І вось да гэтага Арцёма Алейнікава Зазыба цяпер збіраўся ехаць у Дзяржынне. У кожным разе, калі Арцём і нічога не ведае пра жнівеньскую нараду, якую склікаў у Машавой крутагорскі райком партыі і на якую не трапіў Чубар, то размова з ім будзе ўсё роўна карыснай — звычайна леснікі, нават глухія, чуюць і бачаць больш, чым гэта іншы раз здаецца.
— Ну от,— з дакорам сказаў Чубару Зазыба,— аказваецца, і для мяне работа знайшлася, а ты ўжо хацеў, каб...
— Работа цяпер для ўсіх знойдзецца, абы не адвільвалі,— з прыхаванай нездаволенасцю азваўся Чубар.— Урэшце твая справа, калі ехаць у Машавую — заўтра ці на дзень-два пазней. Але каб доўга не цягнуў. І перад тым як паедзеш, пакліч да мяне Драніцу.
— Ты што, не ведаеш, з кім цяпер Драніца твой дружбу водзіць? — утарапеў Зазыба.— Ён жа заўтра прадасць цябе Брава-Жыватоўскаму!
— Нічога,— знарок не звярнуў увагі на Зазыбаву збянтэжанасць Чубар.— Ты яму толькі скажы, што я тут, а потым ужо мой клопат будзе нанава ў сваю веру перавярнуць яго.
XII
Хтосьці мужчынскім голасам гукнуў з прыцямковае вуліцы:
— Гэта вы з Верамеек?
Салдаткі ад нечаканасці спыніліся, прыціхлі. Нарэшце зусім як з неахвотаю адказалі:
— Мы.
— Тут ваша адна ў хаце ў мяне,— падышоў бліжэй чалавек,— то хадземце і вы.
— Хто, Роза? — у момант абступілі, акурат абсыпалі яго, верамейкаўскія кабеты.
Але ён як не пачуў. Сказаў далей:
— А другая ваша ў камендатуры. Немцы перадалі яе ў нашу, яшніцкую, камендатуру. Будзе разбірацца заўтра камендант, што яна натварыла, у чым вінавата.— Памаўчаў і дадаў: — Але нейкія вы... Другія кабеты хадзілі сюды да нас, неяк ціха было ўсё, а вы раптам нарабілі дзялоў.