Выбрать главу

— Дык а ўсё-ткі, — адарваў Зазыбу ад гэтых думак Брава-Жыватоўскі, — ты не адказаў мне. Што б ты рабіў са мной, каб раптам апынуўся цяпер на маім месцы, а я вось гэтак, як ты, палохаў цябе?

Зазыба паціскаў вялікім і ўказальным пальцамі левай рукі на вачах павекі, быццам тыя пяклі ад бяссонніцы, тады перастаў і глыбока ўсміхнуўся.

— А нічога, — сказаў ён роўным голасам.

— Няўжо?

— Можаш паверыць. Бо навошта б мне было гэтым займацца. Ты ж дэзерцір, ну, а дэзерціры падлягаюць вайсковаму трыбуналу. Так што, я проста быў бы пазбаўлены нават магчымасці прымаць удзел у вырашэнні твайго лёсу.

Дзіва, але Брава-Жыватоўскага гэта ніколькі не збянтэжыла, няйначай, за час акупацыі ён паспеў ужо грунтоўна абдумаць сваё становішча, прызвычаіцца, таму гатовы быў да любога павароту падзей, цалкам пакладаючыся на шчаслівую планіду.

— Значыць, ратунку не будзе? — валодаючы сабой, спытаў ён яшчэ, але адказу чакаць не стаў, пачаў, акурат зняверана, успамінаць: — А на спаса ты не такі катэгарычны быў, Зазыба. Помніш, нават надзею нейкую наперад даваў?

...Гэты раз народу на вуліцах у Бабінавічах было больш чым калі. Мусіць, мястэчка паступова прызвычайвалася да жыцця ў акупацыі, прыціралася да новых умоў. Але што адразу запала Зазыбу, дык гэта адсутнасць на выганах, у прамежках паміж дварамі хатняй жыўнасці — не тое, што раней, калі толькі і асцерагайся, каб не наехаць неўзнарок то на свінню з плоймай тлустенькіх парсючкоў, якая магла разлегчыся карміць іх проста на дарозе, то яшчэ на якую-небудзь жывёліну, якая таксама вольна адчувала і паводзіла сябе, не кажучы пра курэй ды гусей, якім і зусім ніякай забароны не было. Нават сабакі і тыя не кідаліся сёння з падваротняў услед.

Немцаў верамейкаўскія вазакі ўгледзелі тады, як уз’ехалі на галоўную местачковую вуліцу, што вяла з гэтага боку паўз вялікі, яшчэ ад панскіх часоў сад на кірмашовую плошчу, што ля царквы. Немцы таксама ехалі на возе, але насустрач. Было іх тры. Адзін, седзячы з нагамі ў перадку, паганяў лейцамі вялізнага каня, які ледзьве ўмяшчаўся ў аглоблях, а два другія сядзелі паабапал і размаўлялі паміж сабой, часам паварочваючы да фурмана галовы. Прыкмеціўшы немцаў, Брава-Жыватоўскі яшчэ здалёку заварушыўся на возе, сунуў у рукі Зазыбу лейцы.

— Цяпер ты, — сказаў ён.

Зазыба ўзяў лейцы, але з усмешкай падумаў, што Брава-Жыватоўскі, няйначай, гэтым хоча зрабіць выгляд перад немцамі, паказаць сябе як мае быць аж да таго, што мае ўласнага фурмана. Але па тым, як паліцэйскі пачаў адстаўляць далёка ад тулава локаць з павязкай, стала неўзабаве зразумела, што яго непакоіць зусім іншая рэч. Аказваецца, Антон баяўся, каб немцы не палічылі яго з вінтоўкай за выпадковага, варожа настроенага да іх чалавека. У сувязі з гэтым на памяць Зазыбу прыйшло здарэнне ля верамейкаўскай крыніцы. Тады Брава-Жыватоўскі ўвесь час таксама стараўся трымаць на віду гэтую руку з паліцэйскай адзнакай. Аднак абачлівасць яго не дапамагла. Ад цяперашняй згадкі Зазыбу зрабілася яшчэ больш смешна, але, каб дарэмна не злаваць Брава-Жыватоўскага, ён не падаваў адкрыта выгляду, смяяўся ў душы — маўляў, сапраўды свае свайго не пазнаюць!..

Тым часам вазы размінуліся на шырокай местачковай вуліцы, і Зазыба з раўнівым пачуццём, быццам яго знарок і неспадзявана ашукалі, адзначыў для сябе, што немцы нават вокам не кінулі ў іх бок, а праехалі міма, бесклапотныя, цалкам захопленыя сабой.

Калі Брава-Жыватоўскі з Зазыбам пад’ехалі да камендатуры, якая размяшчалася ў былым будынку сельскага Савета, там ужо сядзелі на лаўках, што па два бакі высокага, крытага ганка, выкліканыя на нараду да каменданта з мястэчка і навакольных вёсак старасты, таксама старшыні калгасаў, дзе такія засталіся, напрыклад, бабінавіцкі Абабурка, і іншыя добраахвотныя і прымусовыя чыны валасной управы. Усяго тут, разам з паліцэйскімі, сышлося чалавек дваццаць. Як меркавалася немцамі, яны павінны былі дапамагаць устанаўліваць у вёсках па два бакі Бесядзі «новы парадак».