Выбрать главу

Плошча з краю да краю была пустая, і тым з верамейкаўскіх кабет, якія траплялі сюды раней, яна бачылася такой, бадай, упершыню: у кірмашовыя дні тут заўсёды поўна, ажно іншы раз не пратачыцца, народу, таксама вазоў, на якіх прывозяць прадаваць у мястэчка ў драўляных скрынях гусей, свіней ды іншую хатнюю жыўнасць. У вокнах местачковых дамоў, што стаялі прыбудовамі шчыльна адзін да аднаго, адсвечвала трапяткой ружовасцю сонца, якое дагарала сёння акурат над старым, парослым крывулямі-вербамі валам, насыпаным яшчэ ці не ў Паўночную вайну, калі ў гэтых месцах Пятровы войскі адбівалі ад Масквы шведаў. Больш як за дзвесце гадоў вал ужо амаль зраўняўся з плошчай, і толькі па старых вербах угадваўся колішні абрыс яго. Двухгаловая цагляная царква, што вонкава нагадвала хутчэй касцёл, узвышалася з паўднёвага боку кірмашовай плошчы, таму сонца высвечвала яе ад самага мармуровага цвінтара да канічных купалаў, на якіх блішчалі пустацелыя, акурат выгнутыя з дроту, крыжы. Агароджа вакол царквы стаяла з керамічных сотаў, і праз іх скрозь праглядваўся царкоўны двор, па якім ляніва, як тыя манахі, сноўдалі палонныя ў чырвонаармейскай форме. На далёкім рагу агароджы, там, дзе цераз дарогу да яе туліліся местачковыя двары, была ўзведзена назіральная вышка, збітая з дошак і паднятая ўгору на драўляныя слупы. На вышцы стаяў і глядзеў на верамейкаўскіх кабет вартавы немец з наведзеным на плошчу кулямётам.

Салдаткі на нейкі момант замуліліся на сярэдзіне плошчы — ісці альбо не ісці далей, але ўсё ж перамаглі ў сабе атарапеласць, якая ўзнікла пры выглядзе гэтай вышкі з узброеным вартавым. Набліжаліся яны да лагера, жагнаючы сябе кожная правай рукой, быццам і на самой справе ў думках цяпер нічога не было, акрамя царквы гэтай ды госпада бога.

Між тым, палонныя таксама ўгледзелі новы гурт вясковых кабет яшчэ на плошчы, здаецца, хтосьці нават гукнуў пра гэта на ўвесь двор, бо з царквы адразу ж пачалі з’яўляцца постаці ў чырвонаармейскай форме. Усе яны — і тыя, што бадзяліся дагэтуль па двары, і тыя, што хаваліся ў будынку царквы,— накіроўваліся насустрач кабетам, да керамічнай агароджы. Пакуль жанчыны перасякалі плошчу, падыходзячы да самага лагера, з таго боку ля агароджы паспелі пастаць ледзь не ўсе насельнікі двара. Іх было няшмат, сотні дзве, калі трохі не болей. Палонныя былі даўно не стрыжаныя і не голеныя, мелі выгляд змарнелых людзей, хоць і не зусім такіх, каб не трымацца на нагах. Справа ў тым, што ў яшніцкім лагеры палонным ужо давалі харчу для падтрымання сіл, каб людзям не толькі жыць тут, на гэтым царкоўным двары, але таксама хадзіць на работу — на лесапільню, на бальшак, дзе кожны раз даводзілася засыпаць усё новыя і новыя калюжыны ды выбоіны ад гусеніц і колаў, на павал лесу. Да таго ж і сам тутэйшы лагер быў невялікі. Словам, у гэтых палонных пакуль яшчэ някепска трымалася душа ў целе. Але вочы ва ўсіх, на каго ні паглядзець, былі сумныя, як у сапраўдных нявольнікаў.

Па тым, што вартавы на назіральнай вышцы свабодна дапусціў верамейкаўскіх кабет да агароджы лагера, дзе па другі бок стаялі ваеннапалонныя, можна было адразу зрабіць вывад, што гэтакае тут адбывалася часта, прынамсі, ужо не першы раз. На нейкі час кабеты і палонныя, здавалася, наогул былі пакінуты без увагі. І толькі хвілін праз колькі з невялікай хаткі, дзе раней, мусіць, змяшчалася царкоўная гаспадарка, выйшаў нямецкі салдат з аўчаркай на повадзе і аўтаматам на грудзях. Ён таксама не кінуўся адганяць кабет ад агароджы. Трымаючы няўрымслівую аўчарку на повадзе, пачаў моўчкі і няспешна пахаджваць паўз дапаўшых да агароджы кабет. А тыя за гэты час, пакуль іх ніхто не чапаў, ажно пасмялелі зусім — перабягалі з месца на месца, каб лепей бачыць твары палонных, гукалі.

Перш чым назваць Івана, Варка Касперукова гучна спытала:

— З Верамеек ёсць сярод вас? Можа, Пармен Пракопкін альбо Іван Самусь? — Гэта яна клапацілася пра сябровак, якія не дайшлі да лагера.— А Каспярук Іван? Ёсць Каспярук ці не? Кажу, з Верамеек ёсць сярод вас хто?

Але верамейкаўскіх мужыкоў у яшніцкім лагеры не было.

Тады Прыбыткова Анэта пачала дапытвацца ў кожнага, абы злавіла чый позірк на сабе:

— Можа, хто сустракаў нашых? Верамейкаўскіх?

Нарэшце адзін, высокі і вузкі ў плячах, з акуратнай чорнай барадой палонны нібыта злітаваўся, сказаў:

— Тут мясцовых няма. Прыходзілі вось так, як і вы, жанчыны і забіралі сваіх. Хоць, зрэшты... А чаму яны павінны быць у лагеры? Можа, ваююць? Вам хто-небудзь сказаў, што яны ў палоне?