«Да чаго дадумаліся гіцлі!» — абурыўся ў душы Зазыба, але прымусіў сябе прабегчы вачамі па ўсіх чатырох старонках фашысцкай падробкі. На адной з іх у слупку тлусным шрыфтам былі вылучаны два радкі: «У часе налётаў на Маскву адзначаны пападанні ў Крэмль». Унізе пад раешнікам — «Лорды засядаюць, а немцы наступаюць» — чарнела аб'ява: «Выражце і захавайце гэты пропуск. З адным пропускам на бок германскіх войск можа прайсці неабмежаваная колькасць байцоў і камандзіраў Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі». Тут жа, узяты ў рамачку, змешчаны быў і тэкст пропуска на дзвюх мовах — па-руску і па-нямецку, маўляў, прад’яўнік гэтага, не жадаючы дарэмна праліваць кроў за інтарэсы жыдоў і камісараў, пакідае пераможаную Чырвоную Армію і пераходзіць на бок германскіх узброеных сіл, за што нямецкія салдаты і афіцэры акажуць перайшоўшаму добры прыём, накормяць і ўладкуюць на працу.
Ніжэй фашысцкай падробкі былі прыклеены дзве аб’явы, надрукаваныя на добрай паперы. Дакладней, першую, мусіць, нельга было назваць аб’явай. Хутчэй то было распараджэнне, хоць подпіс асобы ці ўстановы, ад якой яно зыходзіла, і адсутнічаў. «За няздачу радыёапаратуры, — прачытаў Зазыба, — і прадметаў савецкага вайсковага рыштунку гр-н Карэнін І. асуджаны на 6 месяцаў турмы з 20 дубцовымі ўдарамі штомесяц». «Карэнін?.. Карэнін?..» — пачаў успамінаць Зазыба. У Бабінавічах сапраўды жыў чалавек з такім прозвішчам, але Зазыба добра ведаў, што звалі таго Цімохам. Значыць, гэты Карэнін, што апынуўся ў нямецкай турме, быў хтосьці іншы. Але што ў другой аб’яве? Зазыба прачытаў і яе: «Рыскіна Вольга Рыгораўна, ураджэнка вёскі Малая Ліпаўка, мяняе прозвішча на дзявочае — Тупікава, а таксама мяняе прозвішча свайго сына, Рыскіна Уладзіміра Абрамавіча, нараджэння 1940 года, на сваё прозвішча — Тупікаў, і імя па бацьку дае па свайму хроснаму — Іванавіч». «Ну от, — падумаў Зазыба,— новы парадак у дзеянні!..»
У гэтыя дні, бадай, усім даводзілася шмат чаму здзіўляцца. І шмат што, нягледзячы на ўнутраную падрыхтаванасць, было нечаканым. Нечаканасць наогул выклікае, няхай хоць і часовую, разгубленасць, калі чалавек раптам пачынае не зусім разумець, здавалася б, зусім простыя рэчы. Тым больш калі гэта датычыць ваеннага часу. І не проста ваеннага, а часу варожай акупацыі, калі ўсё, пачынаючы ад грамадска-палітычнага ладу, мяняецца. Таму не дзіўна, што для разумення агульнай абстаноўкі, так званага бягучага моманту, Зазыбу куды больш давалі вось гэтыя дзве маленькія аб’явы, дарэчы, як і загад вайсковага каменданта раёна, што быў зачытаны на нарадзе Гуфельдам, чым нават цэлая газета ў вітрыне, дзе жаданае хутчэй за ўсё выдавалася за сапраўднасць. Тым часам аб’явы сведчылі пра іншае. Праз іх Зазыба выразна ўбачыў тое пачварнае і жахлівае, чым не толькі пачынала жыць, а і жыло ўжо так званае мірнае насельніцтва, якое не па сваёй ахвоце засталося па гэты бок фронту.
«Але куды ўсё-ткі дзяваўся Доўгаль? — зноў схамянуўся Зазыба. — Якраз пагаварылі б пра ўсё, злашча, што той сам нечага ўгаворваў ехаць у адну дарогу, справу нейкую меў».
Шкадуючы так, ён завярнуўся ад вітрыны, каб зноў перайсці ў тым жа напрамку местачковую плошчу, а тады накіравацца па другой вуліцы за пошту, да Хонінага дома, бо ў яго найбольшая адказнасць у мястэчку цяпер была перад Марыляй. У планах Зазыбу думалася, што ён толькі паглядзіць адно, як уладкавалася дзяўчына, можа, мае патрэбу ў чым, якую здольны будзе ён задаволіць, пасля пехатою пашыбуе сабе па надбяседскай дуброве ў Верамейкі.
Але дарэмна Зазыба непакоіўся. Здаецца, Марыля ні ў чым не мела патрэбы. Прынамсі, на Зазыбу яна ўжо не разлічвала.
Каб убачыць яе, Зазыбу нават не давялося заходзіць у Хонін дом. Марыля выйшла яму насустрач... з нямецкім афіцэрам, перад якім паводле новага парадку Зазыба павінен быў зняць шапку. Дзіва, але якраз пра гэтае новаўвядзенне, пра гэтую старапанскую акалічнасць Зазыба нават не падумаў. А яшчэ большае дзіва было б, каб ён наогул зрабіў так.