Выбрать главу

— Раніца за вечар разумней,— адказала ёй, уздыхнуўшы, Палага.— Трэба начлегу шукаць, от што я скажу вам, бабы, ці паспеем ета мы дабегчы да таго Трасціна?

— І праўда ж, Анюта чакае...— занепакоена спахапілася Прося Рацэева.

— А Роза?

— Пагукаем і Розу.

— Што гукаць? Трэба шукаць!

— Дзе ж ты цяпера яе ўгледзеш?

— Ага, цёмна робіцца.

— Хадземце, хадзем!..

Гаворачы так, верамейкаўскія кабеты і не заўважылі, як перайшлі нанова кірмашовую плошчу ў Яшніцы.

ХІ

Разам з паволі астываючым сонцам спадала і гарачыня.

Зазыбу, які шыбаваў праз дуброву да Бесядзі, рупіла ведаць, дзе атайбаваўся Чубар. А ў тым, што Сыркін тады ў мястэчку гаварыў праўду пра яго, сумнявацца не даводзілася, бо навошта было таму выдумляць?

Праўда, лепей было б пачакаць дома, пакуль старшыня падасць знак, аб’явіцца нейкім чынам сам. Але раз ужо запала Зазыбу ў галаву, то ён і не пераставаў кідацца ў здагадках. Не менш карцела дапасці розумам і да іншага, што таксама знаходзілася ў адным паслядоўным радзе: чаму наогул вярнуўся Чубар, якая прычына яму выпала на гэта?

Разважаючы так, Зазыба паступова прыйшоў да высновы, што старшыня, няйначай, падаўся адразу ў Мамонаўку, да Аграфены Азаравай — там, у пасёлку, цішэй, бо не дужа людна, а палюбоўніцына хата стаіць ледзь не ў самым лесе, адно падыдзі з-за дрэў да акна ды паляпай у шыбіну. Ну, а калі Чубар да гэтага часу і не апынуўся яшчэ ў Мамонаўцы, то таксама памылкі вялікай не будзе каштаваць Зазыбу тое, што ён дасць сёння кругу, каб трапіць праз рум у пасёлак; прынамсі, як ён разумеў сабе справу, Аграфена цяпер доўга не застанецца ў няведанні наконт Чубаравага з’яўлення, тады ў кожную хвіліну стане магчымым звязацца са старшынёй з яе дапамогай.

Вада ў Бесядзі здалася Зазыбу занадта халоднай, усе роўна як у яго даўно былі застуджаны ногі, хоць, што казаць,— ёй і на самой справе наставаў час рабіцца такой, бо нездарма ў народзе памоўка: Ілля не толькі прынясе гнілля, а і ваду ўсхаладае; якраз па гэтай прычыне пасля Іллі тутэйшыя вясковыя людзі звычайна перастаюць купацца. Па-буслінаму стаўляючы ногі ў раку, Зазыба хутка перадыбаў на другі бераг, тады сеў на лазовы куст, які рос проста на белым, акурат пазебраным пяску, і ўзбуў боты. З берага адсюль адкрывалася вялікая лукавіна, якую ўтварала рака, а на ёй — рум, месца, адкуль плытагоны высокай вадой сплаўлялі плыты ў Сож. Рум гэты заснаваны быў тут вельмі даўно, нават Зазыбаў дзед, Міхалка, помніў яго ў сваім маленстве, і, бадай, ці не з таго яшчэ часу стаялі па краях на ім дзве, цяпер ужо збуцвелыя, хаты, у адной з якіх пад закуранай столлю месцілася сплаўкантора, у другой жылі — доўга ці мала, гэта як выпадала каму — сплаўшчыкі з аддаленых вёсак. Мясцовыя мужыкі таксама раней з ахвотай хадзілі сюды на промысел: тады ў час сплаву якраз наставалі вольныя ад работы ў гаспадарцы тыдні — вясной, пакуль не пачыналі сеяць скрозь, і восенню, калі з асноўнымі палявымі работамі, за выключэннем малацьбы, было скончана. Разы са два ганяў з бацькам плыты і Зазыба. З таго часу ён помніў увесь працэс сплаву, поўны як своеасаблівай рамантыкі, так і адважнай рызыкі.

