Выбрать главу

— Ты што ж гэта робіш? — пачаў гаварыць ён паспешліва і паўшэптам, калі Роза падышла па яго знаку да плота.— Уцякай, пакуль не позна! Уцякай, дзеўка!

Ці то гэты паўшэпт вывеў яе з душэўнага здранцвення, ці то ён з’явіўся толькі зыходным штуршком, нават не штуршком, а тым псіхафізічным момантам, якога яна ўнутры, можа, сама несвядома чакала, аднак Роза раптам сапраўды памкнулася бліжэй да плота. Затрымалася перад ім на момант, а тады ўхапілася абедзвюма рукамі за верхнюю жардзіну. Пералазіла яна цераз плот па-жаночы, не адразу і скокам, як робяць гэта звычайна мужчыны, а паступова, лучаючы нагамі ўгору па кожнай прыступцы. Немцы ў гэты час, няйначай, заняты былі размовамі пра здарэнне, якое толькі што адбылося, таму Роза зусім без перашкоды пералезла па той бок плота і, падхапіўшы левай рукой падол шырокай спадніцы, пабегла мяжой па гародзе, забылася нават пра чалавека, які, уласна, падказаў ёй гэтак ратавацца. Бегла яна няспрытна, чаплялася за бульбоўнік, што аплятаў мяжу, да таго ж гарод выгляд меў узгоркавы, схілам спадаў да вуліцы, і бегчы ўвесь час даводзілася ўгору. Неўзабаве Роза адчула, як горыч пачала захаланаць ёй у сярэдзіне грудзі. Ёй бы па сіле якраз спыніцца цяпер, каб хоць перавесці дыханне, а яна ўсё бегла і бегла. Нарэшце адолела пагорак. Думалася, па роўным ужо будзе нашмат лягчэй уцякаць, аднак адразу за ўзгоркам пачынаўся нечы другі гарод, хоць і без плота, ды ўзараны ўпоперак мяжы, па якой дасюль шыбавала Роза. Горыч, якая спярша нібыта заткнула адны грудзі, цяпер працінала як не наскрозь усё нутро, а сэрца, здавалася, вось-вось праб’е збоку грудную клетку, выпырхне адтуль спалоханай птушкай. Ды і ногі зрабіліся зусім непаслухмяныя, яны не тое што адубелі ці падкошваліся ад знямогі, проста ажно балелі, усё роўна як перад гэтым вытрымалі вялікі цяжар на сабе. Роза яшчэ прабегла гэтак трохі ўздоўж разоры, павярнуўшы на новым гародзе направа, тады прымусіла сябе спыніцца.

Сонца якраз вісела над тым пагоркам, па якім Роза толькі ўзбегла сюды. Цяпер ён засланяў усю местачковую вуліцу, дзе стаяла нямецкая калона. Можна было спадзявацца, што немцы таксама не маглі бачыць яе адтуль. Але ж там, пасярод вуліцы, засталіся верамейкаўскія бабы!.. Таксама недзе ў грузавіку сядзела Дуня Пракопкіна, якая адна цяпер мусіла адказваць за ўсё!.. Роза адно толькі ўявіла, што можа здарыцца па яе віне, як раптам закалацілася ўся ў адчаі і, слепнучы ад горкіх слёз, бухнулася ніцма ў разорыну. Хоць яна і ўсведамляла сваю бездапаможнасць, хоць яна і разумела, што мала чаго можа, аднак у душы не збіралася доўга хавацца тут, на гэтых незнаёмых гародах, ёй здавалася — яна толькі паляжыць трохі наводшыбе, а затым вернецца назад, на вуліцу, няхай ужо будзе там што будзе!.. Ды і ў дачыненні да Пракопкінай Дуні льга было захаваць звычайную чалавечую прыстойнасць, тая не спалохалася і не падумала пра сябе, калі ішла на выручку ёй!.. Тым часам міналі хвіліны, а Роза ляжала нерухома ў разорыне, быццам не магла хоць колькі адарваць ад зямлі сваё непаслухмянае, нягнуткае цела.

* * *

Між тым, немцам нарэшце спатрэбілася гэтак нечакана злоўленая «яўрэйка». Але на абочыне местачковай вуліцы яе не было ўжо. Тады яны кінуліся шукаць Розу па дварах, якія стаялі абапал старога тракту. Разбегшыся па тры, па чатыры, заклапочаныя салдаты ўрываліся з рашучымі тварамі ў хаты, шнарылі скрозь па хлявах, заглядвалі ў паграбы. Аднак дарэмна — Розы нідзе не знаходзілі. Адзіны, хто мог штосьці канкрэтнае сказаць пра яе, быў той чалавек, што нядаўна цікаваў на гародзе з зялёнага хмызу. Але і яго не відаць было на ранейшым месцы — гаспадар сігануў з малінніку адразу, ці не следам за Розай, толькі не пабег далёка па гародзе, а павярнуў да сябе ў хату. З акна адтуль яму было відаць усё — і як немцы неўзабаве замітусіліся вакол, шукаючы знікшую «яўрэйку», і як вясковыя кабеты, што прыйшлі з ёй у Яшніцу, змаўляліся аб нечым на дарозе. Яму толькі дзіўна зрабілася, чаму пры такой сітуацыі гэтыя кабеты ўсё яшчэ не разбегліся, адно стаяць ды талопяць, быццам неразумныя авечкі, на немцаў вочы.

Вядома, здзівіцца хоць з чаго не надта цяжка, асабліва калі ёсць на гэта падстава. Але, як падумаць, то зразумець верамейкаўскіх кабет таксама можна было — куды раптам пойдзеш адсюль, калі дзвюм спадарожніцам пагражае небяспека? Натуральна, яны не ведалі, чым канкрэтна магла пагражаць і Дуні, і Розе небяспека, бо ніхто з кабет не бачыў нават збольшага, што адбылося — усе запомнілі толькі, як спярша дураслівы немец злавіў каля плота і сілай павёў за руку цераз дарогу Розу, затым туды на выручку сяброўцы накіравалася Дуня... І вось цяпер не было ні Розы, ні Дуні!.. Праўда, Дуня ў грузавіку. За гэтым ужо верамейкаўскія жанкі пастараліся прасачыць акурат. А Роза дык і зусім знікла з вачэй, падобна было, што яна альбо ўцякла, альбо проста схавалася дзе паблізу, вось толькі ніхто не згледзеў, як ёй удалося зрабіць гэта: немцы, здавалася, наогул забыліся пра яе існаванне, а верамейкаўскія кабеты, пераканаўшыся, што яна не абзываецца — ні рухам, ні голасам — на іхняе гуканне, звялі вочы з салдаткі ў другі бок, пачалі назіраць за немцамі.