Выбрать главу

— Ніякая яна не народніцкая, а самая савецкая.

— Але ты нарэшце павінен зразумець, што на вайне трэба ваяваць.

— Дык ці я адмаўляю гэта? Але мы з табой не зусім на вайне. Пакуль што мы з табой хутчэй у вайне, чым на вайне.

— Значыць, неабходна і тут распаліць яе. Дарэмна не захацеў чытаць да канца. Тут так і напісана:

«...Трэба ствараць партызанскія атрады, конныя і пешыя, ствараць дыверсійныя групы для барацьбы з часцямі варожай арміі, для распальвання партызанскай вайны скрозь і ўсюды...»

— Я ж табе сказаў — я і так ведаю гэту прамову. Яшчэ з таго, як яна друкавалася ў газетах і перадавалася па радыё. Сталін сам гаварыў. Але як ты са сваёй конніцай збіраешся харчавацца ў тыле? Можа, спадзяешся, што табе і авёс для коней, і кашу грэцкую для партызан з самалётаў скінуць?

— А хоць бы і так! Наладзіш сувязь, і табе даставяць усё, што трэба.

— Дзе яны цяпер, тыя самалёты? Нешта я не бачыў, каб... Нямецкія лётаюць, а нашых не відаць.

— Знойдуцца самалёты, калі спатрэбіцца.

— Ну да, паслухаўшы цябе, дык усё лёгка робіцца, быццам і праўда цяпер іх не відаць таму, што не патрэбны. Я вунь вяртаўся ў Верамейкі з Арлоўшчыны, дык нагледзеўся — іхнія ўвесь час вісяць над дарогамі, бамбяць ды страляюць з кулямётаў, а нашых часцей і блізка няма, добра, калі артылерысты зеніткамі адгоняць. Не, брат, не так усё проста, як здаецца ды хочацца нам. Тут да ўсяго трэба з галавой падыходзіць. Раз нам пачынаць гэту партызанскую вайну тут, то нам і думаць, як пачынаць яе і з чым. Шчорсава войска некалі таксама партызанскім называлася адзін час, але я не помню, каб мы вось так крычалі — палі, знішчай!.. Праўда, цяпер і абстаноўка не тая, і вайна не тая. Аднак жа людзі ёсць людзі. І тады яны людзьмі былі, і цяпер імі засталіся. І жыць яны мусіцьмуць.

— Ты зноў пра сваё!..

— Я не пра сваё,— запярэчыў Зазыба,— а якраз пра тое, пра што і ты. Так што ў нас інтарэс адзін. Не сумнявайся. Але не трэба з бухты-барахты. Неабходна ўлічваць розныя акалічнасці. Ты вось паперчыну паказваеш, а ў мяне таксама ў кішэні нібыта дзеля такога выпадку прыпасена другая. Пачытай, каб і для цябе стала сёе-тое больш зразумела, у кожным разе, каб хоць цяпер ты не пароў гарачкі.

Ён выняў з кішэні адозву дзяржаўнага камісара ўсходняга абшару, падаў Чубару. Той узяў, глянуў на яе і буркнуў:

— Ну от, знайшоў што параўнаць!

— Гэта не для параўнання,— сказаў непахісна Зазыба.— Хутчэй для яснасці.

— А што гэта азначае — дзяржаўны камісар у застэмпоўстве?

— Не ведаю, я такога слова раней не чуў,— адказаў Зазыба.

— «Хто ўбачыць падазроныя асобы,— пачаў з першага параграфа ўслых чытаць адозву Чубар,— асабліва парашутыстаў, асобных савецкіх афіцэраў або салдат, шпіёнаў або сабатажнікаў, савецкіх службоўцаў і гэтак далей, або ведае што-небудзь аб іх знаходжанні, той павінен заявіць зараз жа бліжэйшай нямецкай або не нямецкай уладзе. Хто данясенне занядбае або варожым асобам помач якую-небудзь акажа, прытулак, ежу ці іншае, будзе расстраляны. За дадзеныя, якія дапамогуць злавіць злачынцаў, што парушаюць публічную бяспеку і парадак, кожны можа атрымаць ад камісара акругі ўзнагароду ў пяць тысяч рублёў». Гм, значыць, і за мяне могуць даць пяць тысяч? — усё роўна як здзівіўся Чубар.

— Выходзіць, што могуць,— кіўнуў Зазыба.— Але чытай далей.

— «Прозвішчы тых, хто выдасць злачынцаў, могуць быць па іх жаданню захаваны ў сакрэце. На жыхароў населеных пунктаў ускладаецца адказнасць за бяспеку тэлеграфнай і тэлефоннай сувязі, дарог, у тым ліку і чыгунак, як і за ўсе іншыя нямецкія прылады.

За занядбанне абавязкаў будуць карацца жыхары...»

— Бачыш, ты сабе думаеш так, а чорт перайначвае,— сказаў Зазыба, як толькі Чубар скончыў чытаць.

— Чорту чартаваць, а нам трэба яго выганяць. Але калі будзеш дужа ўчытвацца ў такія вось адозвы, як гэта, што напісаў нейкі Фрындт, то наўрад ці выганіш. Такія адозвы разлічаны на тое, каб мы ўсе, хто трапіў пад акупацыю, сядзелі, як мышы пад венікам, і ні гугу. Яны хочуць нашых людзей рабамі мець, таму і палохаюць, каб адабраць волю да супраціўлення, дэмаралізаваць. Дзе ты яе ўзяў?

— У камендатуры ўсім давалі.

— Нябось, расклейваць наважыліся?

— Раз надрукавана, значыць, будуць і расклейваць.

— І ты памагаць збіраешся?

— Я проста хачу разабрацца, што тут да чаго!

— Здаецца, час ужо быў разабрацца.

— Цяпер кожны дзень нешта новае дадае.

— Яно і дадаваць будзе, але гэта яшчэ не азначае, што мы павінны сядзець, склаўшы рукі, ды чакаць, пакуль усё да канца высветліцца, бо можа позна быць. Па-мойму, ты проста альбо баішся, альбо...

— Не рабі сабе лішняй цяжкасці,— перахапіў Чубараву гаворку Зазыба.— Гэтыя твае «альбо» ў дачыненні да мяне не падыдуць. Я не меншы патрыёт, чым хто іншы, і не менш за каго разумею, што трэба брацца за зброю. Але я таксама і за тое, каб было ўзважана і ўлічана ўсё як мае быць.