Зрэшты, якім бы істотным не быў гістарычны чыннік, лёс кожнага народа найперш залежыць ад таго, наколькі гэты народ адэкватны сучаснасці і ці здольны ён годна адказваць на яе выклікі.
Вольга Караткевіч: Апошнім часам стасункі Беларусі і Расіі, асабліва праз «нафта-газавыя» непаразуменні значна пагоршыліся, і часам нават пераходзяць у адкрыты канфлікт. Як вы ставіцеся да гэтай сітуацыі?
— Адзін з еўрапейскіх філосафаў сказаў, што ніводная еўрапейская нацыя канчаткова не дааформілася як нацыя без сваёй нацыянальнай вайны. Дзякаваць Богу, беларусы не мелі сваёй нацыянальнай вайны, і, будзем спадзявацца, што неяк абыдуцца без яе і надалей. Але, магычыма, гэтыя «газавыя» і да іх падобныя канфлікты якраз і адыгрываюць у мірнай праекцыі ролю «сваёй нацыянальнай вайны», якая неабходная нам, каб канчаткова разарваць тую пупавіну, што ў масавай свядомасці ўсё яшчэ аб’ядноўвае беларусаў з расіянамі і дазваляе некаторым палітыкам казаць, быццам мы адзін народ. Бо пакуль гэты звяз не будзе абарваны, мы як нацыя застанемся недааформленымі.
Андрэй Ляховіч: Ужо шмат год адной з найбольш заўважных з’яваў беларускага палітычнага жыцця з’яўляецца моладзевы супраціў. Ягоная прысутнасць шмат у чым і актуалізуе, і, калі заўгодна, увідавочнівае ( праз самыя розныя акцыі) наяўнасць палітычнай апазіцыі ў цэлам. Ваш аналіз гэтага феномену і, ў дадатак, пытанне: ці ёсць у моладзевага супраціву патэнцыял рэальнай палітычнай сілы?
— Дазволю сабе пачаць з, так бы мовіць, «пустога філасафавання». А менавіта з немудрагелістай канстатацыі таго, што кожны малады чалавек — гэта агент будучыні. А палітыка (не блытаць з ідэалогіяй) — рэч абсалютна рэальная і, калі заўгодна, штодзённая, як шкарпэткі ці бульба, нават з улікам таго, што яна заўсёды мае нейкія стратэгічныя мэты. І калі палітыка спрабуе скарыстаць маладога чалавека дзеля ўладкавання наяўнай рэальнасці, дык пазбаўляе яго ўласнай функцыі — спеліць будучыню. Таму (у анталагічным плане) мяне заўсёды трывожыць усялякі выбух палітычнай актыўнасці моладзі. Бо я здагадваюся, што з гэтага «выбуху» не толькі кожны палітызаваны маладзён потым чагосьці не дабярэ ў сваёй будучыні, але разам з ім нешта страціць і сама будучыня.
Аднак чаму маладыя людзі, насуперак свайму футурыстычнаму заданню, раз-пораз усё-такі «ідуць у палітыку» і нават калі-нікалі робяцца там заўважнай з’явай? Пакуль я ні ад кога не чуў не толькі адказу, але і самога гэтага пытання. Чамусьці нікому нават і да галавы не прыйшло паспрабаваць хоць трохі абазнацца ў падставах моладзевага супраціву. Мы ўсяго толькі парупіліся механістычна надаць яму статус аднаго з палітычных суб’ектаў, упісаўшы ў агульны палітычны кантэкст, каб потым ацэньваць паводле крытэраў, стандартных для ўсіх астатніх палітычных актораў.
А як можа быць інакш, нібыта слушна заўважыць нехта, калі ўжо колькі год існуюць моладзевыя структуры, якія і публічнымі дэкларацыямі, і рэальнымі справамі цалкам пазіцыянуюць сябе ў якасці менавіта палітычных суб’ектаў, да таго ж часам і найбольш ярка выглядаюць наўсцяж усяго палітычнага дыскурса краіны.
Заўвага, безумоўна, слушная, але адно пакуль звяртаць увагу на фармальныя праявы палітычнага супраціву моладзі. Бо калі не зленавацца нахіліцца і зазірнуць у ягоныя падваліны, дык там не складана заўважыць, што трымаецца ён не палітыкай, а гульнёй. Інакш кажучы, палітыка для маладога чалавека — усяго толькі адна з формаў гульні, па сутнасці нічым не адрозная ад футбола, бокса, таэквандо, фрыстайла ці чаго заўгодна іншага. Адныя гуляюць у «Схватку», ашалела гойсаючы па Мінску, другія скачуць з даху на дах, рызыкуючы зламаць сабе шыю, трэція, старожка азіраючыся, вывешваюць бел-чырвона-белы сцяг над якім будынкам і хуценька ўцякаюць, каб не патрапіць у пастарунак… Хоць у кожным разе складана зразумець, чаму адзін з маладзёнаў выбірае баруканне на спартовым дыване, а другі — на асфальце з «амонаўцам»?
Тут нехта мне зноў заўважыць, маўляў, нічога сабе гульня, калі потым за ўдзел у ёй, можа, давядзецца змарнаваць ладную частку свайго маладога жыцця за кратамі?
Каб давесці, што адно зусім не пярэчыць другому, я дазволю сабе згадаць уласны досвед з маладосці. Прыкладна ў тыя свае гады, ў якія сённяшнія лідэры моладзевага супраціву запар адзін за адным адбываюць ладныя тэрміны турэмнага зняволення, я ўжо быў кандыдатам у майстры спорту па спартовым турызме. Апошняе азначала, што мне афіцыйна было дазволена выпраўляцца ў найскладаныя вандроўкі па гарах. Чым я, натуральна, і карыстаўся, зусім не зважаючы на тое, што аднойчы магу адтуль увогуле не вярнуцца (як не вярнулася колькі мне добра знаёмых хлопцаў і дзяўчат). Заўважу, гэтая магчымасць невяртання не трымалася хоць якой высокай універсальнай ідэяй, кшталту незалежнасці, свабоды ці дэмакратыі, а толькі звабай самой гульні.