Выбрать главу

Няйначай, Чубар неўзабаве адчуў, што Зазыба зблізку разглядвае яго, тады страпянуўся, акурат нездаволены ці злоўлены на чымсьці патаемным, і ўстаў з такога ж самаробнага крэсла, на якім сядзеў і Зазыба, і, залажыўшы рукі за спіну, прайшоўся шырокімі крокамі раз, і другі, і трэці па хаце.

Зазыба, між тым, застаўся на месцы, адно павярнуўся трохі, каб не сядзець да Чубара спіной.

Нарэшце Чубар перастаў мераць крокамі падлогу, спыніўся ля стала і зноў улаштаваўся на сваё крэсла, сціснуўшы каленкамі складзеныя ў далоні рукі.

Зазыба разумеў, што размова яшчэ не скончана, больш таго, на некаторыя пытанні ён так і не адказаў Чубару, бо той вельмі нястрымана паводзіў сябе, паварочваў часта гаворку зусім у іншы бок, асабліва тады, як пачынаў упарта адмаўляць, здавалася б, бясспрэчныя рэчы, адстойваючы свой погляд на іх; але разумеў Зазыба таксама і тое, што ініцыятыва ў гаворцы і надалей будзе за Чубарам, менавіта ад Чубара залежыць, на чым яны сыдуцца тут сёння, хоць, вядома, дужа хацелася прымусіць таго глянуць на ўсё вачамі чалавека, што моцны не толькі адданасцю агульнай справе, якая сапраўды цяпер зводзілася да аднаго — да барацьбы з ворагам, але і развагай, здольнасцю ацаніць як след абстаноўку і дзейнічаць згодна гэтай ацэнкі.

Апошняй спробай схіліць Чубара да большай стрыманасці было хоць і нясмелае, але ўсё ж пярэчанне, калі Чубар, пасядзеўшы трохі, сказаў з дакорам:

— Не выканалі мы, Дзяніс Яўменавіч, дырэктывы, не ўсё зрабілі, што ад нас патрабавалася...

— Дык... Можа, дырэктыва памянялася ўжо... Гэта ж калі тое было, а цяпер, мусіць, новыя дырэктывы ёсць. Толькі мы пра іх не ведаем.

— Ніхто той дырэктывы не адмяняў,— смыкнуў шчакою Чубар.— Дырэктыва была дадзена правільная.— І спытаў: —Што ты збіраешся рабіць заўтра?

— Здаецца, нічога,— адказаў Зазыба, але тут жа спахапіўся: — Хоць не, што я кажу — д’ябал, мусіць, ужо знайшоў работу.

— Які д’ябал?

— Камендант.

— Што, ужо дайшло да таго, што камендант загадвае, а ў вас пад каленкамі трымціць?

— Не дужа каб трымцела, а загад выконваць мусіш.

— І што ён такое загадаў?

— На Дзяражні ў Белай Гліне разбураны мост. Ці то нашы ўзарвалі, як адыходзілі, ці пасля хто разбурыў. Дык цяпер вось адбудоўваць трэба. Загадана запрэгчы ўсе падводы, якія ёсць у гаспадарцы, ды накіраваць з мужыкамі ў Белую Гліну.

— Якраз заўтра?

— Дакладна не ведаю, але трэба чакаць, што Брава-Жыватоўскі пачне хутка выконваць камендантаў загад.

— Ну, вось,— пагардліва ўсміхнуўся Чубар.— Чырвоная Армія паўзрывала масты на рэках, а вы, патрыёты, збіраецеся цяпер па загаду нейкага нямецкага каменданта адбудоўваць іх.

— Дык...

— Што «дык»? — не перастаў пагардліва ўсміхацца Чубар.— Паставіць бы там, у саснячку, што насупраць маста, станкач з поўнымі лентамі ды свінцом па вас, свінцом!

— А ты гэтак і зрабі! — акурат узрадавана зварухнуўся Зазыба.— Ды з кулямёта не па нас, мы тут ні пры чым, а па фашыстах, па фашыстах свінцом сваім. Вось тады і мы разбяжымся хто куды, як ты пастраляеш іх і не будзе каму загадваць ды прымушаць нас пад палкай, а то і пад пагрозай смерці.

— Думаеш, не зрабіў бы?

Зазыба паціснуў плячамі.

— Быў бы кулямёт,— сапраўды пашкадаваў Чубар,— то не вельмі асцерагаўся б я.

— Ну, а раз няма кулямёта, то няма чаго і гаварыць, а тым больш папікаць,— акурат блазнуючы, бліснуў вачамі Зазыба.— Словам, пакуль кулямёты ў адных немцаў, то выбачай. Ніхто не захоча стаць добраахвотна пад тыя кулямёты. Мы ў Верамейках і то пераканаліся ўжо, як яны могуць наводзіць на людзей кулямёты.

Але Чубар нібыта не слухаў Зазыбу.

— І ты, чырвоны ардэнаносец, паедзеш адбудоўваць мост? — наперад здзіўлена спытаў ён.

