Пярэднія кабеты, між тым, дайшлі да канца, ад якога пачынаўся жытнёвы палетак, але не затрымаліся на крыжавіне — адны падаліся далей па гуцянскай дарозе, другія павярнулі на бакавую, каб адтуль ужо рушыць кожная на сваю паласу.
— Ну што, Дзянісавіч, мне таксама туды,— паказала Ганна на бакавую дарогу.— Пайду глядзець. Можа, засталося трохі снапоў. Дак у госці тады прыйдзіце. Пастаўлю во соладу з етага гарэлага ў начоўкі, прарашчу да й самагонкі націсну. Буду частаваць. Так што прыходзьце, Дзянісавіч!
Масей недарэчна заплюскаў вачамі — маўляў, самагонкі дык самагонкі, хоць у жыцці сваім ён, здаецца, ніколі не піў яе і не ведаў нават смаку, а тады пачаў прыспешваць крок, каб дагнаць маці, якая ўсё яшчэ ішла са сваімі канчанскімі бабамі.
— А што, Ганна гэта і праўда адна ўвесь час жыве? — пацікавіўся ён у маці, калі яны нарэшце засталіся ўдваіх.
— Дак а з кім ёй яшчэ быць! — быццам не залюбіла ў адказ маці.
Масей адчуў гэта і больш не стаў пытацца.
Хутка яны ўзышлі цераз прыдарожную канаву на ржышча. Ад самай дарогі копы не загарэліся ўначы, таму ржышча тут кругом мела выгляд учарашні, жоўты, без аднаго чорнага лапіка. Пажар палютаваў пасярод палетка ды бліжэй да бакавой дарогі, куды пагнаў полымя вецер. Але спрактыкаванаму воку было відаць, што пачынаўся пажар не ў адным месцы, хтосьці пераносіў знарок агонь уздоўж бакавой дарогі.
На Зазыбавай паласе ўцалела некалькі коп зусім зводдаль, на схіле кургана; туды агонь не дастаў, ужо праўда што — не пусціў вецер. Па чорным іржэўніку, які чамусьці не здолеў увесь высмылець, бо дзе-нідзе тырчалі пеньчукі, маці падышла да таго месца, дзе яшчэ ўчора стаяла ў яе акурат пасярод паласы самая вялікая капа, паварушыла нагой, абутай у гумавы бот, попел. У паветра адразу пырхнулі з попелу іскры, якія датлявалі ў пажарышчы, а на самым дне згарэлай капы бліснулі, быццам адкрытае золата ў прамыве, жытнёвыя зярняткі.
— Во, і малаціць не трэба! — акурат узрадавалася Марфа, хоць Масей ужо разумеў, што яна гэтакай прымушае сябе быць; але вось яна сунула руку ў папялішча, дзе залацілася зерне, зачарпнула адтуль яго бокам далоні, здзьмухнула попел — залаты бляск аказаўся падманлівы, жыта было нежывое, бо спяклося ў агні, і нават тыя зярняткі, што не паспелі абвугліцца, наўрад ці гадзіліся ва ўжытак; маці адразу зразумела гэта і перад тым, як ссыпаць іх з далоні назад на папялішча, паказала Масею.
У гэты момант пачулася, як зашоргалі па ржэўніку чыесьці крокі. Масей глянуў туды. Ад гуцянскай дарогі праставала да сваёй паласы Касперучыха.
— Каб на табе гарэла, каб на табе смылела, каб на табе курэла валоссе,— бубніла яна на хаду.— Каб на табе гарэла і трашчала, як гарэла і трашчала етая наша салома,— не пераставала яна праклінаць .— Каб ты насіўся ўсё жыццё з адным-аднюткім у роце хворым зубам, каб ты не знаходзіў ад яго месца сабе!..
Не даўшы суседзям нават «дзень добры», Касперучыха са змрочнай нястрыманасцю прайшла далей, смурыжачы лапцямі па калянаму ржэўніку.
— Сын, ішоў бы ты двору назад,— раптам занепакоілася Марфа і ўсё роўна як з дакорам паглядзела на Масея.— Тута й без цябе мне рабіць, бачыш, няма чаго. Адно будзеш слухаць ету кляцьбу бабскую. Ета я дарэмна саўсім вяла цябе. Ну, да ладна, прайшоўся сабе, і добра. А цяпера ідзі дамоў. Я сама спраўлюся.
