Пра нараду ў каменданта таксама варта будзе расказаць Чубару, бо сам ён не асэнсаваў яшчэ яе як след — дзіва, але кожны раз, як падступаўся Зазыба ўзважваць у галаве пачутае ў воласці, знаходзілася раптам нешта такое, што выбівала яго з раўнавагі, нават бянтэжыла. Самы апошні такі момант быў зусім нядаўна, калі Зазыба намацаў у кішэні тую паперчыну, што даў яму ў рукі ля вазоў у мястэчку Брава-Жыватоўскі, а ён у сваю чаргу сунуў яе ў кішэню. Гэта была тая адозва дзяржаўнага камісара ўсходняга абшару Фрындта, аб якой гаварыў на нарадзе Гуфельд і якую камендант загадаў развесіць паўсюль у воласці — мястэчку і ў вёсках. Напісана была яна на чатырох мовах — на рускай, беларускай, польскай і нямецкай — у чатыры слупкі зверху ўніз і пачыналася такімі словамі: «У інтарэсах бяспекі краіны і бяспекі маёмасці і дабра жыхароў будзе праводзіцца з усёй строгасцю нямецкіх улад барацьба з бандамі і групамі тэрарыстаў. Насельніцтва заклікаецца даць гэтаму дзейсную помач». Далей у тэксце ішлі адзін за адным пяць пунктаў, і амаль пасля кожнага з іх буйнымі літарамі было надрукавана: «...будзе расстраляны».
Уласна, і вайсковы камендант Крутагорскага раёна, і камендант Бабінавіцкай воласці ўжо дзейнічалі, зыходзячы з гэтай адозвы. Дзіва толькі, што звычайны загад чамусьці называўся адозвай! Чым глыбей Зазыба ўчытваўся пункт за пунктам у радкі, тым мацней, здавалася, стыла ў ім кроў. Але ўтрапёная думка, нягледзячы на гэта, хутка вывела яго да ўсведамлення адной вельмі важнай акалічнасці: аказваецца, дарэмна генеральны камісар Кубэ ўрачыста абвяшчаў, што «прагучаў і змоўк бразгат зброі на Беларусі». Адозва, якую трымаў у руках Зазыба, гаварыла якраз наадварот — не, не змоўк!
Сапраўды, Чубар жыў гэты час у Мамонаўцы. Выходзіла, Зазыба акурат разважаў тады — старшыня, няйначай, перш-наперш падасца пасля вандравання да Аграфены. Ён і раней ледзь не кожнага вечара наведваўся ў пасёлак, а цяпер тым больш не праміне хаты, дзе заўсёды рады яму.
Сувязь іхняя — Чубара і Гапкі Азаравай — была бяльмом на воку ў людзей: асабліва асуджалі іх за тое, што Чубар пачаў хадзіць да гэтай жанчыны неўзабаве па гібелі мужа яе ў фінскую вайну. Такое лічылася вялікім грэхам не толькі ў вёсцы. Таму нават пасля таго, як Чубар сказаў, што збіраецца ажаніцца на Гапцы, верамейкаўцы разам з кулігаеўцамі ды мамонаўцамі не перасталі ў адсутнасці іх з пагардай крывіць губы — адны не маглі дараваць ім тое, што яны не пачакалі са сваімі любошчамі і года, скрозь які Гапцы належала строга насіць жалобу па забітым мужу, другія ж, карыстаючыся парушэннем гэтага даўняга звычаю, проста зласловілі. Тым часам самі вінаватыя, здавалася, зусім не звярталі аніякай увагі на чужыя абгаворы, мусіць, лічачы іх за звычайныя плёткі — вось ужо праўда, што каханне сляпое!..
Чубар прыйшоў у Мамонаўку ўранку, адразу як пераначаваў у лупільні.
Калі ён пасля сну на досвітку выглянуў з хаткі, то быў прыемна здзіўлены — ласяня скрозь усю ноч заставалася на месцы. Вуж — той споўз з парога і кудысьці зноў схаваўся пад падлогу, а ласяня ляжала сабе і, мусіць, моцна спала, бо галаву падняло толькі тады, як Чубар затупаў побач. Убачыўшы чалавека, яно хуценька, бы са страху, ускочыла на ногі, але не адбеглася прэч. Небарака за сваё малое жыццё столькі займела пакуты ад людзей, а тут стаяла і нібыта радавалася, што не праспала, акурат малалетні хлопчык, якога бацька паабяцаў узяць з сабой у паездку ды паказаць там нештачка. Чубар удыхнуў ва ўсе грудзі халоднага паветра, пазяхнуў, дзівячыся, што яшчэ з учарашняга на небе свяціўся месяц. Ісці ў Мамонаўку належала ў абход Верамеек. Але дарога ўсё роўна збольшага была вядома. І Чубар, доўга не бавячыся на месцы начлегу, рушыў. Ласяня таксама не адставала. Яно толькі пастаяла трохі ля хаткі, быццам па дамоўленасці, гуляючы ў хованкі, а тады кінулася даганяць Чубара, які знік за першымі кустамі. Пакуль не зайшоў месяц і не пачаўся сапраўдны ранак, Чубару неабходна было спяшацца прайсці самыя людныя мясціны, тыя скрыжаванні і ўрочышчы, дзе хутчэй можна напаткаць чалавека, хоць бы нават і звычайнага грыбніка. Але недзе за возерам — якраз на палавіне дарогі к пасёлку — яго, як спадцішка, пачало раздражняць шорганне маленькіх капыткоў ззаду, акурат ласяня ўжо замінала ісці. З прыкрасцю падумалася: «Ну, куды яго прывядзеш, калі сам яшчэ бяздомны?» Гэта і дало ўсяе рады — раптам Чубар сігануў у яловы гушчар, падалей ад сцежкі, а там, з падрапаным тварам, выскачыў на нейкі ўзбалотак, акружаны, быццам назнарок, вузкаю стужкай бярэзніку, і, лішне не робячы шуму, шыбануў наўдаку, каб інтуітыўна выйсці на мамонаўскую дарогу. Праўда, ужо ў Мамонаўцы ён пашкадаваў, што пакінуў за возерам ласяня адно, не прывёў з сабой, дзе яго льга было калі не прыручыць, то хоць патрымаць колькі часу, пакуль не падрасло б для самастойнага жыцця на адзіноце ў лесе.