Немцы, між тым, сапраўды колькі хвілін паводзілі сябе спакойна, усё роўна як у іх і ў галовах не было нічога пра нядаўні інцыдэнт. Магло здавацца, што наогул ніякага выпадку не адбылося, і Дуня Пракопкіна трапіла ў грузавік зусім па добрай згодзе, па сваёй ахвоце, дальбог, хоць падумай: няйначай, гэтыя маладыя немцы ўгаварылі яе паехаць кудысьці разам, быццам казакі тую Галю... Але вось аднекуль з галавы калоны прыбег да скрыжавання унтэр-афіцэр, той самы немец у акулярах, што дапытваў спярша Розу, пасля — Дуню, і тады, каля аўтамашыны зноў прыйшло ўсё ў рух. Было відаць, як салдаты пачалі недаўменна круціць галовамі, азірацца вакол, нарэшце забегалі ўдоўж вуліцы. Пакуль унтэр-афіцэр звярнуў увагу на верамейкаўскіх кабет і падумаў, што «яўрэйка» за гэты час, як ён бегаў дакладваць аб інцыдэнце камандзіру роты, магла далучыцца да іх, салдаты паспелі абшукаць вуліцу ўдоўж платоў, і па той і па гэты бок, перавярнулі ўсё ўверх дном у бліжэйшых дварах. Да верамейкаўскіх кабет унтэр-афіцэр падышоў у суправаджэнні чамусьці толькі двух салдат, сярод якіх быў той Макс, што пачынаў нядаўнюю гульню-забаву. Праз яе тады і пачалося ўсё. Макс гэты стараўся цяпер найбольш — падскокваў да кожнай жанчыны, пільна ўглядаўся ў твары, наогул неяк празмерна мітусіўся, усё роўна як адчуваў за сабою віну. Унтэр-афіцэр таксама акурат не знаходзіў сабе месца — яму край неабходна было адшукаць «яўрэйку» вось зараз, гэтую ж хвіліну, бо камандзір роты не захацеў займацца нечакана ўзнікшай справай, ды і не было калі, таму што канчаўся адведзены на прыпынак у гэтым мястэчку час, і загадаў перадаць абедзвюх кабет — і злоўленую «яўрэйку», і тую, што аказала супраціўленне ягоным салдатам пры затрыманні «яўрэйкі»,— альбо ў штаб тылавога раёна, дзе па штату ёсць чыны палявой жандармерыі, альбо проста ў тутэйшую камендатуру ці нават у паліцыю.
«Вэг! — нарэшце ўзбурыўся сваёй няўдачай унтэр-афіцэр, і Макс з другім салдатам кінуліся адпіхваць аўтаматамі верамейкаўскіх баб.— Вэг!»25
«Вэг!» — з нейкай зацятай ахвотай паўтаралі яны, акурат ляскалі пугамі, кароткае унтэр-афіцэрава слова і ўсё далей адпіхвалі аўтаматамі баб, ажно пакуль не загналі ўсіх у бакавую вулачку, вузкую і кароткую, звычайны завулак, што недзе злучаў сабой другую, паралельную гэтай, вуліцу.
Зноў, як і на тым скрыжаванні, верамейкаўскія кабеты збіліся ў гурт, але не шумелі, стаялі моўчкі, толькі некаторыя, найбольш трапяткія і жаласлівыя, ціха ўсхліпвалі ды выціралі рукамі вільготныя ямкі пад вачамі.
Неўзабаве стала чутно, як на скрыжаванні загурчалі маторы, адразу запахла скрозь дымам, які неўпрыкмет паплыў на местачковых гародах. Можна было здагадацца, што нямецкая аўтакалона нарэшце збіралася рушыць далей. Але жанчыны яшчэ доўга не адважваліся падысці па завулку ды глянуць уздоўж шляху. І толькі тады, як шум матораў аддаліўся ад скрыжавання і пачаў паступова сціхаць, смялейшыя з верамейкаўскіх кабет набраліся духу датупаць да таго месца ў завулку, адкуль направа і налева праглядвалася ўдоўж сама вуліца. Ад скрыжавання яна ішла ўгору, дужа гарбацілася за якога паўкіламетра адсюль і ўся была пустая, адно ў прыдарожнай канаве, якраз насупраць таго двара, дзе на ліпах віселі вуллі, ляжала нейкая скрыня.
— Ну, што? — падышла да смялейшых кабет і Анэта Прыбыткова.
— Не відаць,— не паварочваючы галавы да яе, а ўсё гледзячы ў той бок яшніцкай вуліцы, куды зніклі за пагоркам нямецкія грузавікі, адказала Варка Касперукова.
— Во нарабілі бабы клопату! — зусім пасмялеўшы, абурылася тады Кузьмова нявестка.
— Каб жа аднаго клопату! — дакорліва паківала галавой Гэля Шарахоўская і раптам схапілася рукамі за твар, быццам збіралася загаласіць.