Выбрать главу

Бургамістр выйшаў наперад, паказаў прысутным свой чырвоны, добра адкормлены і адпоены ў спажывецкіх крамах твар.

— Так, — паспешліва пачаў ён старацца, быццам нечага непакоіўся, — мы ў управе ўжо маем сякія-такія інструкцыі на гэты конт. Пачатковае і народнае школьніцтва мае быць цалкам бясплатным. Належная ўвага будзе нададзена таксама разбудове і ўдасканаленню агульнага і спецыяльнага сярэдняга навучэння. Што ж датычыць тэрміну, то тут сапраўды мы ўсе ў раёне спазніліся. Давядзецца пачаць вучобу ў школах пазней: калі не да першага кастрычніка, то недзе ў лістападзе ўжо абавязкова трэба правесці ўкамплектацыю школ і настаўнікамі, якіх, дарэчы, мала засталося ў раёне, і навучэнцамі.

— Тады скажыце яшчэ, — пачуўся другі голас, ужо бліжэй да Зазыбы; належаў ён смугляваму чалавеку ў цёмна-сіняй сацінавай кашулі са стаячым каўняром. — Якія прадметы будуць выкладацца ў школах?

— Нямецкая мова, гэта найперш, — пачаў пералічваць бургамістр, — затым закон божы, хімія, фізіка, батаніка, заалогія, арыфметыка з алгебрай і геаметрыяй, ну, і руская мова, вядома.

— А беларуская?

Мусіць, бургамістр не меў на гэты конт пэўных інструкцый, бо адразу павярнуўся да каменданта. Той доўга, ажно занадта доўга слухаў перакладчыка, некалькі разоў нават перапытваў яго пра штосьці, нарэшце з ухвалой заківаў галавой.

— Пан камендант лічыць, — глянуў у залу перакладчык, — што з боку германскіх улад, як і паабяцана ў звароце генеральнага камісара Беларусі, не будзе рабіцца перашкод, каб у школах вывучалі мясцовую мову. Але вам усім трэба ведаць, што раён ваш пакуль што належыць да вобласці ваенных аперацый.

— Зразумела, — сумеўся смуглявы чалавек, але не сеў на крэсла.

Зазыба раўніва ўсміхнуўся сабе:

«Падлавіў жа, халера!»

— І апошняе пытанне, — сказаў смуглявы. — Па якіх падручніках будзе весціся ў школах навучанне? Якога можна чакаць матэрыяльнага забеспячэння настаўнікам?

— Пакуль не выдадуць новых падручнікаў, — узяў на сябе тлумачэнне бургамістр, — выкладанне трэба ажыццяўляць па савецкіх. Але загадана назаўсёды выкінуць з іх словы «савецкі», «бальшавік» і гэтак далей. Партрэты бальшавіцкіх правадыроў таксама неабходна выкасаваць. Што датычыць матэрыяльнага забеспячэння, то тут захоўваецца ранейшы, у савецкім размеры, аклад, акрамя таго, будзе выдавацца паёк — па дзесяць кілаграмаў збожжа на месяц самому настаўніку і па пяць кілаграмаў на ўтрыманца ў сям’і.

Другім прысутным таксама закарцела даведацца ў каменданта пра што-кольвеч, напрыклад, ці адчыняцца магазіны, якое мяркуецца лячэнне для мясцовых людзей?

— Платнае, — цярпліва адказаў той, — па пяць рублёў за прыём у доктара ў вясковым лячэбным пункце і па дзесяць у гарадской бальніцы альбо амбулаторыі. Ну, а наконт магазінаў, дык тут і сумнявацца не трэба. Без камерцыі яшчэ ні адна ўлада не абыходзілася.

Тады падняўся са свайго крэсла Захар Доўгаль.

— А ў мяне такое пытанне, — выразна хвалюючыся, пачаў ён. — Калгас, як ён задуманы адразу, вымагае калектыўнай працы. Але ж калектыўная праца патрабуе ў сваю чаргу выкарыстання на вялізных палях тэхнікі. Савецкая ўлада давала нам такую тэхніку. Гэта вам кожны пацвердзіць. Таму цікава ведаць — ці забяспечыце вы нас трактарамі, пасяўной і ўборачнай тэхнікай? Асабліва калі ўлічыць, што ў вёсках няма коней?

— Дзе ж вашы тыя, савецкія, трактары? — нездаволена свідрануў камендант вачамі Доўгаля.

— Эвакуіраваны.

— А навошта вы дазволілі эвакуіраваць?

— Дапусцім, у нас асабістага дазволу не пыталіся, — пераадольваючы сябе, каб таксама не адвесці ад каменданта вачэй, адказаў Доўгаль. — Тым больш што трактары, малатарні і іншая такая тэхніка належала дзяржаве ў асобе машынна-трактарных станцый, якія апрацоўвалі кагласныя палеткі па дагавору.

— Не пыталіся! — паморшчыўся Гуфельд. — У вас не пыталіся! І разам з тым раптам высвятляецца, што ў Ніжняй Варонаўцы эмтээсаўскі, а гэта значыць, як вы кажаце, дзяржаўны трактар быў закапаны тайным чынам у лесе, у зямлі. Добра, што знайшліся лаяльныя нам людзі ды выдалі схованку. Так што, не дужа рабіце з сябе прасцячкоў. Мы яшчэ паглядзім, куды што сапраўды падзявалася. Ну, а наконт таго, ці будзе новая ўлада забяспечваць вас тэхнікай, то скажу пэўна — пакуль ніякай сельскагаспадарчай тэхнікі, таксама аўтамашын мы не маем магчымасці выдзеліць. А вось наконт коней?.. Тут мы можам даць вам верную параду. Скарыстоўвайце ў гаспадарцы як цяглавую сілу кароў. — І, убачыўшы, што тубыльцы недаверліва, нават з іроніяй заўсміхаліся, строга павысіў голас: — Так, так, кароў! У Пратэктараце, напрыклад...