Пачыналася звычайна на сплаве ўсё тым, што з лесу зімой тралявалі сюды, на рум, спляжаныя і ўжо абкораныя пры дапамозе скобляў дрэвы, якія к таму часу паспеў агледзець бракер, каб потым недзе не трапіла пад пілу гнілое ці крывое бервяно. Тралявалі з лесу сюды таксама і гатовыя брускі — для чыгункі, шахтаў, капальняў. Асабліва шмат вычэсвалі шпал для чыгункі. Брускі, з якіх выходзіла па адной шпале, называлі швэлямі, па дзве — шліфрамі, па тры — тымбарамі.

На руме страляваныя бярвенні звычайна складвалі ў шліхты, якія дасягалі двух метраў у вышыню і больш за чатыры метры ў шырыню. Шліхты гэтыя сціскаліся падпоркамі і нават — а раптам разводдзе залье рум — сцягваліся тоўстым дротам.

Вясной, калі рака ўваходзіла ў берагі і вада трохі цяплела, сплаўшчыкі браліся вязаць плыты. Адзін канец доўгай, ажно на дваццаць метраў, бомы замацоўваўся на беразе, другі — на сярэдзіне ракі, упоперак цячэнню. Затым мужыкі пачыналі расцягваць бусакамі бярвенне са шліхтаў. Каб лягчэй было качаць з берага да вады, пад ніз падкладвалі лягеры — тры-чатыры простыя жэрдкі. Папіхаючы потым бярвенне дручкамі, спускалі яго на ваду, упіраючы камлямі ў замацаваную бому. Цяпер звычайна вяжуць бярвенне ў лаўкі дротам. Але як помніць Зазыба, то яны з бацькам вязалі свае плыты гужбой — лазовымі вяроўкамі, якія іншы хто называў кардзялямі. Да канца такой лазовай вяроўкі мацаваўся кнэпель, альбо, прасцей, драўляны клін, што працягваўся пад кожны з двух тублёў, перакінутых упоперак лаўкі ззаду і спераду. Такі плыт звычайна складаўся з дваццаці і больш лавак, накрыж звязаных між сабой шварай, зробленай з той жа гужбы. Калі плыт нарэшце быў звязаны, ззаду на яго прыбівалі скрынку з валком, на якім мацавалася доўгая шырага — завостранае знізу палена, каб можна было пры неабходнасці тармазіць альбо зусім спыняць плыт. На першай лаўцы з самага пераду ставілася для кіравання апачына, сплаўшчыцкае вясло, якое мела метры чатыры ў даўжыню. Але і на гэтым аснастка плыта не канчалася, бо без барбораў, што прывязваліся абапал яго, нельга было доўга ўтрымацца ля берага. Ну і, вядома, не забываліся плытагоны пра шалаш, побач з якім ставілася скрыня з пяском для вогнішча.

Асабліва запомніўся Зазыбу той раз на сплаве, калі яны з бацькам гналі па Бесядзі вялікі, ажно на трыццаць лавак, плыт ужо глыбокай восенню. Запомніўся якраз не рамантыкай і рызыкай, а зусім іншым. Плыт звязалі яны самі. А бацька дык і наогул траляваў бярвенне для яго. А вось чаму той плыт прастаяў лета ля берага на Бесядзі, мокнучы ў вадзе, Зазыба цяпер ужо не помніў. Здаецца, выйшла нейкая няўпраўка ў гаспадарцы. Адным словам, давялося гнаць ім плыт глыбокай восенню. Калі падплывалі да Сажа, у вусці Бесядзі скрозь ужо блішчаў на сонцы прыпай, а пасярэдзіне ракі — то наперад плыта, то ззаду — ішоў цячэннем шарош, гатовы кожную хвіліну спыніцца, сутыкнуўшыся з якой-небудзь перашкодай, каб таксама ператварыцца ў лёд. Затрымаліся б яны з бацькам на дзень-два тут, на руме, ці каб здарылася якая замінка на гэты час у дарозе — і ўсё, стаяў бы плыт, умёрзлы ў раку, зіму, аж пакуль не вызваліўся б з ледзянога палону потым вясной. Аднак галоўныя пакуты пачаліся пасля — на прыёмачным пункце бацьку чамусьці не заплацілі грошы, сказалі, што атрымае разлік за прыгнаны плыт у сплаўной канторы свайго рума. І яны вярталіся амаль ці не з-пад Гомеля ў Верамейкі пешкі, ужо ўзімку без ніякага фунду. Давялося проста жабраваць ад вёскі да вёскі, бо харчоў, якія яны бралі з сабой з дому, хапіла толькі ў адзін бок. Якраз гэтым і запомніўся Зазыбу той сплаў. Спярша бацька, саромеючыся жабраваць, тлумачыў людзям, хто яны такія з сынам, па-сялянску абяцаў за абед ці сняданак аддзячыць пасля, калі давядзецца ў новы сплаў трапіць сюды. Але потым зразумеў, што дарэмна тлумачыць — усё роўна іх прымалі за жабракоў. Як толькі небарака ўсвядоміў гэта, ісці стала лягчэй — ніхто ні на што асабліва не разлічваў, абы хоць і цвілога, а кавалак хлеба ў торбе не зводзіўся дый начаваць пускалі ў хату. Супала, што ў Верамейкі яны прыйшлі к ночы. Аднак і знарок хацелася аб’явіцца ў вёсцы па-цёмнаму, без лішніх сведак, бо на абодвух шкода было глядзець — адзенне зусім не па зіме, абутак стаптаўся ды і завашывілі яны добра-ткі.

