Выбрать главу

Асабліва запомніўся Зазыбу той раз на сплаве, калі яны з бацькам гналі па Бесядзі вялікі, ажно на трыццаць лавак, плыт ужо глыбокай восенню. Запомніўся якраз не рамантыкай і рызыкай, а зусім іншым. Плыт звязалі яны самі. А бацька дык і наогул траляваў бярвенне для яго. А вось чаму той плыт прастаяў лета ля берага на Бесядзі, мокнучы ў вадзе, Зазыба цяпер ужо не помніў. Здаецца, выйшла нейкая няўпраўка ў гаспадарцы. Адным словам, давялося гнаць ім плыт глыбокай восенню. Калі падплывалі да Сажа, у вусці Бесядзі скрозь ужо блішчаў на сонцы прыпай, а пасярэдзіне ракі — то наперад плыта, то ззаду — ішоў цячэннем шарош, гатовы кожную хвіліну спыніцца, сутыкнуўшыся з якой-небудзь перашкодай, каб таксама ператварыцца ў лёд. Затрымаліся б яны з бацькам на дзень-два тут, на руме, ці каб здарылася якая замінка на гэты час у дарозе — і ўсё, стаяў бы плыт, умёрзлы ў раку, зіму, аж пакуль не вызваліўся б з ледзянога палону потым вясной. Аднак галоўныя пакуты пачаліся пасля — на прыёмачным пункце бацьку чамусьці не заплацілі грошы, сказалі, што атрымае разлік за прыгнаны плыт у сплаўной канторы свайго рума. І яны вярталіся амаль ці не з-пад Гомеля ў Верамейкі пешкі, ужо ўзімку без ніякага фунду. Давялося проста жабраваць ад вёскі да вёскі, бо харчоў, якія яны бралі з сабой з дому, хапіла толькі ў адзін бок. Якраз гэтым і запомніўся Зазыбу той сплаў. Спярша бацька, саромеючыся жабраваць, тлумачыў людзям, хто яны такія з сынам, па-сялянску абяцаў за абед ці сняданак аддзячыць пасля, калі давядзецца ў новы сплаў трапіць сюды. Але потым зразумеў, што дарэмна тлумачыць — усё роўна іх прымалі за жабракоў. Як толькі небарака ўсвядоміў гэта, ісці стала лягчэй — ніхто ні на што асабліва не разлічваў, абы хоць і цвілога, а кавалак хлеба ў торбе не зводзіўся дый начаваць пускалі ў хату. Супала, што ў Верамейкі яны прыйшлі к ночы. Аднак і знарок хацелася аб’явіцца ў вёсцы па-цёмнаму, без лішніх сведак, бо на абодвух шкода было глядзець — адзенне зусім не па зіме, абутак стаптаўся ды і завашывілі яны добра-ткі.

Тым часам з пабудовай чыгункі Унеча — Орша сплаўная справа ў гэтым месцы Бесядзі пачала занепадаць — па-першае, само будаўніцтва чыгункі, пакуль яно вялося, патрабавала багата лесу, а па-другое, з уводам чыгункі ў дзеянне з’явіўся новы спосаб перавозкі яго на далёкія адлегласці. Ва ўсякім разе, на ўсю моц нейкі час працаваў леспрамгас толькі ў адзін бок. Але незадоўга перад вайной, акурат без малога за два гады да яе, зноў тралёўка аднавілася на рум: як і ў даўнія часы, калі рум засноўваўся, забесядскі лес пайшоў за мяжу — спярша да Прыпяці ў плытах ажно па трох рэках, затым пры дапамозе лесавозаў у Буг, які стаў пагранічным.

Дарэмна было б шукаць каго цяпер на руме. Нават вартаўнікі, якім належала знаходзіцца круглы год тут, і тыя яшчэ да прыходу немцаў разышліся па сваіх вёсках.

Адразу за румам пачынаўся лес — стромкі піловачнік, калі гаварыць мовай таксатараў.

Здавалася, што некалі шумная дарога — да рума звычайна ішлі і ехалі людзі — сёння будзе пустая на ўсёй адлегласці да Мамонаўкі. Ды не. Якраз на другім кіламетры шляху Зазыба раптам убачыў ваўка. Акурат па часе — не чалавека, а ваўка. Зусім па-сабачы той сядзеў на абочыне, пазіраючы насустрач. Не вялікі страх даросламу чалавеку ўбачыць у лесе ваўка, тым больш аднаго, аднак Зазыба адразу адчуў, што ў руках не хапае дзеля такой сустрэчы дзябёлага дубца ці хоць бы якога-небудзь адсечанага макуша. Але ўжо ў наступны момант патрэба ў абароне адпала, бо Зазыба здагадаўся — на абочыне сядзеў воўк, які даўно ўжо нікому не пагражаў. Проста, не здольны быў. Пра яго ўсе ведалі ў наваколлі. Можа, не кожнаму даводзілася сустракацца з ім вось так, як цяпер Зазыбу, аднак ведаць ведалі. Быў ён дужа стары і ўжо не меў зубоў, таму не нападаў на жывёлу. Людзям таксама не было чаго баяцца яго, бо ваўкі ці не ў дзесяць гадоў адзін раз нападаюць на чалавека, і то ў глухую піліпаўку, пад час сваіх воўчых вяселляў, а гэты дык і наогул не здольны стаў пагражаць каму б то ні было,— нават задушыць ахвяру ўжо не хапала моцы, не тое што загрызці. Цяжка было ўявіць таксама, чым карміўся ён, мусіць, толькі тым, што не магло ўцячы ад яго — качынымі яйкамі на балоце, бездапаможнымі, яшчэ мокрымі пасля нараджэння, зайчанятамі і г. д. Словам, пра тое, чым жыў гэты воўк апошнія гады, калі знядужаў ад старасці, ведаў, бадай, адзін бог ды ён сам. Зусім не цураючыся людзей ад гэтай сваёй нямогласці, наадварот, яўна адчуваючы ўнутраную патрэбу бачыць іх, ён, быццам жабрак які, бадзяўся па наваколлі і, мусіць, як усё жывое, здольнае хоць нейкім чынам разважаць альбо згадваць што-якое, з сумам перабіраў у галаве ўспаміны аб страчаным жыцці. Страчаным!.. Бо хто на схіле дзён сваіх не лічыць, што страціў жыццё?..