Выбрать главу

Не трэба блытаць нацыянальны міф з каляднай казкай для дарослых. Міф зусім не абавязкова мусіць падабацца тым, каго ён прэзентуе. Істотна тут адно тое, каб ён быў, і быў менавіта як міф, а не як анекдот. А пакуль яго няма, мы застаемся падобнымі да чалавека без уласнага ценю.

Вячаслаў Ракіцкі: Беларусы заўсёды жылі ў атачэнні шырокага кола суседзяў. Да таго ж, як і іншыя народы, яны і гандлявалі, і ваявалі, і вандравалі, а значыць, бачылі вялікі свет і мелі свае меркаванні пра розныя народы. Аб гэтым мы можам прачытаць і ў старажытных хроніках, і ў пазней запісаных шматлікіх успамінах. Таму ў працяг нашай гаворкі аб тым, якімі бачацца беларусы іншым людзям, мне хацелася б пагаварыць аб вобразах розных народаў, што замацаваліся ва ўяўленні беларусаў. І зноў жа не столькі пра гэтыя вобразы, колькі пра тое, як праз іх беларусы выказваюць самі сябе.

— Сапраўды, у міфах, паданнях ды анекдотах пра іншых найлепей выяўляецца калектыўнае падсвядомае народа, тое, у чым зазвычай ніхто не хоча прызнавацца… Дый увогуле, усялякі раз, калі мы абгаворваем другога, дык перадусім выказваем уласную аўтахарактарыстыку… Аднак спачатку дазвольце зрабіць адну заўвагу. Вы цалкам слушна зазначылі, што беларусы, як і ўсе іншыя народы «і гандлявалі, і ваявалі, і вандравалі». Але гэта калі мы кажам пра ўсю нашу гісторыю агулам. А вось калі звярнуць увагу на беларускую вёску XVIII— XIX стагоддзяў, з якой, уласна, і паўстала сучасная беларуская нацыя, дык усё будзе выглядаць зусім іначай. Беларускі селянін якраз і не гандляваў, і не ваяваў, і не вандраваў. Гандлявалі габрэі, ваявала і вандравала спольшчаная альбо зрусіфікаваная шляхта. А беларускі селянін зазвычай за ўсё сваё жыццё далей за бліжэйшы кірмаш не выпраўляўся. І ягоныя ўяўленні пра вялікі свет бачацца, на наш сённяшні погляд, досыць дзіўнымі. Эма Яленьска, гаспадыня вёскі Камаровічы ў Мазырскім павеце, пісала на пачатку 90-х гадоў Х1Х стагоддзя пра сваіх сялянаў так: «На іх перакананне халоп-мужык на цэлым свеце абсалютна падобны да іх, размаўляе па-беларуску, папросту і вызнае такую самую, праваслаўную веру».

Вячаслаў Ракіцкі: Але ж гэта не азначае, што беларускі мужык цалкам быў адлучаны ад вялікага свету. Хаця б ужо таму, што ў той час, аб якім вы гаворыце, адбыўся канчатковы падзел Рэчы Паспалітай, і на далучаныя да Расіі беларускія землі прыйшлі расійскія вайскоўцы і чыноўнікі. Якімі яны бачыліся беларусам?

— За адказам давайце зноў звернемся да сведчанняў той пары. Ігнацы Яцкоўскі ў 1985 годзе пісаў: «Нашыя халопы на Літве ў рускай гаворцы не маюць слова «войска», але, кажучы, «маскаль», маюць на ўвазе «жаўнераў» ці «войска», бо звыклі бачыць «маскалёў» толькі ў мундурах; не вайсковых, якія часам з’яўляюцца, называюць «бурлакамі», і такіх наш халоп ніколі маскалём не назаве. Расіец у фраку называецца панам, а ў фуражцы з чырвоным абводам — «асэсарам». Карацей кажучы, тады чужаніца пераважна ўспрымаўся згодна саслоўнай ці класавай, а не нацыянальнай прыналежнасці. Што і зразумела, бо тутэйшы селянін яшчэ не ведаў у сабе нацыянальнага чалавека, беларуса, і з гэтага іншых таксама не мог разрозніваць па нацыянальнасці.

Вячаслаў Ракіцкі: А з якога часу, на ваш погляд, разрозненне іншаземцаў па нацыянальных прыкметах зрабілася ўстойлівым і сістэмным на Беларусі?

— У гэтым сэнсе сітуацыя пачала радыкальна мяняцца толькі ў ХХ стагоддзі, і вялікую ролю тут адыграла ўсталяванне БССР. Займеўшы сабе «рэспубліку», запіс з пазнакай «беларус» у пашпарце і хай сабе толькі адміністратыўную, але мяжу, беларусы пакрысе прызвычаіліся, што яны таксама — народ. Выразным сведчаннем «беларусізацыі» сталася з’яўленне анекдотаў і мянушак, якімі мы характарызавалі суседзяў. Палякі пачалі вызнавацца беларусамі як «шпікулянты», прыбалты, як нацыяналісты, расійцы, як лайдакі, украінцы, як пустыя амбітнікі. (З нагоды апошніх у савецкім войску нават існаваў устойлівы выраз: «Няма хахла без лычкі» — мелася на ўвазе хаця б ніжэйшае вайсковае званне «яфрэйтар»)…

Дарэчы, раней мы казалі, што ў ацэнках іншых кожны народ няўзнак выказвае свае прыхаваныя комплексы. Беларусы абганьвалі суседзяў за тое, чаго не мелі ў саміх сабе — прадпрымальніцтва палякаў, нацыяналізму прыбалтаў, разняволенасці расійцаў, амбітнасці ўкраінцаў.

Вячаслаў Ракіцкі: Беларусь зведала шмат акупацыяў. У найноўшы час самай жорсткай і трагічнай была нямецкая. Што беларусы думалі і казалі пра немцаў?

— Калі мы адхілімся ад афіцыйна-прапагандысцкай версіі тых падзеяў і заглыбімся ў народную свядомасць, дык нас там чакае шмат дзіўнага і незразумелага. У аповедах пра той час людзі чамусьці канцэнтруюць сваю ўвагу не на нялюдскасці акупантаў, а на своеасаблівай жорсткай справядлівасці немцаў. Яшчэ маладым чалавекам я шмат займаўся гэтак званай «пошукавай працай» і мяне, выхаванага ў савецкай прапагандзе, неверагодна ўражвала, што простыя людзі ў сумоўі распавядалі не пра спаленыя вёскі і расстраляных габрэяў, а пра тое, як камендант загадаў публічна высекчы мужыка-п’яніцу, на якога паскардзілася жонка. Ці як немцы змушалі трымаць у парадку падворак і рэгулярна падмятаць свой кавалак вуліцы. Яшчэ і сёння ад сталых людзей, абураных бязладдзем, можна пачуць: «Немца на вас няма».