Выбрать главу

Акрамя Абабуркі, якога Зазыба добра ведаў па даваенных нарадах, ён убачыў яшчэ Захара Доўгаля, што быў старшынёй калгаса ў Гончы, таксама даўняга актывіста Аўдзея Хрупака з Ніжняй Варонаўкі. Наогул, знаёмых твараў кінулася ў вочы нібыта і больш, чым два гэтыя, але хто яны, Зазыба пэўна сказаць не мог, каб спыталі, хоць пераконаны заставаўся, што яму раней усё-ткі даводзілася сустракаць іх. Затое Зазыба мог пацвердзіць адно: гэтыя людзі, акрамя трох — Абабуркі, Доўгаля і Хрупака, не мелі дачынення раней ні да кіраўніцтва гаспадаркай, ні тым больш да актыўнай грамадскай дзейнасці. Мусіць, належалі яны да такіх добраахвотнікаў, што і Брава-Жыватоўскі, калі, вядома, не да такіх, як сам Зазыба. У кожным разе, гэтую акалічнасць, хто і як тут апынуўся, можна было высветліць і пасля.

Абабурка, між тым, згледзеў Зазыбу таксама хутка, яшчэ тады, як той лаштаваў каня паміж вазоў, але нібыта спалохана тут жа адвёў вочы, няйначай, не хацеў сустрэчы пры гэтакіх абставінах. Затое Захар Доўгаль падышоў адразу, па старой звычцы, зусім без унутранай скаванасці, паважна падаў руку для вітання.

— Цябе таксама паклікалі? — спытаў ён, але як пра штосьці звычайнае.

Хаваючы супраць свайго жадання вочы, Зазыба адно кіўнуў у адказ галавой.

Было чуваць, як на ганку, смеючыся, нехта расказваў:

— Дык я й кажу, едзе ета Адольф па дарозе за нашай Слабодкай, а тама мужык поле арэ пад зябліва. Дуцік, можа, чуў? Ну, і як бывае звычайна, на заваротах плуг на руках патрымаць не хоча. Лянуецца. Дарогу таксама калупае. Вядома, што Адольфу дрогка па такой дарозе ехаць. Вось ён і падзывае Дуціка да сябе. Кажа: «Я цябе зараз навучу, як поле араць, маць тваю так!» — ды шомпалам, шомпалам.

— Ну, што шомпалам з’ездзіў, ета не дзіва, — згаджаўся другі хтосьці, — з шомпалам ён не расстаецца, можа, нават і спаць кладзецца, а вось што па-мацеры... У немцаў жа не такая лаянка, як у рускіх.

— Затое другая ёсць. Як ета?..

— Ат, у іх адно гунд ды гунд, швайн ды швайн17.

Захар Доўгаль прыслухаўся да галасоў на ганку, задзірліва ўсміхнуўся:

— Вось як легенды складаюць. Звычайны садыст і самадур, а яго авечыя душы за руплівага гаспадара выдаюць, за настаўніка.

— Ладна, няхай байдуны захапляюцца, няхай цешацца, пакуль самім не папала ад Адольфа, — падміргнуў яму Зазыба і мякка ўзяў за локаць: — Лепей скажы, як вы там у сваёй Гончы?

— Ды, мусіць, горш, чым вы ў Верамейках. Мы ж не паспелі падзяліць гаспадарку. Так і жывём калгасам. А я, бачыш, старшыня. От зараз паслухаем, што нам Гуфельд скажа, якія ў яго планы на наш конт. А цябе што, старастам верамейкаўцы выбралі?

— Не, бог мілаваў. Ды і наогул не займаліся яшчэ такой справай, як выбары новай улады. Абыходзімся адным паліцэйскім.

— Але пасля нарады ты не спяшайся, пабудзем недзе разам, — у мяне справа да цябе, ды не для чужых вушэй.

Прыехаўшых на нараду паклікалі ў камендатуру.

— Хадзем і мы, — сказаў Захар Доўгаль.

— Няхай другія зойдуць, а мы паспеем.

— Не баішся, што пазаймаюць месцы? — жартам спытаў Доўгаль.

— Нічога, пастаім.

Некалі, гадоў пятнаццаць таму, будынак гэты перавезлі ў Бабінавічы з Палужа, правага прытока Бесядзі, дзе яго абсталёўвалі пад млын. Але не скончылі. Калі ў мястэчку спатрэбіўся другі будынак для сельскага Савета, амаль ужо гатовы млын разабралі і перавезлі на конях сюды, пераабсталяваўшы яго знутры паводле новага плана. Цяпер у ім была вялікая зала, у якой праходзілі сесіі сельскага Савета і розныя іншыя ўрачыстасці, таксама меліся прыёмны пакой, дзе сядзеў сакратар Савета, і кабінет старшыні — прасторны пакой на тры акны па адной сцяне. Перш чым трапіць у залу пасяджэнняў, дарэчы, як і ў кабінет старшыні, належала прайсці праз прыёмны пакой, перагароджаны, акурат у ашчаднай касе ці на пошце, лесвіцай-парэнчай з адмыслова вытачанымі драўлянымі балясінамі.

Немцы таксама не памянялі ўнутрунага абсталявання ў будынку, пакінулі ўсё ў ім без змен. Розніца была толькі ў тым, што за перагародкай у прыёмным пакоі цяпер сядзеў немец у чыне унтэр-афіцэра, а кабінет старшыні займаў Гуфельд.

З боку новых гаспадароў будынка адчувалася ветлівая ласкавасць, нават пры ўваходзе ў залу пасяджэнняў стаяў малады салдат, паказваў рукою дарогу гасцям, маўляў, не саромцеся, праходзьце.

Рассаджваліся тубыльцы па радах доўга і шумна, тым больш што ніхто не падганяў і не перашкаджаў. Нават і тады, як усе расселіся і, здавалася, угаманіліся ўжо, а ў зале запанавала адносная цішыня, ім яшчэ доўга давялося чакаць каменданта. Нарэшце парог пераступілі адзін за адным два чалавекі. Адзін быў у цывільным — сярэдняга росту, таксама, мусіць, сярэдніх гадоў, прынамсі, маладым назваць яго нельга было ні ў якім разе, нават з першага, вельмі кароткага знаёмства. Здавалася, ён зусім без цікавасці павёў цёмнымі вачамі па зале. Але абыякавы выгляд яго быў падманлівы, бо ўважліваму чалавеку хапіла адно злавіць на сабе гэты нібыта не цікаўны позірк, каб пераканацца ў адваротным — за вонкавай абыякавасцю, нецікавасцю ў глыбіні вачэй яго хавалася жывая думка і тая асаблівая ўчэпістасць, тая праніклівасць, што дазваляе ў адзін момант багата што ацаніць і зразумець. Другі немец быў у вайсковым. У адрозненне ад цывільнага, гэты вылучаўся вонкавай сабранасцю, вядома, як і належыць вайскоўцу, нягледзячы на саракагадовую паўнату, у ім нават па выгляду можна было адчуць рухавасць і спрыт чалавека, які пакуль ні ад чаго не збіраўся адмаўляцца ў жыцці. Зайшоўшы ў залу, ён адразу нечага ўсміхнуўся і першы рушыў ад дзвярэй па вузкім праходзе з левага боку да доўгага стала на памосце, які нагадваў заніжаную сцэну. Па тым, што ў руцэ вайсковец трымаў, быццам стэк, звычайны шомпал ад пяхотнай вінтоўкі, няцяжка было здагадацца — камендант Гуфельд.