* * *
Дзіва, але другі чалавек, які трапіўся ў баку ад агульнага верамейкаўскага клопату, быў Парфён Вяршкоў...
Дужы селянін, якому, здавалася, зносу не будзе, раптам адчуў па сабе, што ў той надвячорак, калі пастаяў на вясковым пляцу пад наведзенымі на яго нямецкімі аўтаматамі, пачало разбурацца ўнутры ў ім штосьці такое, на чым трымаецца жывое жыццё. Уначы ён ляжаў на пасцелі мокры ад халоднага поту, які немаведама адкуль браўся, бо наўрад ці было столькі вадкасці зусім у ягоным целе, акурат у хаце са столі выпадала раса, і ён купаўся ў ёй, увесь час трызнячы. Спаў ён нямоцна, чуючы сваё трызненне, а ў прамежках, тады; калі галаву засціў туман небыцця, бачыў адзін і той жа сон, дакладней, не адзін, а цэлых тры, якія зліваліся ў адзін. Спярша ён, седзячы на нейкім ліпкім карчы, ад якога не адваліліся камякі балотнай багны, закручваў на ногі каляныя анучы. Яму было балюча гэта рабіць, бо на нагах нацерліся вялікія мазалі. Побач ужо стаялі боты, у якіх ён павінен быў неўзабаве ісці ў нейкую вялікую дарогу. Але Парфён так і не запомніў з усяго сну, які паўтараўся не адзін раз, ці нацягнуў ён нарэшце боты, каб ісці. Бачанне раптам перапынялася, мазалі на нагах пераставалі балець, а затым да яго прыходзілі новыя малюнкі ў сне: нібыта ён прысутнічае пры бацькавым кананні, калі той паміраў далёкім зімнім днём. Звычайна старыя людзі паміраюць пад ранне, а яго бацька расставаўся з гэтым светам удзень. Парфён сапраўды быў пры бацьку ў тыя хвіліны. Аднак таго, што бачыў цяпер у сне, у сапраўднасці не было. Бацька паміраў не ў сваёй памяці, бо перад гэтым доўга хварэў і, мусіць, ужо не меў сілы вярнуцца да свядомасці. Парфёну цяпер бачылася ўсё наадварот. Вярзлося штосьці неверагоднае і жудаснае: ужо задыхаючыся, бацька раптам расплюшчыў вочы і дакорліва паківаў сыну пальцам, быццам толькі што даведаўся пра нядобры ўчынак. Дзіўна, але Парфён і на самой справе адчуў сябе вінаватым, ён толькі не мог здагадацца, што меў на ўвазе бацька — віну сваю адчуваў, а ў чым заключалася яна, не мог уцяміць... Трэцяй часткай таго сну, калі можна назваць так, было ўжо зусім нядаўняе. І не выдуманае соннай фантазіяй, а самае што ні на ёсць сапраўднае. Ён стаяў на пляцу, перад калгаснай канторай, побач з прыдуркаватым Цімам, а насупраць, пахаджваючы па пляцу паміж імі і натоўпам верамейкаўцаў, гаварыў нейкую зусім не страшную прамову, падобную хутчэй на звычайную казань, той цыбаты жандарскі афіцэр у светла-зялёным мундзіры з чорнымі абшлагамі і чырвонай істужкай, прадзетай у пятліцу на грудзях... Гэтым Парфёнаў сон канчаўся, бо якраз тут Парфён чуў свой голас, кідаючыся ў трызненні. Парфён абуджаўся, праводзіў рукой па твары, зарослым шчэццю, тады цераз бараду абмацваў шыю да самых ключыц, сціраў са скуры густы пот, шкадуючы, што няма блізка ручніка, але разбудзіць Куліну, якая спала ў бакоўцы, не рашаўся. І вось у гэтыя свядомыя хвіліны, калі канчалася трызненне, ён пачынаў разумець, спалоханы і здзіўлены, што нешта адбылося з ім такое, чаго ён яшчэ не мог растлумачыць, што нешта змянілася назусім... За сняданкам, калі ён падносіў лыжку да рота, Куліна раптам сказала, што ў яго дрыжаць рукі. Парфён ажно затрымаў лыжку, каб пераканацца самому, і яшчэ больш здзіўлены, чым Куліна, успомніў, што тады, на пляцу, вось так трымцелі ў яго каленкі. Быццам не верачы сабе, Парфён выйшаў пасля сняданку ў двор, прайшоўся ад ганка да варот і, адчуўшы няверную хаду сваю, уздыхнуў, сказаўшы ўголас: «Слаб чалавек!..» — усё роўна як хацеў суцешыць гэтым філасофскім прызнаннем сябе і вярнуць назад былую дужасць. Зайшоўшы нанова ў хату, Парфён зноў лёг на ложак, але ўжо, здаецца, зусім бездапаможна, як пасля вялікага застолля. Куліна заўважыла і гэта, пачала хліпаць носам, акурат Парфён чымсьці пакрыўдзіў яе, тады не ўтрымалася і загаласіла, вінавацячы яго ва ўсім — навошта было заступацца за таго вар’ята, маўляў, табе заўсёды больш за другіх трэба, ты нідзе не прамінеш, каб не зачапіцца за што, і чым далей, тым болей. Больш Парфён у той дзень не выходзіў з хаты.
