Убачыўшы Марылю, якая вяла пад руку па вуліцы афіцэра, Зазыба адразу адчуў, як лінула ў твар яму кроў. Зрабілася і сорамна, і прыкра. Была б магчымасць збочыць куды, то першае, што ў такой сітуацыі належала зрабіць — гэта, нават дзеля таго, каб не даць падставы адчуць такую ж збянтэжанасць ёй. Але збочыць, як на тое, не было куды, адно калі, быццам хлапчуку малому, пераскочыць цераз плот ды схавацца ў сліўніку, што павісаў над вуліцай з гародаў. Тым часам адлегласць паміж імі скарачалася, хутка яна стала такой, што іх ужо аддзяляла паўсотня крокаў. Лаячы ў душы сябе і тую няўдалую хвіліну, якую ён выбраў, каб наведаць Марылю, Зазыба зніякавела пасоўваўся насустрач. Праўда, Марыля жыла ў мястэчку на асобым становішчы, і Зазыба мог даўмецца ўрэшце, што яна цяпер нічога ганебнага не рабіла, ідучы па вуліцы з нямецкім афіцэрам, наадварот, ахвяруе дзеля справы, на якую пакінута тут. Аднак ён чамусьці і не ўспомніў пра гэта, няйначай, як асабістае, акурат бацькоўскае пачуццё замінала ўявіць, чым магла быць Марыля на самай справе. А калі гаварыць далей, то наўрад і ці мела б якое значэнне тое, што Зазыба даўмеўся б да ўсяго, бадай, такая акалічнасць ніколькі не зменшыла б вастрыні становішча — сапраўды, а ці ўзрадуецца цяпер яна сама, убачыўшы раптам чалавека, які адзін тут што-кольвеч ведае альбо здагадваецца пра яе. Словам з усёй сітуацыі зразумела адно пакуль — Зазыбу было пакутліва і брыдка ісці вуліцай. У яго ўяўлені ўчынак Марылі выглядаў не толькі не патрыятычным, гэта самае меншае, але і амаральным, маўляў, зрабілася распусніцай!.. «Выходзіць, недарэмна тады папярэджваў Шарэйка?» — падумаў Зазыба. І якраз вось гэту, другую вінаватасць ён чамусьці лічыў ужо зусім недаравальнай — зноў жа, мусіць, па той прычыне, што гэта датычыла яго асабістых пачуццяў.
Не магло быць, каб Марылі таксама дасюль не ўпала ў вочы знаёмая Зазыбава постаць. Тым больш што Зазыба, збянтэжаны такой неспадзяванкай, не скеміў нават перайсці з аднаго боку вуліцы на другі, каб сцежка, што служыла тут тратуарам, не звяла іх з Марыляй твар у твар. Як кажуць, дасюль гатовы быў хоць скрозь зямлю праваліцца, абы не ісці насустрач Марылі, а вось зрабіць самае простае — памяняць абочыны, недадумаўся. Між тым, у наступную хвіліну Марыля прайшла міма, нават вачмі не павяла на Зазыбу. Яна была (ці рабіла выгляд, што гэта так) цалкам занята кавалерам, маладым бялявым обер-лейтэнантам, які таксама здаваўся не менш запалоненым ёю. Выгляд яе ўразіў Зазыбу. Гэта ўжо была зусім не тая мілая ў сваёй сціпласці дзяўчына, якую ён убачыў некалі ў хаце кулігаеўскага Сідара Раўнягіна і якую потым, праз некалькі дзён, прывёз сюды, у Бабінавічы. Цяпер чаго вартыя былі адны, больш чым трэба, паднятыя грудзі, што выпіналі з цеснай блузкі і назойліва лезлі ў вочы. І наогул яна ўся нібыта пакруглела за гэты час, багата што ў ёй цяпер падкрэслівалася знарок, прынамсі, тлумачыць, што азначала тая ці іншая частка яе цела, не трэба было.
Зазыба не здагадваўся, але за тым, як Марыля палюбоўна ішла па вуліцы з нямецкім афіцэрам, наглядаў не ён адзін. Не ведаў ён і пра тое, што яго падапечная рабіла вось гэтак не першы раз. У кожным разе местачкоўцам, якія жылі на Паштовай вуліцы, яе пагулянкі з немцамі не з’яўляліся навіной, асабліва пасля таго, як незнаёмая дзяўчына, якая невядома адкуль і чаму ўзялася тут, уладкавалася працаваць у вайсковым шпіталі, што не лішне даўно спыніўся ў Бабінавічах і заняў памяшканне местачковай бальніцы, пакінуўшы доктару Каласоўскаму з яго хворымі тубыльцамі месца на пяць стацыянарных ложкаў у старой мураванцы, дзе раней, пры царскім часе, была станавая «халодная», а яшчэ раней царкоўны клір трымаў дары — гаршкі з мёдам, кошыкі з яйкамі, кругі воску, кадкі з насыпаным зернем... Вядома, Марыля не адна такая была ў мястэчку, што кінулася завязваць дружбу з немцамі, аднак на Паштовай вуліцы, апроч яе, яшчэ ніхто не служыў ім, а тым больш гуляў вось так з акупантамі. Праўда, паводзіны чужой дзяўчыны не вельмі каб ужо і дзівілі, дакладней, бянтэжылі тутэйшых жыхароў, бо яна была ўсё ж у мястэчку прыблуднай аднекуль, таму і адносіны да яе склаліся адпаведныя, маўляў, што з чужой возьмеш, хоць тым не менш кожны крок яе не заставаўся без чыёй-небудзь вольнай ці міжвольнай увагі. Адны падпільноўвалі распусную дзеўку проста з абывацельскай цікаўнасцю — а можа, і сапраўды пашанцуе падгледзець нешта такое, што яшчэ не здаралася тут бачыць, словам, падгледзець нештачка, другія наадварот, пазіралі на яе з пагардай, раўніва захоўваючы такім чынам спрадвечную мерку чалавечай ахайнасці ці, як ў дадзеным выпадку, жаночай цнатлівасці, ужо не кажучы пра грамадзянскую годнасць і патрыятычнасць. Гэтыя, апошнія, у сваёй пагардзе не мелі ніякай літасці да прыблуднай дзяўчыны, хоць зноў жа ці варта дзівіцца, бо нават Зазыба, які адзін мог даць рады, і той цяпер не толькі дакараў у думках, а і саромеўся за яе.