Выбрать главу

— Хто ета ў іх такі жанаты-перажанаты быў? — незалюбіла яна.

— Бытта не знаеш?

— А і не знаю!

— То папытайся во ў баб. Яны скажуць.

— Дык гавары ўжо сама, прасвяці, раз пачала.

— І скажу.

Але Шарахоўскай не давялося прасвятляць Анюту Жмэйдаву, якая, дарэчы, не горш за астатніх ведала, што наважвалася сказаць Гэля. Яе апярэдзіла Варка Касперукова, маленькая постаць якой кінулася на галасы сюды ажно з другой абочыны.

— Дак вунь хоць бы й дзядзька нябожчыка твайго, Ладымер. Не паспеў на кладзішча занесці адну, як у Гончу паехаў па другую,— сказала яна грэбліва, акурат Анюта сапраўды была вінаватая ў гэтым. — А назаўтра нават хваліцца стаў, моў, пажыву цяпера з маладою, дак пажыву! А то і смаку таго, жанатага, не знаў дасюль.

— Во, чаго захацеў, стары корч! — пырснула смехам ад нечаканасці Роза Самусёва. — Ужо амаль канае, а зелле хапае.

— Дзе тама? — смыкнула шчакой Варка Касперукова. — Ладымер той яшчэ зямлі пад сабой не чуе.

— Ат, Ладымер вам, бачу, свет засланіў, — нездаволена крутнула плячамі маладая ўдава, але ўжо без ранейшай зацятасці. — Калі моцны ды дужы, дак што яму? Свёкар вунь мой...

— А навошта твайму свёкру яшчэ адна, калі аўдавелая нявестка ў доме? Ты думаеш, людзі не чуюць і не бачаць? Ты во цяпера ідзеш матку праведаць. А чаму не саўсім да яе ідзеш? Што, цябе ў Верамейках дзеці трымаюць? Дак няма іх у цябе, дзяцей. А можа, вёска наша дужа спадабалася табе? Дак праверым во, ці горш тваё Трасціно за нашы Верамейкі.

— Ах вы вон пра што? — здзіўлена ўскінула вочы на Варку Касперукову Анюта, але не паспела абурыцца. З імклівага натоўпу вынікла ў першы рад Палага Хахлова, кабета намнога старэйшая, чым астатнія салдаткі, якая таксама ішла ў Яшніцу вызваляць з лагера свайго Івана.

— Во, нездарма кажуць, — сказала яна, — вушы завянуць у таго, хто падслухае бабскую размову. Што ета вы сянні, бытта здурнелі? Ай гаварыць няма больш пра што?

— Дак галоднай куме... — узрадавалася была гэтай абароне Анюта Жмэйдава.

Але Палага працягвала ўшчуваць сваіх спадарожніц, можа, нават не пачуўшы яе голасу:

— Ідзіцё ж сабе на добрую справу, дык і ідзіце. А то і праўда можна падумаць, што... Ажно смешна! Знайшлі каму пазайздросціць. Накінуліся на бедную ўдаву!

— Ну, во, — сказала, усё роўна як апраўдваючыся, Гэля Шарахоўская, — сама пачынала гаворку, а мы цяпера аказаліся вінаватыя. Ета ж ёй нечага зарупіла прымака мець. Ета ж яна хацела ведаць, ці праўда, тая баба з Гончы прывяла з Яшніцкага лагера ў дом сабе прымака.

— А чаму б ёй і на самой справе не пацікавіцца? — ужо да канца беручы ўдовін бок, азірнулася назад Палага, каб чулі ўсе спадарожніцы.

Яна ўшчувала кабет зусім без пагарды, нават без высакароднай злосці, зусім як дзяцей, якія адурылі ёй галаву.