Калі да іх прыйшоў Брава-Жыватоўскі, каб змусіць гаспадара ехаць у Белую Гліну аднаўляць спалены мост, Куліна адразу накінулася на яго:
— Не дасцё чалавеку пахварэць нават!
Стоячы ў парозе, Брава-Жыватоўскі зняважліва сказаў:
— Ну от, спярша ў героі лезеце, а тады косці ў каленках лічыце! — Аднак, няйначай, быў таксама ўражаны Парфёнавым выглядам, бо тут жа павярнуўся і, лішне не грукаючы ботамі, заспяшаўся вонкі.
Пасля паліцая Куліна быццам дзеля прыліку, каб нямоглы Парфён не падумаў крыўдліва, паныкала колькі часу па хаце — уранні заўсёды хапае непарадку, то адно не так, як трэба, стаіць, то другое,— тады сабралася ў Паддубішча.
Застаўшыся адзін ў хаце, Парфён пачаў думаць. Уласна, ён не пераставаў думаць і раней, нягледзячы, што брала сваё стомленая адчужанасць, аднак да таго часу, пакуль не пайшла Куліна, адчуваў нейкае вонкавае абмежаванне, перашкоду, даволі было жонцы грукнуць чым-небудзь у чалесніку альбо зрабіць неўзнарок які іншы гук у сенцах ці ў хаце, як думка ў ягонай галаве абрывалася адразу, быццам адсечаная чымсьці вострым, і ён ужо не мог нанова выкіравацца на яе, каб раскруціць, бы тую цэўку, да канца; замест страчанай думкі ў галаву прыходзіла новая, запаўняла ўсё сабой, і пра старую неўзабаве ўжо нават не помнілася, але ўвесь час і старыя і новыя думкі былі звязаны не з ім самім, гэта значыць, думалася не пра сябе, не пра сваё асабістае жыццё, не пра свой лёс, а пра іншых людзей — альбо пра верамейкаўцаў, альбо пра даўно знаёмых з другіх навакольных вёсак; і якраз, можа, таму, што думкі гэтыя былі пра старонніх людзей, яны ўсе мелі спакойны лад, пра такія не скажаш, што адна нечакана апякла свядомасць, а другая ўстрывожыла душу; проста, думалася ўсё роўна як здалёку, у паўзабыцці бачылася; і толькі тады, калі ў памяці ўсплыла дачка, Парфён, здаецца, крануўся душой, зноў займеў жывую яснасць у галаве і падрабязна, дзень за днём прасачыў ва ўспамінах сваю паездку на Кубань, дзе жыла дачка, але хвалявацца дужа за даччын лёс не было вялікай патрэбы, бо не верылася, што вайна адсюль дакоціцца да тых далёкіх стэпаў,— неяк пражыве там, а можа, яшчэ і мужыку бронь далі, дык і зусім добра ў іх будзе, супакоіў ён адразу сябе, не даўшы часу бедаваць; ва ўсім іншым, што прыходзіла Парфёну ў галаву, не было той вастрыні, той нецярплівасці, якія звычайна вымагаюць асэнсавання, напружанай работы думкі.