Нават самы ўдачлівы сярод жывых ці адважыцца сказаць, што атрымаў ад жыцця ўсё, пра што марыў. Ды і хто застаўся задаволены тым, што атрымаў? Нарэшце, каму аддало жыццё ўсё, што абяцала спачатку?
Без унутранай перасцярогі, што падыходзіць да звера, Зазыба глянуў зблізу на ваўка і з сумам адзначыў незайздросны выгляд таго — клочча поўсці, куды даўным-даўно, можа, яшчэ ў тое лета ўчапіліся дзяды, калі ён бадзяўся недзе па выгане край вёскі, віселі брыдкімі калтунамі скрозь па аблезлай скуры, а ў вачах, што былі ўжо без ранейшага драпежнага бляску, стаяў гной, і небараку з цяжкасцю даводзілася частым плюсканнем адганяць прэч назойлівых маленькіх мух. Зазыба жахнуўся ад такога выгляду звера, ажно сэрца яго зазнібела, быццам гэта ён сустрэў не ваўка, а даўняга знаёмага, можа, аднагодка, які раптам нагадаў яму сваёй прысутнасцю на абочыне лясной дарогі штосьці даволі сумнае і непазбежнае. Але не станеш з ваўком размаўляць!.. Таму Зазыба, усё роўна як стыдаючыся глядзець на дужа несамавітага, ужо бездапаможнага звера, прымусіў сябе больш не паварочваць у яго бок галавы, прашыбаваў міма. Між тым, воўк таксама не застаўся сядзець на месцы, пайшоў услед — можа, ад адзіноты, а можа, ад голаду. Колькі часу Зазыба слухаў ззаду мяккі тупат ягоных ног, але паколькі ішоў ён скорым крокам, то неўзабаве воўк пачаў адставаць, нарэшце і зусім сціх.
Якраз ці не ў гэты момант Зазыба вышыбаваў к азярцу, берагі якога параслі трыснягом і чаротам, таму з дарогі, якая агінала яго паўкругам, не кожны мог угледзець люстраную паверхню. Але ў адным месцы дарога ўсё ж падыходзіла блізка да берага, там буяў расхінуты па два бакі чарот, і ў прагаліне, скрозь якую блішчала сярэдзіна возера, стаяў човен, паточаны і патрэсканы, бы звычайнае карыта, якое выкінулі з двара без патрэбы. На чоўне гэтым можна было пераехаць напрасткі возера, тады б скарацілася дарога ў Мамонаўку, але на тое, акрамя жадання, патрэбна пэўная адвага: хоць і човен, ды мала чым лепей за дзіравае карыта. Адразу за возерам, ужо зусім непадалёк ад пасёлка, была мясціна, якую, ведаючы, рэдка хто мінаў. Мамонаўскі селянін, той самы Баханёк, які апошні пагнаў у Арлоўскую вобласць з калгаса кароў, спілаваў некалі там край балота дубок, а гадоў праз колькі раптам знайшоў, што пень падняўся ў рост чалавека. Яшчэ моцна не верачы сабе, Баханёк пачаў наведвацца туды часцей — сапраўды, год ад года пень вырастаў, як жывы. Тады Баханёк адкрыўся са сваёй тайнай другім. Здзіўленыя мужыкі чухалі патыліцу, круцілі галовамі, аднак не ўстрымаліся, каб не зрабіць на кары блізкага дрэва засечкі. Нарэшце на наступнае лета пераканаліся — пень і праўда ўзняўся вышэй засечкі. Нават старыя людзі і тыя не ведалі нічога падобнага раней — во, гаварылі, нездарма калісьці продкі нашы пакланяліся дрэвам, а найбольш дубу, які лічыўся святыняй у Перуна, галоўнага тутэйшага бога. Хто ведае, можа, Баханёк якраз і натрапіў на самы Перуновы дуб, нездарма ж цяпер працягвае расці нават пень... Праз нейкі час атрымалася так, што ад гэтай дарогі туды пралягла сцежка, якая праз балота вяла далей, да пасёлка. Праўда, хадзіць па ёй можна было толькі ў сухое лета. Але загадкавая таямніца «растучага пня» трымалася да таго часу, пакуль нехта з румаўскіх спецыялістаў, пакорпаўшыся вакол яго з рыдлёўкай, не высветліў надзвычай цікавую, калі не адзіную ў сваім родзе, то рэдкую ўжо, няйначай, з’яву: пень не спыняў росту таму, што карані яго даўно (яшчэ да таго, як Баханёк спілаваў дрэва) зрасліся з каранямі блізкай вольхі і працягвалі жывіцца ад іх. Тым не менш адкрыццё гэтае ніколькі не зменшыла цікавасці да яго. Асабліва таму, што блізка па дарозе быў рум і там заўсёды знаходзіліся людзі, якім таксама карцела падзівіцца з незвычайнага выпадку.
Патрывожыўшы сваім тупатам у чароце чырванадзюбых чыркоў, якія адразу, нават не зрабіўшы прывычнага круга, імкліва паляцелі кудысьці на другую ваду, Зазыба абмінуў азярцо. Ужо чуваць было, як у пасёлку нехта ляпаў па высахлым дзераве сякерай, бо гук здаваўся лёгкім і звонкім. Няйначай, што ад гэтай блізкасці Зазыбу зноў прыйшло ў галаву думаць, чаму раптам аднекуль вярнуўся Чубар, што змусіла зрабіць яго гэтак, але вынікам былі адны здагадкі, затое з нейкай трывожнай прыкрасцю ўспомнілася, як яны пагаварылі ў той, апошні, дзень, калі прыходзіў старшыня да намесніка ў хату. І ўсё-ткі час, які мінуў з таго дня, зрабіў сваё. Нечакана для сябе Зазыба адкрыў, што цяпер ён рады ў душы неспадзяванаму Чубараву з’яўленню. Радасць гэтая пакуль была неакрэсленая, нічым не падмацаваная, але тым не менш пачынала набываць жыццё ў ім, даючы надзею — нягледзячы на разыходжанні, якія здараліся паміж імі, Зазыба не сумняваўся ў адным і цяпер, бадай, у найбольш галоўным: нарэшце будзе не толькі пагаварыць з кім, а і свядома вызначыць багата якія варункі, згодна якіх давядзецца дзейнічаць ва ўмовах акупацыі.