Палага была не толькі старэйшая з усіх салдатак. Справа ў тым, што сама прысутнасць яе тут здавалася як бы незвычайнай, прынамсі, мала хто думаў, што ёй край трэба ісці ў Яшніцу, бо жылі яны са сваім Іванам вельмі нямірна. Біў ён яе часта, так часта і люта, што і ўявіць сабе цяжка. Гразіўся нават зусім забіць. А яна толькі цярпела ды пакуты зносіла, звычайна не праходзіла тыдня, каб з іхняй хаты не чуўся лямант. Дзеці ў іх таксама часцей паміралі, чым заставаліся жыць, можа, праз пабоі. Казалі, што муж нібыта ўзненавідзеў яе за віну, якую яна мела перад ім. Але гэта толькі казалі, бо ніхто не ведаў нічога пэўнага — ні Палага, ні сам Хахол нікому не адкрыліся ў вёсцы з той віной. Зразумела, што ў Верамейках глядзелі на Хахловых, як на дужа нешчаслівую пару — чым ужо гэтак жыць разам, дык лепей разысціся. У кожным разе, калі й сышлі сінякі з яе цела, то ўпершыню цяпер з таго часу, як пагнаў Хахол разам з Зазыбам і Міколам Рацэевым кароў у савецкі тыл. І вось, нягледзячы ні на што, бітая-перабітая Палага ішла разам з іншымі салдаткамі, кіравалася ў Яшніцу, думаючы, што яе забіяка-муж таксама недзе пакутуе сярод палонных.

Дзіва, але калі б пачаў ушчуваць гэтак, сарамацячы, тую ж Дуню Пракопкіну або Варку Касперукову хто-небудзь другі, а не Палага Хахлова, то наўрад ці змоўчала б каторая, не стала гаварыць насуперак. Палазе ж ні Варка, ні Дуня, ні Гэля Шарахоўская не запярэчылі. Толькі паглядзелі на яе, быццам здзіўлена, бадай, нават з адценнем нейкага прыкрага шкадавання, як глядзяць увогуле на няроўню. Да таго ж і выгляд кабета мела варты спагады: ішла босая, і ногі, зусім высахлыя, ужо амаль без лытак, былі па шчыкалаткі ў мокрым пяску. Мусіць, не сытае было і цела яе, бо ні спераду, ні ззаду нічым не выдавалася пад адзеннем — вылінялай васільковай блузкай і саматканай, акурат андарак, спадніцай, пашытай у дзве палы. Пра такіх жанчын звычайна гавораць — бы дошка. Але вочы ў яе былі надзвычай жывыя, а на немаладым твары (мела яна за сорак гадоў) не адбілася ніводнай рэзкай маршчыны, усё роўна як лёгка давалася ёй дасюль жыццё.

Палага недарэмна ўмяшалася ў гаворку маладзейшых кабет, якая раптам зрабілася амаль непрыстойнай, — неўзабаве ўсе яны, здаецца, нават забыліся пра яе. Толькі стрыечная сястра Сілкі Хрупчыка, Сукліда, спыталася яшчэ:

— Дак ці ўдава ўсё-ткі тая кабета з Гончы, што прымака з лагера прывяла?

— Удава, удава, — акурат супакойваючы яе, сказала Палага Хахлова, — жонка лесніка, што наскочыў пазалетась на лыжах пад нечае ружжо ў Прудзішчы. Ставілі на звера, а трапіўся чалавек.

Гісторыю гэтую з гібеллю лесніка з Гончы ведалі ўсе ў Верамейках, і не толькі ў Верамейках, а і ў іншых навакольных вёсках, якія размяшчаліся на тэрыторыі Панькаўскага лясніцтва, таму кабеты не сталі абмяркоўваць яе, хапіла аднаго ўдакладнення.

