Выбрать главу

— А ма-а-амачка, а што ж ета!..

Нарэшце немец зусім наблізіўся, у момант выпрастаўся і, хапаючыся рукамі за жэрдзь, стаў прыціскаць Розу сваім перадам да плота. Але плот быў нахілены трохі к вуліцы, таму Роза паспела павярнуцца бокам, стуліцца, моцна ўпіраючыся локцем левай рукі немцу ў грудзі. І як толькі ўдалося зрабіць ёй так, той адразу адчуў, што ўражання, на якое разлічваў, пачаўшы гэтае відовішча, ужо няздольны будзе здзейсніць. Таму ён, нягледзячы на сваю пажадлівасць, тут жа адступіўся ад плота, неяк ажно па-смешнаму закідваючы назад галаву, быццам асцерагаўся, што Роза, вызваліўшы другую руку, паласне ногцямі па ягоным твары.

Вядома, у такім разе ўсё магло б сапраўды скончыцца адной забавай. Яе, гэтакай забавы, хапіла б урэшце і для яго, і для тых, хто з рогатам назіраў за ўсім ды падбухторваў, бо маладую рускую кабету ці нават дзеўку ён усё-ткі прыціснуў да плота. Але разам з тым у душы пажадлівага пракуды засталася нездаволенасць, нават злосць на гэтую ўпартую славянку — сам-то ён добра ведаў, што вымушаны быў адступіцца ад яе. Ён адчуў яшчэ з першага дотыку да яе, як яна супраціўлялася, і супраціўлялася без прытворства. А спыніць гэтае ўнутранае яе супраціўленне тут ён не здольны быў. І вось самалюбівая злосць нечакана падказала яму іншае. Раптам няўдачлівы Макс разгледзеў, што жанчына, якая стаіць сцяўшыся перад ім, мае выразнае падабенства з яўрэйкай — яна такая ж чарнявая з твару, валавокая, з кучаравымі, як смоль, валасамі, якія скрозь пабраліся дробнымі бліскучымі хвалькамі.

— Юдын!22 — узрадваўся ён свайму нечаканаму адкрыццю і, злавіўшы Розу за руку, пацягнуў за сабой цераз дарогу.— Юдын! — весела крыкнуў ён і сваім таварышам, якія адразу перасталі рагатаць.

Між тым, другія верамейкаўскія жанкі, адбегшыся, адчулі, што ім больш нічога не пагражае, таму спыніліся і пасталі гуртам крокаў за сотню ад скрыжавання на дарозе. Роза ўжо к таму часу была заслонена з усіх бакоў нямецкімі салдатамі, і ўбачыць яе не было магчымасці. Вядома, кожная з кабет разумела, што замест Розы ў такім становішчы магла апынуцца і яна і што гэта толькі выпадак, што немцу ў рукі вось трапіла Роза. Неабходна было выручаць Розу. Але як гэта зрабіць і хто адважыцца пайсці туды? Разам з тым асобныя верамейкаўскія кабеты пакуль былі настроены так, што нічога небяспечнага з Розай не павінна здарыцца. Можа, адно напалохаюць там, а тады адпусцяць. Ведама ж — салдатня. І ўжо зусім нікому ў голаў не магло прыйсці, што немцы палічылі Розу за яўрэйку.