Выбрать главу

Зазыба заняў месца ў абозе адразу за Сілкам Хрупчыкам. Пасля яго ехаў ужо Мікіта Драніца.

Мікіта сёння чамусьці стоена, ажно загадкава маўчаў, адно круціў, як той пугач, сваёй вялікай галавой, зіркаючы па баках, быццам яму штосьці дужа рупіла ці здавалася, і ён спрабаваў згледзець тое абапал сябе. Тым часам у Зазыбы было на прыкмеце перадаць Мікіту Чубараў наказ з’явіцца ў Мамонаўку.

Там, ля стайні ў Верамейках, ён не рашыўся падступіцца з гэтым да Драніцы, бо гаворка ва ўсіх была тады пра пажар, і Зазыба проста асцерагаўся, што Драніца спалохаецца, плявузгне пры ўсіх, і адразу стане вядома пра Чубара і пра тое, што начны пажар у Паддубішчы мог быць справай яго рук.

Ад самых Верамеек абапал карэністай дарогі ішоў лес — спярша старыя, ужо даўно выбракаваныя, але непаваленыя ды нявывезеныя к руму сосны, тады малады хвойны падлесак, сярод якога на галых мясцінах адзінока пракідаліся беластволыя бярозкі, пасля зноў пачыналіся вялікія дрэвы з сёлетняй падсочкай. Колы пустых вазоў гучна ляскалі па карэнні, якое выпіналася вонкі, і ад гэтага на ўвесь лес, здавалася, ішоў несціханы грукат і гул, праз які чалавечы слых ужо няздольны быў ні да чога дапасці. Ехаць па такой няроўнай дарозе было дрогка і нават ласкотна, таму сёй-той, прывязаўшы зашмаргам вяроўчатыя лейцы да бакавой гнушкі, адбягаў акурат кумільгом побач, каб высмагнуць на ўзлеску ахапак кучомістага, светла-бурага верасу пад зад сабе; паклаўшы, кожны пазіраў на астатніх з выклікам, быццам толькі што зрабіў нешта зусім заліхвацкае ці ўжо, няйначай, такое, што няўзнак іншым. Трымаючы лейцы ў руках, Зазыба амаль не паганяў каня, ды і патрэбы, здаецца, не было ў гэтым, бо яго мышасты захапіўся агульным рытмам скорай язды, стараўся сам паспяваць за пярэдняй падводай. Зазыбу толькі і клопату заставалася, што ўсяго час ад часу кідаць вокам на сякеру, уторкнутую ў шчыліну паміж бакавушак, каб тая не згубілася па дарозе.

Перад тым як ад’ехаць ад стайні, паміж верамейкаўскіх мужыкоў адбылася размова. Пачаў яе Брава-Жыватоўскі. Нездарма кажуць, што на пажары, акрамя ўсяго іншага, можна пагрэць таксама рукі. Брава-Жыватоўскі якраз і скеміў скарыстаць момант, балазе верамейкаўцы ўранку па-сапраўднаму былі ўзбураны падпалам, нават тыя, што звычайна адмоўчваліся пры розных акалічнасцях, і то сёння гневаліся ў душы, гатовыя на ўсё.

— Цяпер самі бачыце,— нібыта ўшчуваючы аднавяскоўцаў, кінуў першыя словы Брава-Жыватоўскі,— без узброенай аховы нам не абысціся. А то ж сёй-той з вас падумаў, нябось,— Антон здурнеў, не за тое хапаецца. А я пра вас, пра вёску ў першую чаргу думаю. Вінтоўка — яна... не толькі ваўкоў пахам адпужвае, а і двухногіх прымушае паводзіць сябе, як трэба. Вінтоўка — сіла.

— Ат, закінь ты яе знаеш куды!..— раптам скрывіўся і махнуў пагардліва рукой Раман Сёмачкін, у якога пагарэлі ўначы ці не ўсе копы.— Што толку з тваёй етай бяльгійскай ламачыны, калі самога і з вучоным сабакам нідзе не знайсці!

