Выбрать главу

— Ну, Дуню павезлі яны,— маючы на ўвазе немцаў, разважыла Варка Касперукова.— А дзе ж Роза?

— Дак можа і Розу тады павезлі з сабой? — усё роўна як спыталася ў самой сябе раздумлівым голасам Прося Рацэева.

— Наўрад ці...— адразу ўсумнілася Анэта Прыбыткова.— Хто ж ета бачыў?

— А хто іх ведае,— развяла рукамі Гэля Шарахоўская.— Можа, й павезлі...

— Дак чаму тады немцы ўзбегаліся былі? — не пераставала сумнявацца Кузьмова нявестка.— Во і нас загналі сюды. Можа, якраз Розу шукалі? Не, бабы, так не трэба гаварыць. З Дуняй — тут усё, здаецца, ясна, яе немцы павезлі з сабой на машыне, а Роза...

— Анэта праўду кажа,— падтрымала Кузьмову нявестку Палага Хахлова.

— Яй-бо, Розу немцы шукалі,— пачалі падаваць упэўнены голас і другія кабеты.

— Анягож...— паступова згаджаліся амаль усе. Варка Касперукова кіўнула галавой:

— Ета ж каб і праўда з нармальнымі людзьмі справу меў. А то ж немцы!.. Што яны табе скажуць на сваёй мове? Да і ім што ты ў адказ скажаш? Адно і чуеш — гер-гер...

— Як ужо так выходзіць у нас, дак лепей было б нам і саўсім не ісці сюды,— уздыхнула, зажурыўшыся, Анэта Прыбыткова.— Тады ў тым Ключы праява выйшла, а цяпера й тута. Вярнуліся б яшчэ з Ключа тады, дак...

— Дуня як прадчувала, не хацела ісці.

— Дак...— Анэта пастаяла задуманая, тады і сама быццам асуджаць Дуню пачала: — Я таксама етак вам скажу — трэба вярнуцца было.

— Але ж каб ета знаццё!..

— Ага, каб знаццё! — пачалі бедаваць бабы. Аднак стаяць у завулку і разважаць доўга тым часам не выпадала.

— Ладна, бабы! — гледзячы з-пад рукі на сонца, спыніла дарэмныя нараканні Варка Касперукова.— Бяду з вамі цяпера во, етую мінуту, мы не паправім. Давайце думаць, што рабіць далей.

— Трэба пашукаць Розу...

— Што Роза? — Варка нахмурыла чорныя бровы, якія на яе светлым твары былі ўсё роўна як непрывычныя.— Роза, калі што якое, калі яна і праўда схавалася дзе, дак Роза выйдзе, сама неўзабаве будзе шукаць нас. Але што нам рабіць? Можа, пакуль што да чаго, дак сходзім да таго лагера? Трэба ж неяк паглядзець, ці ёсць нашы тама, каб пасля дарэмна не думалася.

— Тады зробім так,— пачала распараджацца Анэта Прыбыткова.— Вы ўсе ідзіце да царквы, вунь, бачыце, булавы дзе тырчаць, дак вы зараз ідзіце туды. Лагер недзе ля царквы. А я тым часам тута пабуду. Можа, Роза адкуль вынікне. Не сядзець жа ёй да самага вечара ў схроне. Дак я і прывяду яе адразу к вам. І пра Дуню яна ўсё скажа. Толькі глядзіце, бабы, ужо і майго тама, можа, й мой трапіцца, дак скажыце, што я таксама з вамі прыйшла.

— Не,— упарта замахала рукамі Варка Касперукова,— не дзела ты зараз гаворыш, дзеўка! Трэба неяк разам трымацца. Альбо тута застанемся стаяць усе, альбо наадварот — пойдзем туды разам. А то пагубляемся ўсе ў етай Яшніцы і знаць пасля не будзем, хто дзе. Хопіць ужо і таго во, што Дуні з Розай няма. А цяпера ты во нешта такое захацела. Каб і самой трапіць у якую неспадзяванку. Не, Анэта, і не думай заставацца. Пойдзем з намі. Во паглядзім на той лагер, пашукаем сваіх, а тады ўжо кінемся ўсе па слядах. Не вяртацца ж нам без кабет у Верамейкі. Колькі сірат адразу наробім тама! У Дуні двое заплачуць у хаце, і ў Розы таксама...

Але Анэта не краналася з месца. Тады Варка Касперукова паклала ёй руку на спіну і лёгенька падпіхнула наперад.

— А ма-а-амачкі мае-е!..— як не заплакала зрушаная з месца Анэта.

— Цыц! — строга сказала ёй Варка, нібыта і праўда занепакоеная тым, што салдатка зараз пачне лямантаваць.— Слязьмі не паможаш. Можа, яшчэ ўсё абыдзецца. Я вось толькі думаю, дарэмна тады Дуня сама пайшла да немцаў. Роза б і адна выбавілася ад іх. Ну, падурэлі б трохі, а тама й адпусцілі.

— А я думаю,— яшчэ больш скрывілася Кузьмова нявестка,— што ета мы вінаваты. Каб пайшлі на выручку ўсе разам тады, а не адна Дуня, дак... Можа б, і не здарылася такое.

— Думаеш, мне не шкода нашых баб? Думаеш, адна ты такая жаласная да харошая?

— Дак...

— Усім нам шкода іх,— уздыхнула Варка Касперукова.— Але што цяпера зробіш? І наогул, хто ведае, што цяпера рабіць? Ну, будзем блукаць па мястэчку да вінаватых сярод сябе шукаць, а тады што? Не, лепей і праўда мы зараз во сходзім сабе к таму лагеру, паглядзім мужыкоў, пасля ўжо прыкідваць станем, што да чаго.

Лагер ваеннапалонных у Яшніцы сапраўды быў ля царквы, дакладней, у самой царкве, даўно непрыгоднай для службы. Але яшніцкая царква мела яшчэ і старую агароджу, таму лагерам называлася ўсё разам — і дзіравы з даху будынак царквы, і агароджаны царкоўны двор. Побач размяшчалася кірмашовая плошча.

У сярэдзіне мястэчка, на вуліцах, ужо сустракаліся людзі, па ўсім тутэйшыя — яшніцкія жыхары. Але ніхто з местачкоўцаў надта не дзівіўся з вялікага гурту чужых кабет, бо такое цяпер нярэдка даводзілася бачыць.