Выбрать главу

У гэты момант з таго боку, ад царквы, паказаўся другі немец, але без сабакі, і аб нечым моцна закрычаў. Палонныя, хто яшчэ стаяў ля сцяны, пачалі азірацца на крык і адыходзіць на сярэдзіну двара.

Час быў штосьці пэўнае рабіць і верамейкаўскім кабетам — ніхто ж тут не спаткаў ні мужа, ні брата, ні свата...

— Можа, і праўда, нашы ў Крычаве...

Сказала гэта Варка Касперукова, але падумалі так у адзін голас усе салдаткі. Разам з тым ісці ў Крычаў адсюль ніхто з іх не планаваў — па-першае, гэта не блізка, а па-другое, ніякай гарантыі, што сапраўды апынецца хто-небудзь там з Верамеек...

— А мы думалі, цётка,— гледзячы ўсмешлівымі вачамі на Палагу, раптам нібыта ўспомніла пра няўдалую спробу Гэля Шарахоўская,— што ты... Словам, што вас адсюль сілай падручкі ўжо адводзіць прыйдзецца. Думалі, не расстанешся са сваім масквічом.

Дзіва, але нават у сённяшнім становішчы настрой у верамейкаўскіх салдатак мяняўся, як пагода ў няпэўны дзень — ужо, здаецца, і не чакаеш, а яна раптам то сонцам выблісне, то дажджом пральецца.

Апошнія словы Гэлі Шарахоўскай патанулі ў рогаце, быццам кабеты, усе без выключэння, толькі і чакалі гэтага паджартоўвання.

Палага таксама не пакрыўдзілася на іх. Толькі напусціла на сябе строгасць, сказала:

— Вам абы!..

Тым часам кірмашовую плошчу патрохі пачынала апаноўваць шэрае сутонне, відочнай адзнакай якога ўжо былі доўгія суцэльныя цені з няроўнымі макушкамі, што слаліся нізам ад местачковых дамоў і даставалі праз усю плошчу да брукаванай дарогі паўз царкву.

— Хадзем-ка мы, бабы, дамоў к сабе,— раздумліва, амаль летуценна прамовіла Прося Рацэева.

— Ага, дамоў!..— раптам спахапіліся другія кабеты і загаманілі так, быццам яны зайшлі сёння не далёка ад дому, а былі недзе за Верамейкамі, на блізкіх пожнях.

Між тым, наўрад ці забылася з іх якая, што яшчэ ўдзень згаворваліся ўсе начаваць у Трасціне. Там засталася Анюта Жмэйдава і цяпер, няйначай, чакала іх, каб пасля разам ісці двору. Але з таго часу, як была тая дамоўленасць, шмат што змянілася. Ужо не было з імі Розы Самусёвай, Дуні Пракопкінай... І хоць ніхто з кабет не ведаў, якой у гэтым становішчы можна даць рады, аднак адчуванне віны ў іх было, асабліва цяпер, калі блізка загаварылі аб доме, усё роўна як яны назнарок не збіраліся рабіць для сваіх спадарожніц, што трапілі ў бяду, нават таго, што ад іх залежала. А залежыць магло ад кожнай, таксама як і разам ад усіх, вельмі нямногае, усяго толькі трэба сумленна пашукаць па мястэчку Розу, калі тая сапраўды ўцякла, ды ўведаць нарэшце, куды павезлі немцы Дуню Пракопкіну... Разам з тым тут мелася і свая насцярога — хаджэнне такой парой па местачковых вуліцах, ды яшчэ вясковай гурмай, нарабіла б лішняга шуму, а гэта якраз зусім непажадана, бо хто ведае, якія ўскладненні могуць выйсці пасля, хто можа даць гарантыю, што зноў не прычэпіцца якая-небудзь брыда. Лепш за ўсё, вядома, было б падацца ўжо сёння ў Трасціно, пераначаваць там, а заўтра вярнуцца ў Яшніцу.

— Яно калі Роза і вырвалася, дак цяпер ужо недзе ля Верамеек,— разважала далей Прося Рацэева.

Гэты раз яе падтрымала адна Варка Касперукова.

— Ля Верамеек, можа, і не будзе, а вось за Трасцяном, дак ета ўжо да. Не будзе ж яна варон па дарозе лавіць, раз дала лататы!

Хоць некаторыя другія кабеты таксама дадалі няпэўнае:

— Да ўжо ж...

— А ў Крычаў заўтра не пойдзем? — усё роўна як асуджаючы, паглядзела тады на Варку Анэта Прыбыткова.— Сам ж кажаш: можа, нашы тама!

Варка на гэта не абазвалася.

Затое Палага раптам ціха засмяялася, сказала:

— А я як думаю сабе, дак мой Іван ваюе. Праўду гаварыў той масквіч — чаму ета ўсе салдаты павінны ў палоне апынуцца?

— Ну, ты, цётка, цяпера са сваім масквічом...

— А што?

— Дак...

— А я і праўда думаю — мой Хахол недзе ваюе. Ета вашы... Вашым што, маладым! Абы хутчэй да жонкі маладой пад крыльца. А ваююць няхай старэйшыя.

— Ну, ты ўжо на нашых, цётка, таксама не дужа нагаварвай.

— Дак пойдзем заўтра ў Крычаў, ай не? — зноў падала голас Анэта Прыбыткова, але цяпер больш настойліва, усё роўна як раззлавана, так што і не пачуць ужо нельга было.

— Раніца за вечар разумней,— адказала ёй, уздыхнуўшы, Палага.— Трэба начлегу шукаць, от што я скажу вам, бабы, ці паспеем ета мы дабегчы да таго Трасціна?

— І праўда ж, Анюта чакае...— занепакоена спахапілася Прося Рацэева.

— А Роза?

— Пагукаем і Розу.

— Што гукаць? Трэба шукаць!

— Дзе ж ты цяпера яе ўгледзеш?

— Ага, цёмна робіцца.

— Хадземце, хадзем!..

Гаворачы так, верамейкаўскія кабеты і не заўважылі, як перайшлі нанова кірмашовую плошчу ў Яшніцы.