчнымі і смешнымі ў сваім утрапенні здаліся ім вясковыя людзі, што стаялі насупраць забітага лася, але ні адзін з іх не памкнуўся павесіць — няйначай, без каманды — карабін на плячо. Тым не менш гэтыя дурнаватыя салдацкія ўсмешкі ўжо як не пачыналі здымаць тое ўтрапенне з верамейкаўцаў, бо той-сёй ажно стаў разяўляць — і, пэўна ж, па-дурному, зусім неўсвядомлена — рот, паказваючы па прыкладу коннікаў зубы і пераглядваючыся. Але маўклівасць не знікала аж да таго моманту, пакуль не зачмыхаў блізка запылены «Хорх», прывёзшы на ўхаладзелы сухадол смурод адпрацаванага бензіну, выпушчанага вонкі дыму і пах нагрэтай фарбы, што ільснілася, быццам спацелая, на нізкай шасцікутнай вежцы, спераду якой кратаўся кулямёт. Тады нібыта пасмялеў афіцэр. Выпрастаўшы калена і стаўшы на левае стрэмя, ён гопнуўся на рыпучым жоўтым сядле, спрытна перанёс цераз канёў крыж правую нагу ў глянцаваным, цалкам кавалерыйскім боце, на абцасе якога бліснула ў вочы сялянам серабром звонкая шпора. Калі афіцэр, ужо стоячы абедзвюма нагамі на зямлі, аддаў другому конніку, што трапіўся бліжэй да яго, повад свайго мышастага, але трохі цяжкаватага на выгляд скакуна і рушыў да верамейкаўцаў, знарок ляпаючы па левай далоні, быццам шпіцрутэнам, плёткай-валасянкай, усе ўбачылі, што гэта быў цыбаты чалавек з кароткім тулавам, якое пачынала тлусцець, можа, якраз на вольных акупацыйных харчах, бо з куртатага кавалерыйскага фрэнча шэрага колеру неяк па-качынаму выпіраў жывот, нават не жывот, а пакуль усяго рахітычнае пузца; галава ў афіцэра была вушастая, з кароткай, да самай чырвонай скуры, стрыжкай і дробная, акурат у падлетка, таму і вуграваты твар яго з невыразнымі рысамі здаваўся па-дзіцячы маленькім і нязлосным; прынамсі, гэты нямецкі афіцэр выглядам сваім нават і трохі не нагадваў таго дабрароднага тыпу, які належаў па «сістэме прыроды» да германскай расы. Праўда, апошняя акалічнасць зусім абыходзіла верамейкаўцам. Тыя не толькі не мелі магчымасці займацца цяпер такімі антрапаграфічнымі назіраннямі, але і няздольныя былі наогул па сваёй недасведчанасці, можа, за выключэннем аднаго Брава-Жыватоўскага, які ў адрозненне ад іншых аднавяскоўцаў, што прысутнічалі тут, з большай зацікаўленасцю, а дакладней, ужо амаль свядома ставіўся да ўсяго прачытанага і пачутага. Але ў Брава-Жыватоўскага галава была занята другім. Скеміўшы, што афіцэра, няйначай, прывабіў застрэлены лось, паліцэйскі, як прадстаўнік аховы парадку ў вёсцы, кінуўся праз натоўп мужыкоў ды баб расчышчаць шлях, быццам не спадзяваўся, што тыя самі не здагадаюцца альбо, яшчэ горш, не захочуць расступіцца перад немцам. Аднак дарэмна — мужыкоў гэтаму вучыць не трэба. Не паспеў афіцэр зрабіць першыя крокі, а вяскоўцы ўжо заклапочана заварушыліся. Папіхаючы задамі адзін аднаго, яны адхіснуліся на бакі, утвараючы праход да лася. Ды так шырока, каб афіцэр не толькі не зачапіўся ненарокам за каго-небудзь, а і не дастаў плёткай. І пакуль ён няспешна, па-буслінаму, тупаў па гэтым праходзе, чыркаючы шпорамі па мурагу і не перастаючы ляпаць па далоні распушанай на канцы, быццам хвост нейчы, плёткай, з яго няскладнай постаці не зводзілі позіркаў багата сялянскіх вачэй, насцярожана-недаверлівых і ліслівых, спалоханых і хітравата-пагардлівых — гэта ўжо цалкам залежала ад таго, як хто разумеў сваю грамадзянскую годнасць ці нават, калі хочаце, сваю ўяўную вінаватасць перад акупантамі: урэшце, не маглі ж аднолькава глядзець на гэтага афіцэра, напрыклад, савецкі патрыёт Зазыба альбо перакідлівы і беспрынцыповы абібок Драніца, добраахвотны паліцэйскі Брава-Жыватоўскі альбо мнагадзетная старшыніха Гаўрыліха... Нарэшце афіцэр дакрочыў да забітага звера і спыніўся блізка ля ўзгалоўя. Тады зноў кінуўся дагаджаць яму Брава-Жыватоўскі.