— Паеду,— упарта крутануў галавой Зазыба.— І справа не ва мне. Я хоць зараз смерць гатовы прыняць, але каб ад гэтага карысць была. А то што з таго будзе, калі я ахвярую сабой, а справе не дапамагу. Усё роўна немцы мост на Дзяражні адбудуюць. Пазганяюць мужыкоў з навакольных вёсак і адбудуюць.

— Але кроў герояў, Дзяніс Яўменавіч, памагае спець ідэям,— зусім не хвалюючыся, што сваёй жорсткасцю не толькі крыўдзіць, а і абражае Зазыбу, сказаў Чубар.

— Хапіла ўжо крыві і без маёй для ідэй,— спакойна адказаў на гэта Зазыба.— Кроў тут не паможа. Трэба зрабіць так, каб не мы немцаў баяліся, а каб яны нас. І не крывёй сваёй мы павінны напалохаць іх, а зброяй. Я вось так разумею справу і хачу, каб і ты нарэшце зразумеў гэта.

— А я хачу, каб ты ўсё ж не ехаў у Белую Гліну. Табе трэба з’ездзіць у іншае месца.

— Куды гэта?

— У Машавую. Думаецца мне, што нашы пакінулі для падпольнай работы некага ў раёне. Не можа быць, каб з кіраўнікоў ніхто не застаўся. Столькі дырэктыў розных было, цыркуляраў. Не, не павінна быць, абавязкова каго-небудзь пакінулі тут. Дарэчы, пра гэта гаварыў і той чалавек, які накіроўваў мяне сюды.

— Што за чалавек? — дапытліва глянуў на Чубара Зазыба.

— Не ўсё роўна. Чалавек і чалавек, вышэй нас з табой!

— Але чаму ехаць акурат у Машавую?

— Мне так думаецца. Справа ў тым, што ў пачатку жніўня, якраз незадоўга да акупацыі, мяне таксама выклікалі нечага туды. Відаць жа, не дарэмна збіраў райком камуністаў, якія мелі браню ад прызыву ў армію?

Зазыба задумаўся — супраць гэтай Чубаравай прапановы ён нічога не меў. Наадварот, ухваліў — нарэшце, за столькі часу сказана нешта больш-менш канкрэтнае, хоць яшчэ і не ведаў, да каго там, у Машавой, трэба будзе звярнуцца яму. Нарэшце ўспомніў — непадалёку ад вёскі, у пасёлку Дзяржынне жыў яго даўні таварыш, ляснік Арцём Алейнікаў, таксама, як і Зазыба, удзельнік грамадзянскай вайны.

То быў чалавек цікавага і нялёгкага лёсу. Яшчэ задоўга да рэвалюцыі, ці не ў адзінаццатым годзе, скончыўшы народную школу, падаўся ён з беларускай вёскі на Далёкі Усход і колькі часу працаваў матросам на параходнай прыстані ў Благавешчанску. Затым яму пашанцавала ўладкавацца на службу ў кантору Амурскага таварыства параходства і гандлю. Але пачалася вайна з кайзерам, і яго мабілізавалі ў армію, а там яго, як чалавека «пісьменнага», прызначылі пісарам асобнага артылерыйскага дывізіёна, узброенага, як ён любіў гаварыць ужо ў мірны час, французскімі далёкабойнымі гарматамі. У снежні семнаццатага года, калі выпала магчымасць пакінуць армію, вярнуўся Арцём у родную вёску. Аднак канчаткова парваць сувязь з арміяй не ўдалося. У маі наступнага года ён становіцца справаводам мабілізацыйнага аддзела Клімавіцкага ваенкамата з выкананнем абавязкаў спярша камісара павятовай паштова-тэлеграфнай канторы, потым камісара адразу некалькіх валасцей, у тым ліку і Бялынкавіцкай. Ну, а ў дзевятнаццатым годзе былы пісар, справавод і камісар паступае ў Чырвоную Армію, спярша зноў ваюе з немцамі, з гайдамакамі, затым з белагвардзейцамі і белапалякамі... Быў двойчы паранены. Уласна, па раненню ў дваццаць першым годзе і дамоў вярнуўся. Пачаў працаваць аб’ездчыкам у лясніцтве. Потым падаўся вучыцца — скончыў курсы па лесаэксплуатацыі, пасля чаго быў прызначаны памочнікам ляснічага. Але ў трыццаць пятым годзе Арцёма раптам выключылі з партыі, абвінаваціўшы ў сувязі з класава варожымі элементамі — за тое, што нібыта трымаў на працы раскулачаных. Праўда, на судзе факты яго апякунства над класава варожымі элементамі не пацвердзіліся, і ён быў адноўлены ў партыі нават без партыйнага спагнання. І тым не менш на ранейшую пасаду Алейнікаў ужо не трапіў — у часе папярэдняга заключэння ў яго пайшла кроў з вушэй, чалавек страціў слых. Давялося здаволіцца працай звычайнага лесніка.