— Дапусцім, сёння я сапраўды праспаў,— зніякавела заплюскаў вачамі Брава-Жыватоўскі, быццам хацеў паказаць гэтым, што без лішніх слоў прымае Раманаў дакор.— Але ж гляньце на справу з другога боку. Дапусцім, у вёсцы не адзін я паліцэйскі, а некалькі. Дарэчы, на Верамейкі і так паложана на кожныя трыццаць двароў яшчэ па адным. Ды на два пасёлкі. Значыць, ужо цэлы стан будзе ў вёсцы.

— А начальнікам немцы, няйначай, паставяць Раманавага Рахіма,— таксама ў адпомсту Брава-Жыватоўскаму, што праспаў пажар, кінуў Сілка Хрупчык.— Раман жа яшчэ калі хваліўся, што Рахім сабе забярэ ўсю ўласць у нас.

— Не, цяпер ужо гэта не так,— зусім сур’ёзна, быццам не чуючы Сілкавай знарочыстасці, запярэчыў Брава-Жыватоўскі.— Рахіма ў нас не будзе. Яго ў Печы, пад Барысаў, зямляк забірае.

— Во ета зямляк, га? — падміргнуў Іван Падзерын.

А Сілка Хрупчык дадаў:

— Ну, а то ўсё нас Раман палохаў — ста-а-а-не Рахім начальнікам і ўсіх тады ба-а-аб... Га-га-га!

— Відаць, шышка вялікая той Рахімаў Ахмет? — акурат зайздросцячы, пачухаў патыліцу стары Ціток, якога Брава-Жыватоўскі таксама змусіў ехаць на шарварак у Белую Гліну.

— Да ўжо ж...

— Але ж, Раман, мусіць, так і не звадзіў яго ў Верамейках на разгавенне? — успомніў Іван Падзерын, усё роўна як на ім дасюль ляжаў гэты клопат.

Мужыкі зарагаталі.

— Дак... а Ганна Карпілава? — падказаў хтосьці з натоўпу.

— Ну, да Ганны, скажу вам... Да Ганны хоць каго завесці няхітра, праўда, Раман? А вось...— Іван Падзерын, відаць што, надоўга браў на сябе гэтую гаворку. Таму Раман Сёмачкін, перабіваючы ёрніка, сказаў:

— Ты б, Антон, расказаў хоць, што тама дзеецца наогул у воласці. А то сам, нябось, ездзіш ледзь не кожнага дня, а нам ні слова.

— Я ж не адзін езджу,— каб усе чулі, сказаў Брава-Жыватоўскі.— Вось і Зазыба таксама быў разы са два ўжо. Папрасілі б яго, няхай ён раскажа.

— А пра што мне расказваць? — паціснуў плячамі Зазыба.

— Як пра што? Пра ўсё раскажы,— акурат падначыў яго Брава-Жыватоўскі.

— І пра тое, як цябе выганяў з царквы стараста? — працінаючы паліцая насмешлівым позіркам, спытаў Зазыба.

Але Брава-Жыватоўскага Зазыбава насмешка, на дзіва, зусім не ўзбурыла.

— Навошта пра гэта? — сказаў ён спакойна.— Раскажы лепей пра нараду. На нарадзе ж у каменданта мы разам былі.

— Разам-то разам, але кожны ў сваёй ролі. Мяне ж ты вазіў, няйначай, на расправу?

— Калі б вазіў толькі на расправу, то і расправіліся б, будзь пэўны!

— Так я табе і паверыў! Гэта ж камендант чамусьці хутка душой адпусціўся, а можа, проста не паслухаў цябе, а то б...

Зазыба адчуў, што мужыкі кругом натапырылі вушы, слухаючы іх, хоць па тварах можна было зразумець, што ніводны пакуль не браў чыйго-небудзь боку; проста талопілі ад насцярожанай напружанасці вочы, акурат пазіралі на паядынак, пасля якога павінна рашыцца ўсё. Адчуў гэта і Брава-Жыватоўскі.

— Вам цяпер хоць на галаве стань, усё роўна не паверыце,— быццам у адчаі, усклікнуў ён.— Думаеце, каб не я, то вам бы даравалі за таго немца, што ў калодзеж трапіў?

