Выбрать главу

Мусіць, гэтая, апошняя акалічнасць не мела для каменданта ніякага значэння, бо ён тут жа няверліва глянуў на цывільнага, штосьці абурана сказаў. Але той не стаў тлумачыць камендантавы словы мужам даверу, толькі ўсміхнуўся.

— У якім стане цяпер гаспадарка? — хутка пераклаў ён наступнае камендантава пытанне.

— Усё падзелена, — адказаў Зазыба. — Калгаснікі працуюць аднаасобна.

— Але не думайце, што мы не высветлім, хто вінаваты ў гэтым, — папярэдзіў камендант, і па тым, як паглядзеў таксама і на Брава-Жыватоўскага, стала зразумела, што цяпер ён ужо меў на ўвазе не аднаго Зазыбу. — Дарэчы, гэта датычыць не адных верамейкаўцаў. Я адзначаў, што без нашага дазволу пачалі дзяліць калгасы і ў іншых вёсках. Таму каб ведалі — вінаватых будзем шукаць паўсюды. А вы можаце сесці, — літасціва дазволіў ён верамейкаўцам.

Тыя апусціліся на свае крэслы.

Пакуль Зазыба рыпеў ды ўлаштоўваўся на месцы, Захар Доўгаль паспеў нахіліцца да пляча яму, прамовіць шэптам:

— Нездарма кажуць — раз не здолеў адсекчы руку свайму ліхадзею, то мусіш цалаваць цяпер яе.

— Нам засталося абгаварыць з вамі яшчэ некалькі важных пытанняў, — перабіраючы паперкі, сказаў, між тым, камендант. — Хутка вы пачнеце атрымліваць ад нас розныя цыркуляры, згодна якіх будзеце дзейнічаць. Адміністрацыйная будова па воласці зацверджана такая: у самой воласці — управа, у якой бургамістр, пісар, рахункавод, аграном, таксама валасная паліцыя парадку; у вёсцы — стараста, намеснік валаснога агранома, адзін паліцэйскі з разліку на дваццаць — трыццаць двароў. У нас ужо ёсць бургамістр. Гэта — пан Брындзікаў. Прывітайце яго.

На сваім месцы ў першым радзе заварушылася і ўстала на ўвесь рост ссутуленая постаць бургамістра, былога старшыні сельспажыўсаюза.

— Ёсць пісар, — працягваў камендант, — ёсць рахункавод. Прыйшлі добраахвотнікі ў паліцыю. Такім чынам, што належыць валасной управы, то тут у нас усё як мае быць. Але яшчэ не ў кожнай вёсцы па воласці ёсць старасты. Не выбраны намеснікі валаснога агранома. Праўда, мы з гэтым свядома затрымаліся трохі, бо там, дзе засталіся на месцы старшыні калгасаў, усё кіраўніцтва па адміністрацыйнай частцы выконваюць яны. Цяпер неабходна паскорыць выбранне стараст там, дзе былі распушчаны без дазволу калгасы. Трэба таксама ўлічыць, што не хапае і паліцэйскіх. Я падкрэсліваю, на кожныя дваццаць — трыццаць двароў для аховы парадку трэба мець па адным паліцэйскім, значыць, на вёску ў сто двароў у выніку неабходна набраць не менш як пяць. Парадак павінен строга захоўвацца. Нездарма ж мы назвалі паліцыю — паліцыяй парадку. На гэтым я скончыў.

Перакладчык мала пазніўся паўтараць за ім па-руску, таму цішыня ў зале ўсталявалася ледзь не адразу.

— Калі ёсць пытанні, — сказаў ён пасля ўсяго, — пан камендант з задавальненнем адкажа вам.

Першы памеў цікавасць да нечага смуглявы чалавек, што сядзеў побач з Абабуркам.

— Скажыце, — адкашляўся ён, — а якая адміністрацыйная будова ўлады ўстаноўлена ў раёне?

— Я адкажу, — выслухаўшы пераклад, кіўнуў галавой камендант. — Па-першае, раённая ўправа, якая мае аддзелы — народнай адукацыі, фінансаў, а таксама сельгасгрупу, якой падпарадкаваны нарыхтоўчыя і падаткавыя органы. Па-другое, у раёне функцыяніруюць вайсковыя ўлады, якім падпарадкавана і грамадзянская адміністрацыя.

— Тады скажыце, пан камендант, — не садзіўся Абабуркаў сусед, — як будзе падатак цяпер устанаўлівацца, па якіх нормах?

— Гэтае пытанне яшчэ як след не распрацавана, — адказаў камендант, — але хутка і тут будзе ўнесена яснасць. Хутчэй за ўсё для большай зручнасці, пакуль не адбыўся пераход на індывідуальнае землекарыстанне, будуць выкарыстаны матэрыялы савецкіх камітэтаў па нарыхтоўках, у аснову якіх лягуць нормы былых дзяржаўных паставак па ўсіх відах падатку. Разам з тым я хацеў бы сказаць, што найбольш востра цяпер стаіць пытанне не аб падатках, а аб уборцы ўраджаю. Асабліва ў калгасах. Што ж датычыць аднаасобных гаспадарак, як тых, якія дасталіся нам ад Саветаў, так і тых, што ўтварыліся ўжо ў новых умовах, то і тут будуць вызначаны адпаведныя нормы. Зразумела?

— Так.

У другім канцы залы, ці не з самага апошняга рада крэслаў, таксама пачуўся голас:

— Я так зразумеў вас — раз у раённай управе створаны аддзел народнай адукацыі, значыць, і вучоба ў школах будзе адноўлена. Калі гэта можа адбыцца? Звычайна ў нас у школах заняткі пачыналіся з першага верасня, а тут ужо тэрмін даўно сышоў.

— Так, сапраўды, — паслухаўшы пераклад, усё роўна як узрадаваўся Гуфельд.— Новая ўлада адукацыі вашага народа будзе надаваць не менш значэння, чым гэта рабілі бальшавікі. Але больш падрабязна вам на гэта пытанне можа адказаць ваш бургамістр. Пан Брындзікаў, падыдзіце сюды, да стала, і раскажыце мужам даверу ўсё як ёсць. Вы ж, здаецца, былі ўжо на школьнай нарадзе ў Крутагор’і?