Выбрать главу

Дзіўна, але немцы таксама як не збянтэжаны былі гэтакай нечаканасцю: трэба ж, каб пустая забава раптам скончылася так? Сёй-той пачаў насміхацца з няўдачлівага пракуды, маўляў, добра, што хоць хапіла розуму агледзецца, а то б увачавідкі змяшаў арыйскую кроў з яўрэйскай... Але большасць салдат, што абступілі цяпер спалоханую Розу, якая зусім яшчэ і не здагадвалася, за каго яе прымаюць немцы, ужо стаялі нахмураныя і пазіралі з адкрытай непрыязнасцю, калі нават не варожасцю, усё роўна як гэтая чарнявая жанчына толькі што зрабіла нешта вельмі непрыстойнае ў дачыненні да іх, абакрала альбо, самае меншае, падманула. Макс, які прыцягнуў сюды Розу, паступова быў адціснуты назад, цяпер наперадзе, супраць яе, стаялі другія немцы. Яны не тузалі яе, накат не дакраналіся ні да чаго, але Роза хутка пачала адчуваць іхнюю варожасць да сябе па галасах і па выгляду. Яна стаяла пасярод неспакойнага натоўпу, халаднеючы целам і душой. Нарэшце высокі немец у акулярах, якія былі чамусьці шырэй за яго даўгаваты твар, тыцнуў пальцам ледзь не ў грудзі жанчыне, спытаўся:

— Юдын?

Роза не зразумела, чаго ад яе хочуць.

Тады высокі немец больш настойліва, дакладней, больш гучным голасам паўтарыў запытанне, але ўжо не тыцкаючы пальцам. Слова, якое ён другі раз вымавіў, гучала для Розы не выразна, чамусьці думалася, што гэта цалкам нямецкае слова, і ёй яно зусім незразумелае, нягледзячы на тое, што вельмі хацелася ўлавіць сэнс яго. Пры гэтым ёй здавалася, што калі б яна адказала на пытанне, то адразу скончылася б гэтая недарэчнасць і яе больш не затрымлівалі б тут. Дзіўна, але цяпер ёй не столькі страшна было, колькі яна адчувала сябе вінаватай, што не разумее немцаў, і яна плюскала вачамі, спрабуючы нават усміхнуцца. Між тым, вымушаная ўсмешка яе і выгляд увесь для немцаў зрабіліся, як выклік, прыкрыты праставатасцю, бо яны чакалі ад Розы зусім іншага, а не гэтай вінаватай усмешкі, што ішла, як ім здавалася, ад хітрай наіўнасці, таму маўчанне яе нарэшце пачало выклікаць у іх проста лютасць.

Пытаўся ўвесь час адзін немец. І кожны раз ён звяртаўся да яе з адным і тым жа словам:

— Юдын?

Такі допыт, вядома, пры яе няўцямлівасці мог цягнуцца бясконца, а мог скончыцца і хутка, звычайнай расправай.

— Бабы, дак што ета мы стаімо тута? — раптам захвалявалася ў сваім натоўпе Дуня Пракопкіна, што немцы доўга не адпускаюць сяброўку.— Яна ж тама!.. Бабы, дак што ж ета мы, а? — дакорліва, ледзь не са злосцю і крыўдлівымі слязьмі ў вачах крыкнула яна і, не чакаючы нікога за сабой, рушыла да немцаў, якія трымалі ў сваім коле Розу.

Яна пакладалася цалкам на ўдачу — ат, што будзе, то й будзе!..

Калі падышла блізка да немцаў, тыя ўсе талопілі вочы на Розу, таму ніхто нават не звярнуў на другую жанчыну ўвагі. Тады Дуня рашыла прабрацца ў сярэдзіну натоўпу, дзе стаяла Роза. Дуня і цяпер яшчэ не бачыла Розы, яе засланялі сабой салдаты. Усё роўна як нездаволеная тым, што яе не заўважаюць і не даюць праходу к сяброўцы, Дуня асцярожна, але рашуча распіхнула локцямі крайніх немцаў, што стаялі спіной да яе, і пачала праціскацца далей. Яе не затрымлівалі. Здавалася, нават з ахвотай прапускалі ўсярэдзіну, адно кіне хто з салдат нібыта здзіўлены позірк, а тады адвернецца, каб пачуць да канца размову, якая пакуль не давала вынікаў. Але вось Дуня прабілася наперад, абвяла дакорлівым позіркам вакол сябе і, звяртаючыся да Розы, сказала з тым жа дакорам, што быў у вачах:

— Якая бессаромная! Мы цябе чакаем тама, а ты!..

Яна, нават сама не думаючы таго, зрабіла выгляд, што Роза знарок тут бавіцца, а не тое, што яе затрымліваюць. Пры гэтым Дуня ўжо зусім не баялася — выйшла наадварот, пакуль працярэблівала сабе дарогу, распіхваючы локцямі немцаў, то ў адзін, то ў другі бок, страх, з якім яна падыходзіла сюды, перастаў калаціць яе, і яна адчула ў сабе здольнасць спакойна стаяць у чужым акружэнні і не менш спакойна разважаць. Яна толькі не здагадвалася, што сярод немцаў не было ніводнага, хто б ведаў яе мову. Таму, кінуўшы Розе гэтыя колькі слоў, яна тут жа, як раўнюткая, пачала ўшчуваць... немцаў, якія цяпер, убачыўшы яе пасярод свайго натоўпу, акурат збянтэжыліся.

— Што вы чапляецеся да яе? Ёй ісці трэба, вунь бабы стаяць, чакаюць, а вы затрымліваеце!

Ушчуванне яе, вядома, прагучала нібыта ў скляпенні, адкуль перад тым павыходзілі людзі; але рашучасць, з якой паводзіла сябе сярод немцаў Дуня, не магла застацца не заўважанай, яна адбівалася перш за ўсё на твары яе, а наймацней у голасе, у тым амаль незалежным тоне, які ўдалося ёй узяць ці не адразу. Немец у акулярах, да якога яна звярталася, нават не думаючы, што гэта ён тут цяпер за галоўнага,— проста раней ён стаяў насупраць Розы, а цяпер, калі была тут і Дуня, апынуўся і насупраць Дуні,— дык гэты немец, бадай, быў першы, хто адчуў яе тон. Здавалася, чужая незалежнасць павінна была б раззлаваць яго, аднак ён не раззлаваўся, толькі абурана, усё роўна як вымушаны быў тлумачыць ёй, сказаў, паказваючы на Розу: