— Ну, а раптам ведаю?
— Дак скажы тады. Дужа ведаць захацелася. Дак скажы. Хто на етай зямлі, дзе мы цяпера, жыў да нас? Што ета за народ быў і калі ета было? Мне тута настаўнік адзін расказваў, нібыта нейкія радзімы да нас жылі і па той, і па еты бок Бесядзі. Чуў жа, нябось, як гавораць часам — радзімец цябе возьме! Дак няўжо і праўда жылі тут нейкія благія людзі?
— Як вам сказаць, на гэтай зямлі сапраўды некалі жылі радзімічы. Яны прыйшлі сюды аднекуль з прапольскіх зямель са сваім правадыром Радзімам і пасяліліся паміж Дняпром і Дзясной, гэта значыць, канкрэтна на берагах нашых рэк — Сажа і яго прытокаў Бесядзі і Іпуці. Разам з войскам Кіеўскага князя Алега хадзілі на Царград, гэта ажно ў цяперашняй Турцыі, за Чорным морам. Відаць, яны мелі нават немалы свой флот і былі надзвычай ваяўнічыя, бо часта адмаўляліся плаціць даніну нават Кіеву. Кнігі расказваюць, што на сваіх «ігрышчах» яны прыгожа танцавалі і задушэўна спявалі, выкрадалі сабе жонак у суседніх плямёнаў, якіх мелі ажно па дзве, па тры. Пры пахаванні нябожчыкаў наладжвалі вялікую трызну, а потым іх спальвалі на вогнішчы, попел збіралі ў скрыню і ставілі на слупе каля дарогі. А вось чаму слова «радзімец» стала гэтакім, што ім яшчэ і цяпер палохаюць, зрабілася своеасаблівай кляцьбой, я дакладна не ведаю. Хіба, можа, таму, што радзімічы выкрадалі сабе за жонак у другіх плямёнаў, сваіх суседзяў, маладзенькіх дзяўчат, часам яшчэ зусім падлеткаў, якія потым вырасталі ў іхніх дамах у прыгажунь.
— Значыць, то былі нашы продкі?
— Але ж да іх тут таксама жылі людзі. Па той бок Бесядзі, у Клеявічах, напрыклад, археолагі раскопкі вялі, мясцовае курганішча вывучалі, дык знайшлі стаянку старажытных людзей, якія жылі на ёй зусім даўно, ажно каля ста тысяч гадоў да нас.
— Тады і ў нашым курганні,— паказаў Вяршкоў направа ад бальшака,— можна знайсці такую стаянку?
— Можа, і можна,— адказаў сур’ёзна Масей.
Вяршкоў пасля гэтага колькі часу маўчаў, яўна ўзважваў пачутае, тады спытаў:
— Ну, а радзімічы, куды падзеліся яны?
— А нікуды. Проста змяшаліся з другімі плямёнамі. З суседзямі — дрыгавічамі, крывічамі, вяцічамі, севяранамі.
— Значыць, яны ўсё-ткі засталіся тута?
— Бадай, так.
— А потым, што потым было?
— Княствы былі. Спярша — Мсціслаўскае. Пасля — Літоўскае. Чуў, нябось — Вялікае княства Літоўскае? Затым тутэйшыя землі разам з Літоўскім княствам падпалі пад Карону. Але заўсёды яны называліся рускімі. Нават у Рэчы Паспалітай і то не страцілі сваёй назвы — так і пісаліся: рускія землі.
— А калі ета Вашчыла бунтаваў? Яшчэ і цяпера крычаўскіх баб вашчылкамі завуць? Нават калі і наш хто, здараецца, бярэ адтуль сабе дзеўку, дак вашчылкай яе за вочы дражняць.
— Вашчыла бунтаваў пры паляках. Якраз хутка будзе дзвесце гадоў таму паўстанню.
— Ага, помню, пра ета яшчэ і цяпера розныя гісторыі расказваюць. Асабліва ў Мурын Боры. Значыць, і раней неспакойная наша надбесядская зямля была, Дзянісавіч? Не давалася?
— Выходзіць, што так, дзядзька Парфён,— здаволена згадзіўся Масей.
— Дак хадзем, Дзянісавіч, цяпера мо ў сад? Яшчэ я ў цябе маю намер што спытаць. Да і яблыкі з грушамі сёлета, бачыш, якія нараслі? Хадзем, пакаштуеш!
Ён нават не стаў чакаць, пакуль Масей скажа пра сваю згоду, усё роўна як быў упэўнены ў гэтым, таму адпіхнуўся рукамі ад плота, крута павярнуўся і зрабіў некалькі цвёрдых крокаў па сцежцы. Але дарэмна — раптам страпянуўся, адкідваючыся галавой назад і падаючы дагары. Уражаны гэтым, Масей, амаль не чуючы свайго цела, пераскочыў цераз плот, кінуўся да Вяршкова. Нават не нахіляючыся над ім і не слухаючы сэрца, можна было без памылкі вызначыць — Парфён ляжаў на мяжы мёртвы!.. Бадай, гэта быў першы чалавек, які з часу вайны сканаў у забяседдзі сваёй смерцю. Падаючы на зямлю, ён нават вочы паспеў заплюшчыць, акурат не хацеў, каб потым убачылі ў іх пустату.
XIV
Верамейкаўцы выбраліся ў Белую Гліну, бадай, ужо апошнія з усіх, каму было загадана з’явіцца туды на падводах.
Ехалі хто на чым — на драбінах, на калёсах, а хто і проста на кранджолах, паклаўшы дошку ўпоперак: запрагалі коней каля стайні таксама абы ў што трапілася.