Выбрать главу

— Не, ніхто не гаварыў.

— Дык чаму вы тады шукаеце?

— Ну як жа... Ета ж... мужыкі нашы!.. Хто ж аб іх другі паклапоціцца?

— Але самі бачыце,— счакаўшы трохі, сказаў палонны,— вашых сярод нас няма. Як вы кажаце, верамейкаўскіх?

— Ага.

— А прозвішчы? Як прозвішчы мужыкоў вашых?

— Майго, напрыклад, Прыбыткоў,— з нейкай новай надзеяй сказала Анэта.— Іван Прыбыткоў. І Цімох Прыбыткоў. Ета брат мужа майго. А яе,— Анэта паглядзела на Палагу Хахлову, што стаяла побач,— яе чалавека таксама Іванам завуць. Хахол прозвішча. Іван Хахол. Можа, сустракаліся?

— Не.

— Дак, можа, на вайне сустракалі? — удакладніла Анэта, усё роўна як спадзеючыся, што палонны нешта ўспомніць яшчэ.

— Не, Прыбыткова я не сустракаў,— адказаў Анэце ваеннапалонны.

— А Хахла, Івана Хахла не бачылі? — спыталася ў сваю чаргу Палага.

Палонны пасля гэтага павярнуў галаву направа, налева і гучна спытаўся:

— Тут пытаюцца Івана Хахлова з Верамеек, не ведаеце хто? — І, не дачакаўшыся адказу, паспачуваў: — Бачыце, не сустракалі.

Між тым, зняволеныя, страціўшы цікавасць да верамейкаўскіх жанчын — маўляў, нават ніякага харчу з сабой не прынеслі, пачалі патрохі разыходзіцца ў розныя канцы па двары.

І гэты палонны, што спагадліва размаўляў спярша з Анэтай Прыбытковай, а тады і з Палагай Хахловай, якая таксама старалася хоць што якое выведаць пра свайго мужа, памкнуўся быў ужо пайсці, аднак затрымаўся быццам на момант і раптам зацікаўлена спытаўся:

— Верамейкі? Дзе гэта Верамейкі вашы?

— Дак... За Хоцімскам туды,— адказала яму Палага.— Якраз як пайсці адсюль на Бялынкавічы, а тады ажно да Малога Хоцімску.

— Далёка?

— Да вёрст каля сарака, лічы, будзе.

— Так,— сказаў як сабе палонны.

Тады не стрымалася, каб не спытацца, Анэта Прыбыткова.

— А сам жа адкуль будзеш?

— Я не тутэйшы,— усміхнуўся палонны.— Я — з Масквы.

— А-а-а,— паківала галавой Анэта, быццам яна зразумела штосьці больш за тое, што было сказана.— І колькі ж вам тута, у етай царкве, сядзець прыйдзецца?

— Мусіць, да канца вайны. Хоць... Вось каб хто з вас сказаў немцам, што я... Ну, што я таксама нечы муж.

Паварот такі ў размове зусім быў нечаканы, таму Анэта Прыбыткова ажно сумелася. Затое Палага Хахлова раптам больш уважліва паглядзела на чалавека, быццам прымерваючыся. Нарэшце вінавата ўсміхнулася.

— Дак... Мы, здаецца, не пара ўжо адзін аднаму. Хоць ты і з барадой, і зарос, але ж па вачах бачу — малады. Вось каб Анэта?

Пачуўшы гэта, Кузьмова нявестка войкнула і спалохана замахала рукамі:

— Ты не ў сваім розуме, Палага! Як ета я пры жывым мужыку да назаву другога? — яна нават не адважвалася цяпер паглядзець у той бок, дзе стаяў за керамічнай агароджай палонны.

Палага таксама зразумела, што дарэмна гэтак лёгка сватае салдатцы незнаёмага чалавека. Але перавесці гаворку на жарт і адбыцца адным ім ёй таксама не хацелася, бо чалавек не жартаваў, прасіў сур’ёзна. І яна таму памкнулася да другіх спадарожніц, пачала тузаць іх, шэпчучы ледзь не кожнай на вуха і паказваючы то кіўком галавы, то проста рукой на палоннага. Глянуўшы ў той бок, салдаткі, акурат як і толькі што Анэта Прыбыткова, войкалі ад нечаканай прапановы, сарамліва хіхікалі, быццам Палага падбівала іх на штосьці непрыстойнае.

— Але ж неяк трэба памагчы чалавеку! — нарэшце разгубілася кабета.

Страціўшы надзею ўгаварыць каго-небудзь са сваіх спадарожніц, яна тым не менш абнадзейваючы махнула палоннаму рукой, маўляў, не бядуй, усё роўна выручым, тады павярнулася да вартавога, які, быццам не зважаючы ўвагі на кабет і на палонных, тупаў непадалёк з аўчаркай на павадку.

— Пан,— пачала яна прасіць таго, хапаючы за рукаў,— тама чалавек мой. Вэнь стаіць. Аддайце мне яго.

— О, гут, гут!26 — немец зацікаўлена падышоў да агароджы, паглядзеў паўз керамічную соту на палоннага, затым павёў прыжмураным позіркам з галавы да ног па Палазе і тут жа грэбліва ўсміхнуўся: дужа яснай была розніца ва ўзросце, каб палічыць іх за мужа і жонку; але спытаўся: — Іст эс дайн зон? 27

— Так, муж, так,— не зразумела яго Палага і для большай пэўнасці замахала зверху ўніз абедзвюма рукамі.

— Найн, найн, матка,— чамусьці гулліва запярэчыў вартавы.— Кайн ман. Матка — люгт. Матка іст нэ думэ ганс 28.— І абыякава, зусім не раззлаваўшыся, што яго збіраліся абдурыць, патупаў у адваротны бок паўз агароджу.

— Дзякуй вам,— вінавата сказаў спагадлівай жанчыне палонны і сумна ўсміхнуўся: — Гэта мы дарэмна з вамі задумалі...

— А родненькі мой, чым жа памагчы табе яшчэ? — як не залямантавала збітая з панталыку Палага.

— Нічога, дзякуй і за гэта.

— Хоць бы хлеб быў які пры сабе, дак і таго няма,— усё хацела зрабіць нейкую карысную справу душэўная кабета.