— А што там дараваць было? — не мяняючы насмешлівага тону, паціснуў плячамі Зазыба.— Не спытаўшы броду, палез нейкі недарэка ў воду, дак хто яму вінаваты?

— Не дужа б вас і слухалі,— бліснуў вачамі Брава-Жыватоўскі.— Як стаялі там, на пляцы, так і перашылі б з браневіка ўсіх!

Відаць было, што зацяло абодвум — і Зазыбу, і Брава-Жыватоўскаму. Таму Іван Падзерын сказаў:

— Ладна, мужыкі, сапраўды ў сляпога няма чаго пытацца пра пабітыя гаршкі. Добра, што ўсё абышлося. Ты вось, Антон, лепей скажы нам, каго возьмеш у напарнікі да сябе. Мяне ці Сілку?

Але дарэмна Іван стараўся.

— Не лопнула б ад цяжару кіла твая, каб таксама панасіў вінтоўку,— груба кінуў яму Брава-Жыватоўскі.

— Дак...— сумеўся Падзерын, але не надоўга, мусіць, разважыўшы, што не ўсякая абраза цяпер лічыцца.— Мяне ж вызвалілі насіць вінтоўку нават па мабілізацыі. І не такую цяжкую, як твая вось, а лягчэйшую, нашу, мосінскую. Так што... А ты хочаш, каб я сам цяпера ўзяў?

— Не возьмеш ты, возьмуць другія.

— Дак і Сілка ж таксама... Ён хоць, як ты кажаш, і не кілаваты, але ці саўладае з тваёй бяльгійскай руляй адной рукой?

— А ты за Сілку не турбуйся. У Сілкі свая галава. А наконт вінтоўкі? Калі бяльгійская цяжкая, дадуць лягчэйшую — альбо рускую, альбо сваю, нямецкую. Дакладны бой.

— Не-е-е,— заматаў галавой Іван Падзерын, якому, няйначай, падабалася ўжо такая гаворка, ён нават забыў, што ўстраваў у яе спярша толькі дзеля таго, каб развесці Брава-Жыватоўскага з Зазыбам.— Ні трохлінейкі, ні сваёй немцы нікому з нашых у рукі не дадуць. Яны нават табе во не далі, а сунулі бяльгійскую. Моў, не надта параскашуеш, стралок, калі ўсяго чатыры патроны маеш. Пяты ж ты недзе аддаў Мікіту сапсаваць. Я так думаю, Антон,— хоць ты сам, без вярбоўкі, служыш у іх, але яны табе не зусім давяраюць, бо патронаў мала даюць.

— Нічога, пастраляю гэтымі — яшчэ дадуць.

— Дадуць-то дадуць, але ж па іх трэба збегаць у Бабінавічы ды папрасіць тама. Нябось, яшчэ і пад адчот дадуць. Ета што было б, каб усе далёка так бегалі па патроны? Моў, ты пачакай, я вось збегаю зараз па патроны, а тады цябе застрэлю. Які б ета дурань цябе чакаў, каб ты яго застрэліў?

— Думаеш, міліцыянерам болей давалі? — павёў вачамі па ўсіх Брава-Жыватоўскі...

— Ета калі-і! Ета ў мірны час. Тады і страляць не было ў каго. А я так думаю — немцы не дурныя, моў, хоць вы і добраахвотнікі, але чорт вас ведае. Сёння такая ахвота ў вас, а заўтра, глядзіш, другая. Дай вам уволю патронаў, дак вы... А раптам вам ляйчына якая пад хвост трапіць? Словам, не давяраюць яны вам. І Сілку вось не дадуць таму лягчэйшай вінтоўкі, калі ён і праўда паддасца на твае ўгаворы. Бо да нашай трохлінейкі ці да іхняй з крывым затворам лягчэй патронаў раздабыць,— хто ўкрадзе, а хто і сілай возьме. Куляй тады сабе колькі ўлезе. Таму і ўзбройваюць яны вас бяльгійскімі. Здаецца, пры зброі, а раз, два стрэліш дый няма з чаго.