Першай вёскай па гэтай дарозе з Верамеек былі Заборцы, аднак мала хто з верамейкаўцаў наведваўся туды, тым больш — лічыў двары. Па-першае, хоць і стаяла яна ўскрай дарогі, але была аслонена лесам. А па-другое, не любілі ва ўсім наваколлі, як узяць вёскі па гэты бок Бесядзі, саміх заборцаўцаў. З іх і смяяліся, і злавалі на іх. Злавалі, бадай, найбольш. Вядома, былі на тое падставы. То каля Заборцаў раптам «лясун» аб’явіцца, які хапае па дарозе маладых баб з другіх вёсак ды гвалціць, зацягнуўшы падалей у лес, то ў саміх Заборцах які-небудзь прайдзісвет наробіць дурнога пагалосу. Асабліва трапілі заборцаўцы пасля аднаго выпадку. Праўда, даўняга. Было так. У Заборцах раптам аб’явіўся «каровін доктар». Сам ён называў сябе іначай, нават не «вецінарам», а «ветхвельчарам». Аб’явіўся і адразу паказаў сваё майстэрства, бо якраз у аднаго заборцаўскага гаспадара захварэла карова: удзень зрабілася смутная, а к вечару пена вяроўкаю пайшла з рота, язык стаў вывальвацца. Гаспадыня, канечне, уголас, гаспадар таксама цямней за хмару ходзіць. Тады і прыйшоў на дапамогу той «ветхвельчар». Быў ён мясцовы, з Заборцаў, але не ў прыклад іншым пахадзіў на свеце — спярша працаваў на шахтах, падаўшыся ў Юзаўку, каб зарабіць грошай ды паправіць дома гаспадарку, пасля служыў недзе. Словам, гаспадар ён аказаўся бесталковы, а чалавек і зусім шалапутны, бо вельмі хутка забыў і пра гаспадарку, і пра сям’ю. Што змусіла яго вярнуцца нарэшце ў Заборцы, угадаць цяжка. Тым больш што ён сам чужаўся людзей. Сказаў толькі неўзабаве, што вывучыўся на ветфельчара. А тут якраз надарыўся выпадак паказаць умельства — карова захварэла ў вёсцы. Зразумела, што лячыць яе гаспадары паклікалі яго. Прыйшоў ён на двор, зачыніўся адзін у хлеве і пачаў нешта рабіць там з хворай жывёлінай. І праўда, карова хутка паздаравела. Дзён праз колькі ўжо выйшла ў агульным статку на пашу. Пасля гэтага заборцаўскія мужыкі, вітаючыся, пачалі шапкі здымаць пры сустрэчы з ім. Тым часам слава пра яго з Заборцаў шырыцца далей. Ну, а раз ідзе слава, то знаходзіцца і справа. Праз тыдзень здарылася такая ж каровіна хвароба ў Гончы. Затым у Верамейках, у Гутцы, у Кавычачах і г. д. І ва ўсе двары гаспадары клікалі «вецінара» з Заборцаў. Лячыў ён удачна кароў ад адной і той жа хваробы з год ці болей, аж пакуль не падпільнаваў хтосьці — аказваецца, сам «вецінар» і ўганяў жывёлу ў хваробу: зловіць за вёскай употай Ласюту ці Чарнаўку ды натрэ мылам язык. Чаму тады не быць карове смутнай, чаму не давіцца мыльнай пенай, якая цягне за сабой вонкі і вантробы?

А то здаралася і так. Ідзе за нейкай патрэбай чалавек праз Заборцы, а пасярод вуліцы спыняе пешахода мужык і б’е навотліў па вуху. «За што?» — пазірае на яго ледзьве не са слязамі недаўменны чалавек. «А ні за што, — спакойна адказвае яму тубылец. — Проста, каб ведаў, што пабыў у Заборцах».

Затое калі ўжо трапляў з Заборцаў хто ў смешнае становішча, нават у бяду, то гаворкі ды смеху сапраўды хапала, лічы, на ўсё забяседдзе. Асабліва выклікаў рогат нядаўны выпадак. Высветлілася раптам у адзін цудоўны дзень, што з Заборцаў выйшаў у вялікае начальства сын былой панскай чалядкі, здаецца, намеснікам наркома стаў. Правільна, што захацеў прыехаць і ў вёску. Ну, а заборцаўцы рашылі ў дошку расплюшчыцца, толькі як след прывеціць знакамітага земляка. Калгаснае кіраўніцтва, вядома, з дазволу раённага, нават сталы загадала накрыць пад соснамі, пры гэтым не шкадаваць ні пітва, ні закусі. Сын былой панскай чалядкі сапраўды ўсцешыўся, убачыўшы, як сустракаюць яго вяскоўцы. Але доўга не затрымаўся ў вёсцы, адно гадзіны са дзве пасядзеў разам пад соснамі, пакаштаваў і пітва, і адмысловай сялянскай закускі. Пасля яго ад’езду заборцаўцы, вядома, працягвалі банкетаваць, балазе, хапала на сталах усяго, да таго ж дарэмшчына кругом. «Во, — хваліліся захмялелыя мужыкі, — як добра мець земляка ў вялікім начальстве». Думалі, што п'юць ды ядуць калі не за яго кошт, то не за свой ужо напэўна. Але не. Заборцаўцы падмануліся ў сваім найлепшым жаданні. На другі дзень сабралася калгаснае праўленне і расклала выдаткі па дварах — і на тых, хто сядзеў за святочным сталом, і на тых, хто стаяў зводдаль ды аблізваўся...