Выбрать главу

— Зі іст юдын?23

Не ў прыклад Розе Дуня адразу ўцяміла сэнс аднаго з гэтых слоў — «юдын». Дарэчы, Роза цяпер таксама зразумела немца, можа, якраз таму, што побач стаяла сяброўка. Дуніна рашучасць, з якой яна прабілася сюды, у сярэдзіну круга, і з якой паводзіла сябе тут, нарэшце вярнула Розе здольнасць нармальна, без утрапёнасці, што туманіла розум, валодаць сабой. Але яна чамусьці не спалохалася, адкрыўшы раптам, што немцы палічылі яе за яўрэйку. Яна толькі дужа здзівілася гэтаму, і на твары яе адбілася новае хваляванне, ніколькі не падобнае на ранейшае, калі нічога не ведала і ні пра што не здагадвалася. Амаль гневаючыся, яна з неўразуменнем бліснула вачамі на Дуню, сказала, акурат скардзячыся, з надрывам:

— Што яны выдумваюць? Якая яўрэйка я? Скажы хоць ты ім, а то да цёмнага будуць трымаць, не адпусцяць.

— Ладна, я скажу,— кіўнула ёй разважлівая Дуня.— Але пакуль гаварыць ды тлумачыць буду, ты не стой, бяжы хутчэй адсюль. Бяжы вунь к бабам.

— Як ета?

— А так што, бяжы, і ўсё тута! — злуючыся на Розіну някемлівасць, ажно павысіла голас Дуня.

Роза згодна кіўнула галавой, хоць наўрад ці па-сапраўднаму думала над тым — бяжы, і ўсё тут!.. Адно — сказаць. Зусім другое — зрабіць гэта, калі вакол, амаль плячо ў плячо, ды яшчэ ў некалькі радоў, стаяць салдаты, якія не толькі не разумеюць цябе, але і варожа настроены. Ды і прысутнасць знаёмага і блізкага чалавека, як ёй здавалася, рабіла знаходжанне тут не такім ужо небяспечным.

Немцы чакалі, між тым, адказу. Але ўжо не ад Розы, не. Яны чакалі сабе адказу ад гэтай русявай і мілай з выгляду жанчыны, дарма што славянкі, якая не пабаялася прыйсці сюды сама і стаць побач з яўрэйкай. Смелы і, здавалася, неразважлівы ўчынак падзейнічаў на іх, таму яны нават не сталі чыніць перашкоды, калі жанчыны пачалі перамаўляцца паміж сабой на не зразумелай для іх мове.

Дуня даволі хутка ўцяміла, што цяпер менавіта ад яе немцы чакаюць адказу. Якраз таму яна і сказала Розе, каб тая непрыкметна падавалася да верамейкаўскіх баб. Але яна не запярэчыла немцам адразу, спачатку сама была збіта з панталыку — чаго-чаго, а гэтага, што выдумалі цяпер пра Розу, і ўявіць цяжка. Думала, немцы, дурэючы, і праўда кінуліся ў забаву. На справе ж выходзіла іначай.

— Не, пан, Роза — не юда,— нарэшце сказала Дуня, гледзячы скрозь шкельцы акуляраў у нецярплівыя вочы высокага немца.— Яна не яўрэйка. Яна — наша. Мы ж з адной вёскі, дак і яна беларуска, як і ўсе мы тама. Не, пан, Роза...

Яна яшчэ не паспела давесці сваё, як убачыла — чыесьці закасаныя па локці рукі пацягнуліся спераду да Розы, гатовыя ўчапіцца ёй у кучаравыя, схопленыя на патыліцы карычневай стужкай, валасы; зноў загаманілі, ажно закрычалі кругом чужымі галасамі салдаты; Дуня ад гэтага вэрхалу схамянулася і ў той жа момант зразумела, што словы яе займелі нейкае адваротнае дзеянне. Яшчэ не ведаючы дакладна, у чым справа, яна памкнулася загарадзіць сабой сяброўку і найперш з усяе моцы, на якую хапіла замахнуцца, пляснула немца па закасаных руках.

— А лю-юдзечкі, што ж ета ро-обіцца! — услед за гэтым у бяссільнай роспачы залямантавала кабета, акурат спадзявалася, што нехта блізка пашкадуе.

Але прыйсці на дапамогу не было каму, нават калі б хто і памеў адвагу,— акрамя верамейкаўскіх баб, якія стаялі гуртам на дарозе, на ўсёй гэтай вуліцы, занятай нямецкімі салдатамі і грузавікамі, не траплялася воку ніводнай іншай душы.

Тыя ж закасаныя рукі, што не дацягнуліся да Розы,— яны адно пахіснуліся ўніз ад удару жанчыны,— не меняючы напрамку, тыцнуліся Дуні ў грудзі, і Дуня адчула, як учэпістыя пальцы пачалі сціскаць шаўковую блузку, загаляючы і здзіраючы яе са спіны. Дасюль Дуня рабіла ўсё акурат неўзнарок, падпарадкоўваючыся толькі кароткім унутраным штуршкам, якія хутчэй былі вынікам не заўсёды асэнсаванага пратэсту — дзіва што, крыўдзілі яе сяброўку! — а тут зразумела раптам, што небяспека ўжо стала пагражаць самой. У момант яна напружынілася ўся, налілася непрытворнай, а ўжо сапраўднай злосцю і моцна ўхапіла немца за запясці коўзкіх ад насычання бензінам рук, патрымала іх у адным становішчы, быццам яшчэ не цалкам верачы, што падолее мужчыну, тады моцным штуршком уніз адарвала ад сябе, ажно паляцелі ў самой, быццам пырхнулі адкуль, эмалевыя гузікі з блузкі. Цяпер, калі ніхто не гнуў яе галаву кнізу, Дуня ўбачыла немцаў твар, перш за ўсё чырвоную, у палец шырынёй, палоску пад левым вокам, якая, няйначай, была нейкім абгарэлым следам,— альбо ў дзяцінстве падпякло блазнюка чым, альбо ўжо цяпер, на вайне, зачапіла,— затым вочы, мутныя і набрынялыя невыразнай вадкасцю, усё роўна як у п’янага, бо ў іх не толькі было прыкметна разумнага бляску, але і жывой рухомасці. Здавалася, гэтага намагання яе хапіла ўжо, каб немец зусім адчапіўся. Ды дзе там! Той нават і не збіраўся адступаць. Праз нейкі момант ён ужо зноў пачаў выпростваць да яе свае закасаныя, з растапыранымі пальцамі рукі, наважваючыся ўхапіцца за расхрыстаныя грудзі, на якіх яна не паспела захінуць блузку. Тады Дуня рашылася на самае простае, да чаго звяртаюцца ўжо ў апошнім выпадку ўсе жанчыны,— раптам з агідай плюнула гвалтаўніку ў твар. Але гэта было ўжо, як кажуць у такім разе, зусім занадта. Нават немец у акулярах, які лічыўся ці не старэйшым у іх, і той падаўся назад, баючыся, што калі не адумаецца і не сціхне гэтая жанчына, то наступны плявок атрымае ён, як самы, бадай, блізкі.