— Ну, што знойдуць, а што і не.
— Вось, вось!..
Бачачы, што Чубару мала западаюць ягоныя довады, Зазыба рашыў падысці да пытання з другога боку, спадзеючыся, што гэта ўжо, няйначай, падзейнічае як след.
— Вось ты кажаш,— паківаў галавой ён,— што нібыта ўсё трэба толькі знішчаць, каб не дасталося немцам. А, думаеш, мне вельмі хочацца, каб яны сычалі на ўсім нашым? Дарэчы, я пасля размаўляў і з Маштаковым. Той таксама не патрабаваў, каб я напрапалую знішчаў усё.
— А чаго ж ён хацеў?
— Ну, канкрэтных указанняў ён не даваў, але знішчаць калгасны набытак не загадваў. Казаў, у прыватнасці, што хлеб і самім спатрэбіцца.
— Калі гэта было?
— Здаецца, ці не на другі дзень, як ты пайшоў з Верамеек.
— Ён да цябе прыязджаў?
— Не, у Кулігаеўку. А мяне пасля ўжо туды паклікалі.
— Ну, і пра што вы гаварылі?
— Збольшага пра ўсё. Дарэчы, пра цябе ён таксама пытаўся.
— А ты што?
— Сказаў, што бачылі цябе на бальшаку, мусіць, падаўся ў Крутагор’е.
— А ён?
— Абураўся. Казаў, што цябе недзе чакалі перад гэтым, а ты не з’явіўся.
Чубар пасля гэтага доўга маўчаў, потым спытаў:
— Як думаеш, ён тут, у раёне?
— Чаго не ведаю, таго не ведаю,— развёў Зазыба рукамі.
Тады Чубар страсянуў паваротам галавы свае валасы, каб не спадалі на лоб і ляжалі раўней, адагнаў з твару ўнутраную задумлівасць, якая ў самы апошні момант прыйшла замест нецярплівасці і рашучасці, і перавёў гаворку на іншае.
— Ну, пра калгас і пра тое, што вы цяпер робіце, я наслухаўся ўжо за гэтыя дні і ад яе.— Чубар кінуў позірк на гаспадыню, якая ўсё яшчэ знаходзіла сабе нейкія справы ў хаце.— Адно не хапала пачуць з вуснаў галоўнай дзеючай асобы. Цяпер і гэта адбылося. Такім чынам трэба лічыць, што новы парадак у Верамейках ужо дзейнічае. І паліцэйскі ёсць?
— Ёсць. Брава-Жыватоўскі.
— Шкада, што да яго ў свой час не дабраліся. Прытаіўся, падлюга.
— Ты з ім асцярожней. Узброены ходзіць, ды і гразіўся неяк, што не пашкадуе цябе, калі сустрэць давядзецца.
— Тут хто каго. Я таксама без вінтоўкі не хаджу. Але паразводзілі тут свалаты рознай!
— А яна неяк сама.
— Бо чакала, пакуль час настане. Брава-Жыватоўскі таксама быў на нарадзе?
— Гэта ж ён мяне і вазіў.
— Значыць, пачаў камандаваць?
— Асцерагаецца яшчэ браць усё на сябе, але справа ідзе к таму.
— Што яго насцярожвае?
— Выгадвае, каб ужо напэўна ўсё было. Каб не выйшла якой неспадзеўкі — а раптам нашы папруць немцаў назад?
— Глянуць бы адным вокам на яго.
— Думаю, што не размінуцца вам.
— Значыць, цябе немцы лаялі, што калгас распусціў? — чамусьці зусім весела, быццам стрымліваючы сябе ад смеху, паглядзеў на Зазыбу Чубар.— А што яны думаюць?
— Як што думаюць? — не зразумеў Зазыба.
— Ну што яны хочуць мець ад калгаса? — удакладніў Чубар.
— Хлеб,— адказаў Зазыба.
— Дык што, яны наогул пакідаць збіраюцца калгасы? — недаўменна заплюскаў вачамі Чубар.
— Здаецца, не. У іх усё прадумана ўжо. Зноў абяцаюць сялянам індывідуальнае землекарыстанне. Але з паступовым пераходам. Цераз абшчыну.
— А якая карысць ім тады марудзіць?
— У іх і на гэты конт ёсць сваё тлумачэнне. Але ўсе тлумачэнні — пустое. Проста, патрэбны хлеб наш. Ну, а з калгаса лягчэй яго забраць. Далей там, маўляў, яшчэ невядома што будзе, а цяпер зразумела — сёлетні хлеб вырашчаны, значыць, не трэба перашкаджаць мужыкам рознымі перадзеламі ўбіраць яго.
— Вось бачыш,— усклікнуў Чубар,— немцы сваёй рахубы трымаюцца, а ты памагаеш ім!
— Я ўжо табе не адзін раз казаў,— паморшчыўся Зазыба,— не трэба ўсё зводзіць да аднаго сэнсу — пакінуць хлеб ці знішчыць. Думаеш, Чырвоная Армія сюды вернецца і з хлебнымі абозамі, каб мужыкоў нашых карміць?
— Перастань ты, Зазыба, гэтак пячыся пра мужыкоў! Ідзе вайна. І нам з табой зусім пра другое трэба думаць.
— Пра людзей таксама трэба думаць.
— Ну, ты як знаеш, а я патураць не збіраюся. Не за гэтым вяртаўся сюды. Ты, мусіць, думаеш, што я ўвесь гэты час па кустах аціраўся? Я паўсвету ўжо абысці паспеў. На-тка вось, прачытай.— Ён выняў з кішэні складзены аркуш паперы з прамовай Сталіна, якую атрымаў ад палкавога камісара, падаў Зазыбу.
Але Зазыба адно глянуў на загаловак ды прачытаў першыя радкі.
— Гэта я чытаў. Яшчэ тады, як друкавалі газеты.
— То было ў газетах, а цяпер, бачыш, мандат. Мне яго даў адзін вялікі чалавек, калі накіроўваў сюды. Бо тут пра ўсё добра сказана, што і як. Таму няма чаго выстаўляць сваю народніцкую палітыку. Цяпер не да яе.