Тым часам з пабудовай чыгункі Унеча — Орша сплаўная справа ў гэтым месцы Бесядзі пачала занепадаць — па-першае, само будаўніцтва чыгункі, пакуль яно вялося, патрабавала багата лесу, а па-другое, з уводам чыгункі ў дзеянне з’явіўся новы спосаб перавозкі яго на далёкія адлегласці. Ва ўсякім разе, на ўсю моц нейкі час працаваў леспрамгас толькі ў адзін бок. Але незадоўга перад вайной, акурат без малога за два гады да яе, зноў тралёўка аднавілася на рум: як і ў даўнія часы, калі рум засноўваўся, забесядскі лес пайшоў за мяжу — спярша да Прыпяці ў плытах ажно па трох рэках, затым пры дапамозе лесавозаў у Буг, які стаў пагранічным.

Дарэмна было б шукаць каго цяпер на руме. Нават вартаўнікі, якім належала знаходзіцца круглы год тут, і тыя яшчэ да прыходу немцаў разышліся па сваіх вёсках.

Адразу за румам пачынаўся лес — стромкі піловачнік, калі гаварыць мовай таксатараў.

Здавалася, што некалі шумная дарога — да рума звычайна ішлі і ехалі людзі — сёння будзе пустая на ўсёй адлегласці да Мамонаўкі. Ды не. Якраз на другім кіламетры шляху Зазыба раптам убачыў ваўка. Акурат па часе — не чалавека, а ваўка. Зусім па-сабачы той сядзеў на абочыне, пазіраючы насустрач. Не вялікі страх даросламу чалавеку ўбачыць у лесе ваўка, тым больш аднаго, аднак Зазыба адразу адчуў, што ў руках не хапае дзеля такой сустрэчы дзябёлага дубца ці хоць бы якога-небудзь адсечанага макуша. Але ўжо ў наступны момант патрэба ў абароне адпала, бо Зазыба здагадаўся — на абочыне сядзеў воўк, які даўно ўжо нікому не пагражаў. Проста, не здольны быў. Пра яго ўсе ведалі ў наваколлі. Можа, не кожнаму даводзілася сустракацца з ім вось так, як цяпер Зазыбу, аднак ведаць ведалі. Быў ён дужа стары і ўжо не меў зубоў, таму не нападаў на жывёлу. Людзям таксама не было чаго баяцца яго, бо ваўкі ці не ў дзесяць гадоў адзін раз нападаюць на чалавека, і то ў глухую піліпаўку, пад час сваіх воўчых вяселляў, а гэты дык і наогул не здольны стаў пагражаць каму б то ні было,— нават задушыць ахвяру ўжо не хапала моцы, не тое што загрызці. Цяжка было ўявіць таксама, чым карміўся ён, мусіць, толькі тым, што не магло ўцячы ад яго — качынымі яйкамі на балоце, бездапаможнымі, яшчэ мокрымі пасля нараджэння, зайчанятамі і г. д. Словам, пра тое, чым жыў гэты воўк апошнія гады, калі знядужаў ад старасці, ведаў, бадай, адзін бог ды ён сам. Зусім не цураючыся людзей ад гэтай сваёй нямогласці, наадварот, яўна адчуваючы ўнутраную патрэбу бачыць іх, ён, быццам жабрак які, бадзяўся па наваколлі і, мусіць, як усё жывое, здольнае хоць нейкім чынам разважаць альбо згадваць што-якое, з сумам перабіраў у галаве ўспаміны аб страчаным жыцці. Страчаным!.. Бо хто на схіле дзён сваіх не лічыць, што страціў жыццё?..