— А ты гэтак і зрабі! — акурат узрадавана зварухнуўся Зазыба.— Ды з кулямёта не па нас, мы тут ні пры чым, а па фашыстах, па фашыстах свінцом сваім. Вось тады і мы разбяжымся хто куды, як ты пастраляеш іх і не будзе каму загадваць ды прымушаць нас пад палкай, а то і пад пагрозай смерці.
— Думаеш, не зрабіў бы?
Зазыба паціснуў плячамі.
— Быў бы кулямёт,— сапраўды пашкадаваў Чубар,— то не вельмі асцерагаўся б я.
— Ну, а раз няма кулямёта, то няма чаго і гаварыць, а тым больш папікаць,— акурат блазнуючы, бліснуў вачамі Зазыба.— Словам, пакуль кулямёты ў адных немцаў, то выбачай. Ніхто не захоча стаць добраахвотна пад тыя кулямёты. Мы ў Верамейках і то пераканаліся ўжо, як яны могуць наводзіць на людзей кулямёты.
Але Чубар нібыта не слухаў Зазыбу.
— І ты, чырвоны ардэнаносец, паедзеш адбудоўваць мост? — наперад здзіўлена спытаў ён.
— Паеду,— упарта крутануў галавой Зазыба.— І справа не ва мне. Я хоць зараз смерць гатовы прыняць, але каб ад гэтага карысць была. А то што з таго будзе, калі я ахвярую сабой, а справе не дапамагу. Усё роўна немцы мост на Дзяражні адбудуюць. Пазганяюць мужыкоў з навакольных вёсак і адбудуюць.
— Але кроў герояў, Дзяніс Яўменавіч, памагае спець ідэям,— зусім не хвалюючыся, што сваёй жорсткасцю не толькі крыўдзіць, а і абражае Зазыбу, сказаў Чубар.
— Хапіла ўжо крыві і без маёй для ідэй,— спакойна адказаў на гэта Зазыба.— Кроў тут не паможа. Трэба зрабіць так, каб не мы немцаў баяліся, а каб яны нас. І не крывёй сваёй мы павінны напалохаць іх, а зброяй. Я вось так разумею справу і хачу, каб і ты нарэшце зразумеў гэта.
— А я хачу, каб ты ўсё ж не ехаў у Белую Гліну. Табе трэба з’ездзіць у іншае месца.
— Куды гэта?
— У Машавую. Думаецца мне, што нашы пакінулі для падпольнай работы некага ў раёне. Не можа быць, каб з кіраўнікоў ніхто не застаўся. Столькі дырэктыў розных было, цыркуляраў. Не, не павінна быць, абавязкова каго-небудзь пакінулі тут. Дарэчы, пра гэта гаварыў і той чалавек, які накіроўваў мяне сюды.
— Што за чалавек? — дапытліва глянуў на Чубара Зазыба.
— Не ўсё роўна. Чалавек і чалавек, вышэй нас з табой!
— Але чаму ехаць акурат у Машавую?
— Мне так думаецца. Справа ў тым, што ў пачатку жніўня, якраз незадоўга да акупацыі, мяне таксама выклікалі нечага туды. Відаць жа, не дарэмна збіраў райком камуністаў, якія мелі браню ад прызыву ў армію?
Зазыба задумаўся — супраць гэтай Чубаравай прапановы ён нічога не меў. Наадварот, ухваліў — нарэшце, за столькі часу сказана нешта больш-менш канкрэтнае, хоць яшчэ і не ведаў, да каго там, у Машавой, трэба будзе звярнуцца яму. Нарэшце ўспомніў — непадалёку ад вёскі, у пасёлку Дзяржынне жыў яго даўні таварыш, ляснік Арцём Алейнікаў, таксама, як і Зазыба, удзельнік грамадзянскай вайны.
То быў чалавек цікавага і нялёгкага лёсу. Яшчэ задоўга да рэвалюцыі, ці не ў адзінаццатым годзе, скончыўшы народную школу, падаўся ён з беларускай вёскі на Далёкі Усход і колькі часу працаваў матросам на параходнай прыстані ў Благавешчанску. Затым яму пашанцавала ўладкавацца на службу ў кантору Амурскага таварыства параходства і гандлю. Але пачалася вайна з кайзерам, і яго мабілізавалі ў армію, а там яго, як чалавека «пісьменнага», прызначылі пісарам асобнага артылерыйскага дывізіёна, узброенага, як ён любіў гаварыць ужо ў мірны час, французскімі далёкабойнымі гарматамі. У снежні семнаццатага года, калі выпала магчымасць пакінуць армію, вярнуўся Арцём у родную вёску. Аднак канчаткова парваць сувязь з арміяй не ўдалося. У маі наступнага года ён становіцца справаводам мабілізацыйнага аддзела Клімавіцкага ваенкамата з выкананнем абавязкаў спярша камісара павятовай паштова-тэлеграфнай канторы, потым камісара адразу некалькіх валасцей, у тым ліку і Бялынкавіцкай. Ну, а ў дзевятнаццатым годзе былы пісар, справавод і камісар паступае ў Чырвоную Армію, спярша зноў ваюе з немцамі, з гайдамакамі, затым з белагвардзейцамі і белапалякамі... Быў двойчы паранены. Уласна, па раненню ў дваццаць першым годзе і дамоў вярнуўся. Пачаў працаваць аб’ездчыкам у лясніцтве. Потым падаўся вучыцца — скончыў курсы па лесаэксплуатацыі, пасля чаго быў прызначаны памочнікам ляснічага. Але ў трыццаць пятым годзе Арцёма раптам выключылі з партыі, абвінаваціўшы ў сувязі з класава варожымі элементамі — за тое, што нібыта трымаў на працы раскулачаных. Праўда, на судзе факты яго апякунства над класава варожымі элементамі не пацвердзіліся, і ён быў адноўлены ў партыі нават без партыйнага спагнання. І тым не менш на ранейшую пасаду Алейнікаў ужо не трапіў — у часе папярэдняга заключэння ў яго пайшла кроў з вушэй, чалавек страціў слых. Давялося здаволіцца працай звычайнага лесніка.