Выбрать главу

— Тэарэтычна Атлантыда цалкам магчымая. Болей за тое, зусім верагодна, што падобны лёс напаткаў не адзін народ, які жыў на востраве ці ўзбярэжжы. Хто і калі палічыць, колькі было тэктанічных ператрусаў у даўным-даўно прамінулым?! Разам з тым, я вельмі скептычна стаўлюся да Платонавай Атлантыды, як такой. Бачыце, да таго, як стацца філосафам, Платон быў паэтам і драматургам, гэта значыць, выдумлякам. Перадусім гэтай схільнасцю да паэтычных фантазіяў я і гатовы патлумачыць з’яўленне міфу пра Атлантыду.

Вячаслаў Ракіцкі: А чаму не толькі тыя народы, якія жывуць ля Атлантыкі, шукаюць Атлантыду? Чаму многія народы бяруць на ўзбраенне гэты міф? Вось і мы называем нашу праграму «Беларуская Атлантыда». У гэтым звязку пытанне: ці могуць беларусы знайсці сваю Атлантыду, калі яе разумець у філасофскім, шырокім сэнсе слова? І дзе можна знайсці яе?

— Кожны народ адчувае, што мае недзе глыбока пад сабою нешта вельмі істотнае, але страчанае ў часе. І ён спадзяецца, што калі падыме «сваю Атлантыду» з прадоння страты, дык знойдзе сябе. Разам з тым, міф пра Атлантыду інтрыгуе адно да той пары, пакуль Атлантыда не знойдзеная. Тое самае і з беларускай Атлантыдай. Як толькі мы яе знойдзем ва ўсёй паўнаце і значнасці, рэканструюем, запішам у падручнікі і свае галовы, дык міф адразу ператворыцца ў гісторыю народа, які спрадвеку жыў на гэтай зямлі. Але ёсць нейкая вабнота ў тым, што мы не толькі для іншых, але і для саміх сябе — terra nihil, што мы ўсё яшчэ чакаем адкрыць і свой залаты век, і свой апакаліпсіс. І гэтае чаканне, звязанае з пошукамі і першага, і другога, мне, як заўзятаму рамантыку, вельмі даспадобы.

2. Суплёт кантэкстаў

Філосаф Алесь Анціпенка неяк заўважыў: пра Беларусь што ні скажы, усё будзе няпраўдай. Калі інтэлектуальныя парадоксы могуць ахопліваць рэальнасць, дык гэта якраз той самы выпадак. Рэч у тым, што беларускае грамадства пакуль не знаходзіць канвенцыйнай згоды адносна хоць чаго — уласнай гісторыі, свайго месца ў сучаснасці, шляхоў праставання ў будучыню. Таму не існуе бадай ніводнай канцэптуальнай тэзы пра Беларусь, якая б не была для некага «няпраўдай».

Возьмем хаця б гістарыяграфію… Тут мы маем столькі канцэпцый гісторыі Беларусі, што іх хапіла б на тузін краінаў. На пачатак згадаем адну з найноўшых, якая сцвярджае, што этнічна беларусы непасрэдныя нашчадкі сваіх балцкіх продкаў. Яны (балты) з’явіліся на нашых землях прыблізна  дзесяць тысяч гадоў назад і за гэтыя тысячагоддзі амаль не змяніліся (этнічна), адно што зверху трохі славянізаваліся. Прыхільнікі гэтай ідэі перадусім адмаўляюць наяўнасць хоць якіх (і хоць калі) масавых міграцый на прасторы сучаснай Беларусі. Дзеля гэтага яны выкарыстоўваюць самую розную аргументацыю: ад антрапалагічных замераў да фальклорных матэрыялаў. Як вядома, беларускі фальклор адзін з самых багатых у Еўропе. Аднак ніводная з ягоных крыніцаў не згадвае пра такую маштабную падзею, як «перасяленне народаў». З чаго этнолаг Сяргей Санько і выснаваў досыць радыкальную тэзу: «Беларусы — славянамоўныя балты», якая ў некаторых асяродках ужо займела немалую папулярнасць.

Натуральна, што гэтая канцэпцыя рэзка кантрастуе з некалі паноўнай (замацаванай расійскай гістарыяграфіяй яшчэ ў XVIII стагоддзі), якая сцвярджае, што этнічнай протаспадчынай рускіх, украінцаў і беларусаў з’яўляецца «стараруская народнасць». І хаця гэткае разуменне свайго гістарыяграфічнага пачатку яшчэ досыць папулярнае ў беларускім грамадстве, аднак ужо амаль не бярэцца пад увагу найбольш адукаванай яго часткай, паколькі не абапіраецца на пераканаўчыя гістарычныя крыніцы.

Бальшыня сучасных беларускіх гісторыкаў, не адмаўляючыся ад ідэі славянскай протаасновы, актыўна працуе над стварэннем ужо ўласна нацыянальнай гістарыяграфіі. Але для многіх беларусаў (і ўладных інстытутаў перадусім) плён іхняй працы — гэта нішто іншае, як чарговая «няпраўда» пра Беларусь. Таму зусім не здзіўляе, што ў сітуацыі «вайны  гістарыяграфіяў» дзяржаўная ідэалогія вырашыла зусім абысціся без гісторыі, узяўшы сабе ў аснову толькі адну падзею мінулага — Вялікую Айчынную вайну.

Але падобную сітуацыю мы маем і ва ўсіх іншых сферах: ад культуры да геапалітыкі. Нідзе і ні ў чым беларус не знаходзіць сябе канчаткова. Усюды адно пачаткі, версіі ды разрывы.

«Трэці Шлях»: На фармаванне беларусаў сёння моцны ўплыў аказваюць паўночнаамерыканская і азіяцкая культуры. А якія культуры аказвалі ўплыў на беларусаў у мінулым? Што з таго дайшло да цяперашніх часоў? Колькі з таго прышлага было пазітыўнага, а колькі негатыўнага?