Выбрать главу

Між тым, не з адных вокнаў сачылі за Марыляй і яе кавалерам вольныя ды цікаўныя местачкоўцы. Зазыба раптам змеціў на агародзе, што быў ужо амаль побач з Хоніным дваром, кабету, якая стаяла там, не тоячыся: паклала сагнутыя ў локцях рукі паўзверх паркана, што даходзіў ёй да падпах, і ўсё роўна як чакала Зазыбу, калі той параўняецца. Яна і праўда неўзабаве ўшчала гаворку, але перад тым ажно здзівілася, што пазнала яго. Была кабета гладкая, з круглым незагарэлым тварам, такія гаспадыні звычайна не займаюцца вясковай працай, не капаюцца ў зямлі, няйначай, гэта належала да так званай местачковай інтэлігенцыі, у якую залічваюць сябе нават школьныя прыбіральшчыцы-тэхнічкі, не тое, што медсёстры ды іншы абслугоўваючы персанал, ці была замужам за чалавекам, за якім не было вялікага ўрону пасядзець і без справы.

— Ну, што? — гукнула кабета насустрач, укладваючы ў гэтыя, пакуль не зусім зразумелыя для Зазыбы, словы столькі з’едлівай іроніі, колькі хапіла б яе на цэлую зацятую сварку. — Нашкодзіў, а цяпер адварочваешся? Гэта ж ці не ты яе прывёз сюды? Думаеш, я не бачыла, як вы з аднаногім краўцом заносілі ў Хоніну хату яе рэчы?

Зазыба маўчаў, — не адказваў і не глядзеў ужо на кабету. А тую ўсё больш зацінала:

— Цяпер хоць ты дзівіся з іх! І сучка гэта не пазнае яго, і ён нібыта не рашаецца пазнаць! Можа, дачка нават?

Чуючы перад сабой ледзь не лаянку, Зазыба ішоў па сцежцы з такім адчуваннем, быццам пераадольваў недзе над цёмным вірам высокую кладку, здавалася, ступіш не той крок ці глянеш не ў той бок, як паляціш уніз.

— Гэта я ўсё не пабачу таго Шарэйку, — не сціхала кабета, — а то ён у мяне забраў бы даўно гэтую сучку дамоў к сабе адсюль! А то раптам пасялілі ў чужы дом, а чалавеку цяпер няма дзе жыць! Бачыш, зараз сядзіць вунь Хоня пад плотам з дзецьмі, сіратамі, і страхі над галавой не мае, усё роўна як і хаты не заказваў будаваць сабе, быццам гэта ўжо і не яго дом! Ну і што, калі яўрэй?

Дзіва, але лаянка гэта паступова пачынала мець адваротнае дзеянне — чым даўжэй кабета знеслаўляла Марылю, а разам і яго з Шарэйкам, тым хутчэй Зазыба мяняўся ў пачуццях да Марылі, на словы яе вырастала ў душы яго супраціўленне, і неўзабаве ён не лішне далёка быў ужо ад таго, каб узбурыцца, хоць, вядома, таксама не дужа будзеш паказваць характар у такім становішчы, бо каму патрэбны цяпер тут шум. Аднак пярэчанне ўнутры сапраўды з’явілася, і Зазыба ўжо дакладна ведаў, адкуль яно — якраз ад лаянкі гэтай жанчыны. І ён, Зазыба, таксама харош!.. Прывёз ды пакінуў тут, як у лесе сярод ваўкоў, адну... Праўда, не па сваёй задуме прывёз. Але ж нешта думалі тыя людзі, што прасілі зрабіць гэта? І Маштакоў, і той вайсковец, няхай што і хлусіў тады пра Масея? Дастаткова было пачаць збіраць у адно думкі так, як зноў нядобрае пачуццё аднекуль стала брацца, тачыць сярэдзіну. Яно было акурат такім, як і ў той дзень, калі яшчэ ў Верамейках ён абураўся, што Марылі знайшлі зусім не дзявочую справу, накіроўваючы сюды, у акупіраванае фашыстамі мястэчка. Можа, і сённяшнія паводзіны яе тлумачыліся гэтым вось, а не тым, што бянтэжыла хвіліну назад яго і што абурала гэтую местачковую кабету, якая лаяла на чым свет стаіць іх абодвух — Зазыбу за тое, што прывёз распусную дзеўку, а Марылю, зразумела, за само яе распусніцтва. І не можа, а хутчэй за ўсё, што так. А калі так, то... Зазыба раптам усвядоміў для сябе прыкрую, нават жахлівую рэч — і той афіцэр, што недзе ішоў з ёю цяпер, Марылі не сябра, і гэта кабета, якая вісне ў з’едлівай злосці на паркане і ледзьве не плюецца ўслед, таксама, лічы, вораг. А тут яшчэ Хоня Сыркін!.. З’яўленне яго ў мястэчку было нечаканым і ўжо, няйначай, што ў пэўнай ступені выпадковым, але аб’ектыўна яно сведчыла пра тое, што Зазыба не зусім дакладна выканаў даручэнне: непрадбачаная акалічнасць, якая выявілася ў Хоніным вяртанні, магла адбіцца — і нават нядробным чынам — на становішчы Марылі, якая заняла пусты яго дом. Сур’ёзна заклапочаны гэтым, Зазыба ў момант забыў пра жанчыну, якая не пераставала кідаць услед яму абразлівыя абвінавачанні, і ледзь не подбегам мінаваў пошту, на ганку якой стаяў немец-вартавы. Зазыба спяшаўся да Хонінага дома не таму, што вельмі закарцела пабачыць гаспадара. Наадварот, у душы яшчэ заставалася надзея, што кабета назнарок абмовілася, каб мацней дапяць яго, і што Хоня-нарыхтоўшчык не вярнуўся ў мястэчка. Але далёка глядзець не трэба было. Сыркін сядзеў з двума сынамі-падлеткамі на мураве паміж сцежкай-тратуарам і парканам, быццам хаваючыся ў ценю: хоць сонца ўжо стаяла насупраць. Усе Сыркіны цяпер нечым нагадвалі кудлатых колішніх старцаў, якія ішлі-ішлі ды здарожыліся, селі адпачыць тут, усё-ткі не ў бязлюдным месцы, можа, хто і падасць міласціну, як звычайна, акраец у торбу альбо медны пятак у шапку. Паўз іх льга было чалавеку прайсці зусім не заўважаным — Хоня трымаў галаву, звешаную амаль на грудзі, акурат у знямозе ці ў адчаі, а хлопцы, хоць і выглядалі жывейшымі за бацьку, аднак былі таксама безуважныя, нібыта згубленыя. Тым часам Зазыба не збіраўся цурацца іх. Ён не ведаў яшчэ, пра што загаворыць зараз з яўрэем-нарыхтоўшчыкам, які чамусьці вярнуўся з эвакуацыі ў мястэчка; не здагадваўся ён наперад і пра тое, ці будзе мець гэтая зачэпка яго карысць, прынамсі, для той справы, аб якой ён цяпер хваляваўся, але загаварыць з Хонанам Зазыба край быў павінен, і гэта было не проста чалавечым жаданнем, а патрэбай, неабходнасцю; вось зараз ён параўняецца з Сыркіным і яго дзецьмі і спытае, зразумела, пра Цылю, бо яе няма з імі, ды і кабета тая гаварыла пра нейкае сіроцтва, таму лепшай зачэпкі і прыдумаць не прыдумаеш, калі б нават і знарок шукаў.