— Дзе, дзе? — не зразумеў хтосьці ў зале.
— У Чэхіі, — растлумачыў перакладчык.
— У Пратэктараце, напрыклад, — працягваў тым часам камендант, — даўно на каровах выконваюць усе палявыя работы — ворыва, сяўбу, баранаванне, вазавіцу і гэтак далей. Мяркуйце самі, конь працуе ў гаду на ўсю моц трыццаць — сорак дзён, не болей, а харчу на яго трэба запасці на ўсе трыста шэсцьдзесят пяць. Таму замест каня там многія сяляне цяпер трымаюць адну-дзве дойныя каровы. Паколькі ў гаспадарцы каня няма, каровам дастаюцца ўсе кармы. А добра кормячыся, каровы, не зважаючы нават на працу, даюць больш малака. Таму і вам варта пераняць гэты вопыт. Выкарыстанне кароў на самых розных работах — гэта вельмі рацыянальны спосаб вядзення гаспадаркі. Разумееце?
— Да ўжо ж, — муляючыся, пачухаў патыліцу Доўгаль, — але як паарэш на карове, то ўжо... наясіся малака, акурат як з той казы.
Пачуўшы гэта, хтосьці гучна хмыкнуў у сярэднім радзе, здушваючы ў сабе адкрыты смех, але дарэмна — чалавек не стрымаўся, даў сабе волю, а за ім нечакана зарагаталі амаль усе, хто сядзеў на задніх радах: сапраўды, кожнаму дзіва, каб на карове араць!..
Зазыба ад гучнага рогату ажно сумеўся — накліча на сябе Захар няміласць. Але камендант, слухаючы, што даводзіў яму з Захаравых слоў перакладчык, раптам таксама пачаў смяяцца, ці то робячы адно выгляд, ці сапраўды паддаўшыся агульнаму настрою.
Тубыльцы між тым парагаталі, ужо нібыта з дазволу, ды сціхлі.
— На гэтым нарада наша, уласна, скончана, панове, — адразу за цішынёй абвясціў камендант. — Але не спяшайцеся — ёсць адна неадкладная справа, пра якую таксама трэба дамовіцца. Яшчэ ў жніўні каля вёскі Белая Гліна ў часе адступлення Чырвонай Арміі быў спалены на Дзяражні мост. Цяпер ад вайсковага каменданта раёна і начальніка дарожнага аддзела паступіў загад — неадкладна адбудаваць гэты мост. Таму я ў сваю чаргу таксама загадваю — на адбудаванне маста накіроўваць кожнага дня з вёскі па дзесяць падвод з вазніцамі і адмысловымі цеслярамі. За гэта адказваюць перад камендатурай чыны паліцыі і старасты.
Па тым, як Гуфельд узяў у рукі свой шомпал, усе ў зале зразумелі, што цяпер нарада сапраўды вычарпала сябе.
* * *
З камендатуры Зазыба выходзіў у ліку апошніх. Нават Захар Доўгаль, які ўсю нараду прасядзеў поплеч, цяпер чамусьці памкнуўся наперад, акурат у яго была задума перастрэць кагосьці на ганку. У душы ў Зазыбы было такое адчуванне, быццам яго толькі што ашукалі альбо, яшчэ горай — незаслужана збэсцілі ўшчэнт, хоць, вядома, нічога асаблівага за ўсе гэтыя паўтары гадзіны, пакуль ішла нарада, не адбылося, урэшце, Зазыба і дасюль усведамляў, куды ехаў сёння з Верамеек, з кім і да каго!.. Але тым не менш душу смактала прыкрасць. І, можа, якраз таму, што нічога падманнага, таксама абразлівага не адбылося: дзіва, але факт, ад якога ні рукамі, ні нагамі, ні галавой — нарада прайшла, як некаторыя людзі любілі раней гаварыць, на высокім узроўні. Галоўнае, ніхто асабіста нікога не лаяў, ніхто нікога не палохаў, не спрабаваў падвесіць на дыбу нават вінаватых, як Зазыба,— а Зазыбу чамусьці хацелася думаць, што сёння ў мястэчка ў якасці адказчыка не толькі ён быў пакліканы, дакладней, прымусова дастаўлены, — дык нават вінаватых усё роўна як знарок памілавалі, няважна, што трохі прыгразілі. Выходзіла, што камендант сапраўды збіраў з навакольных вёсак мужыкоў дзеля таго, каб паразумецца разам, як весці ў воласці ў новых умовах гаспадарку, як ладзіць парадак. Але, ступаючы цяпер за натоўпам па прыступках ганка, Зазыба падумаў і пра тое, што за гэтыя паўтары гадзіны, як слухаў каменданта — прамову яго і адказы на пытанні, неяк зусім не даў сабе цяжкасці ўнікнуць у сутнасць таго, пра што гаварылася на нарадзе, асэнсаваць усё і ўзважыць у галаве. Адно сядзеў на мулкім драўляным крэсле ды слухаў, акурат баяўся прапусціць што. Праўда, была прычына, якая ўвесь час перашкаджала яму перайсці ад крытычнага ўспрымання да аналізу, да асэнсавання камендантавай прамовы і наогул усяго, што давялося чуць: гэта прысутнасць у зале цывільнага, камендантавага перакладчыка, якому Зазыба адразу ўпаў у вока і які потым ужо не губляў яго з-пад увагі, нібыта правяраў па ім, як рэагуюць на ўсё мясцовыя «мужы даверу». Выйшла, што Зазыба першы пачаў прыглядацца больш да цывільнага, чым да каменданта, хоць, вядома, цікавасць да апошняга павінна была б праявіцца мацней — Гуфельд зрабіўся адыёзнай асобай. Але гэтага не здарылася, бо Зазыбу ўжо здавалася, што камендант для яго страціў цікавасць, прынамсі, тую, што ў іншых падтрымлівалася рознымі чуткамі яшчэ з таго, як немцы заснаваліся ў Бабінавічах. Яму толькі заставалася адчуваць нездаволенасць, што іншы раз даводзілася думаць пра каменданта нават супраць жадання, усё роўна як хто помсціў яму за ранейшыя ілюзіі. Між тым, іначай і быць не магло, бо Гуфельд з’яўляўся той новай рэальнасцю, якая ніколькі не залежала ад Зазыбавага жадання, гэта па меншай меры. Словам, Зазыба, калі разважаць паслядоўна, не так сабе звярнуў увагу на цывільнага, калі той паявіўся разам з камендантам. Але ён не чакаў, што гэтым у адказ выкліча да сябе не меншую цікавасць. Пільная, хоць і не адкрытая чужая ўвага неўзабаве пачала непакоіць, і Зазыба не мог пазбавіцца ад гэтага пачуцця да канца нарады...