— Фэстнэмэн!24 — крыкнуў ён зрывістым голасам і для пэўнасці яшчэ ўзняў на ўзровень сваіх вачэй вывернутую вонкі далонь, маючы намер засланіцца так.
Дуня больш не абаранялася ад немцаў і сама не нападала. Здавалася, у яе кончыліся сілы, і яна ўжо няздольная стала на супраціўленне. Таму яна дазволіла двум немцам, якія кінуліся да яе па толькі што пачутай камандзе, заламаць за спіну сабе рукі, а сама, яўна стыдаючыся, пачала захінаць барадой на грудзях блузку, спрабуючы дацягнуцца такім чынам да абедзвюх манішак.
Немцы, папіхваючы адзін аднаго то плячамі, то спінамі, тут жа расступіліся на бакі, утвараючы ў натоўпе праход, а тыя два салдаты, што заламалі за спіну Дуніны рукі, штурханулі Дуню наперад, павялі па гэтым праходзе. Не засталіся стаяць на месцы і астатнія немцы, што складалі дасюль натоўп. Яны таксама з неспакойнай гаманой рушылі ўслед, утварыўшы цэлую працэсію. У выніку атрымалася так, што на нейкі час немцы забыліся пра Розу, і яна засталася на абочыне дарогі, адна. Стаяла і з жахам сачыла за тым, што будзе з Дуняй далей. Вось немцы нарэшце давялі Дуню да крайняга грузавіка, і хоць там была металічная прыступка, але яны яшчэ адкінулі і задні борт. Дуня вызваліла рукі, мусіць, ёй ужо не заміналі гэта зрабіць, азірнулася па баках, усё роўна як развітвалася з усім, што навокал, тады паставіла калена на край адкінутага борта і, хапаючыся за дно кузава, сама палезла ўсярэдзіну, пад тэнт. За ёй лёгка скочылі туды і тыя два немцы, што вялі яе сюды. Яны адразу засланілі сабой у кузаве Дуню, і Роза колькі ні прыўзнімалася на дыбачкі, каб стаць вышэй, але не магла ўбачыць сяброўку.
За сябе Роза не баялася. У яе чамусьці было такое разуменне, што недарэчнасць, якая здарылася з ёй, больш не паўторыцца і што немцы пакінулі яе ў спакоі свядома. І наогул, па прастаце душэўнай Роза схільна была думаць, што ўсё-ткі дарэмна Дуня гэтак неразумна павяла сябе, урэшце, яна б, Роза, і сама паступова неяк выбавілася б з нечаканай пасткі, няхай нават што палічылі яе за яўрэйку, бо ці мала што выдумаць можна, калі меркаваць пра чалавека толькі па знешняму выгляду. Але ж на самой справе яна ніякая не яўрэйка, значыць, і баяцца надта няма чаго. Нябозе зусім няўцям было, што адно ўжо імя — Роза, якое, нічога не падазраючы, вымавіла яе сяброўка, узбурыла немцаў дарэшты. Не здагадвалася яна і пра тое, што пройдзе ўсяго некалькі хвілін, і немцы спахопяцца, зноў успомняць пра «юду», бо сам учынак, які зрабіла Дуня, кінуўшыся бараніць яе, будзе разглядацца як недапушчальны крымінал — супраціўленне вермахту і свядомае спачуванне яўрэям... А пакуль пра Розу яшчэ не ўспомнілі немцы, то яна стаяла сабе ціха на месцы, быццам пакінутая восеньскай чарадой пакалечаная птушка. Роза чула, як ужо колькі разоў нясмела, бы ў кулак, гукалі яе верамейкаўскія бабы, што тоўпіліся воддаль, за скрыжаваннем, але яна чамусьці нават не паварочвала ў іхні бок галавы, акурат баялася, што яе пачнуць ушчуваць там ды вінаваціць ва ўсім. Можа, якраз гэта вось адчуванне і падказала ёй нарэшце зрабіць іначай — паспяшыць не туды, куды клікалі яе спадарожніцы, а наадварот, падацца да грузавіка, дзе знаходзілася пад вартай Дуня Пракопкіна. Паволі і зусім непрыкметна, усё роўна як не ў сваім розуме, маладая салдатка пачала перамяшчацца з абочыны на дарогу, тады бліжэй да плота. Калі нарэшце яна апынулася на паўдарозе да грузавіка, раптам нехта аклікнуў яе з гарода — проста, узяў ды выгукнуў штосьці зусім невыразнае, ды кашлянуў, пэўна, адно каб прыцягнуць у свой бок увагу. Роза зразумела гэта, тут жа кінула скоры позірк на плот. Там, за рэдкім зялёным хмызам, можа, насаджаным маліннікам, скрытна стаяў чалавек. Відаць, то быў мясцовы жыхар, гаспадар хаты, што знаходзілася па левы бок вуліцы, ад скрыжавання другой па ліку; хата тулілася ў зацені старых ліп, на якіх віселі, прымацаваныя да ствалоў, пакрытыя бяростай круглыя вуллі. Круцячы галавой па баках, чалавек клікаў Розу пальцамі да сябе, выразна даючы зразумець, што мае нешта сказаць ёй.