Выбрать главу

Дарэчы, палітыка, якая пачынаецца з гульні, для некаторых сённяшніх маладых беларусаў, напэўна, таксама станецца справай на ўсё жыццё. Толькі не трэба на падставе адзінкавых выпадкаў рабіць залішніх абагульненняў. У падлеткавым узросце амаль усе пішуць вершы, аднак хіба адзінкі з іх абяруць літаратуру сваёй прафесіяй, а сапраўдным паэтам, можа, і ўвогуле ніхто не станецца.

Карацей кажучы, сваімі развагамі я ўсяго толькі хачу сказаць, што моладзевы палітычны супраціў зусім не адэкватны, так бы мовіць, «даросламу». І паколькі сутва моладзевага супраціву карэніцца не ў палітыцы, а ў гульні (хай сабе і такой сур’ёзнай, як гульня ў свабоду), я не спяшаўся б залічваць моладзь да паўнавартасных палітычных актораў. Таму хацелася б засцерагчы ад залішніх спадзяванняў тых публіцыстаў і аналітыкаў, якія,абапіраючыся на растыражаваная незалежнымі медыямі паведамленні пра арышты, флэш-мобы, пікеты, петыцыі і г. д. і да т. п., робяць высновы аб моладзевым супраціве як аб рэальнай палітычнай сіле. І сёй-той ім лёгка дае веры, маўляў, калі моладзь зыніцыявала рэвалюцыі ў Югаславіі, ва Украіне і шмат дзе яшчэ, дык чаму яна не можа зрабіць нешта падобнае ў нас?

Ну, па-першае, гэта яшчэ, як кажуць, пытанне, наколькі сапраўды вызначальнай была роля моладзі ў тых рэвалюцыях. А па-другое… Кожны прыклад з іншай сітуацыі сведчыць, што ўвогуле гэта магчыма, аднак ён зусім не сцвярджае, што гэта магчыма ў нашай сітуацыі.

Зрэшты, зусім не аналіз палітычнага фармату моладзевага супраціву істотны для гэтых маіх развагаў, а менавіта тое, з чаго яны пачыналіся. Таму я хацеў бы паўтарыць сваю пачатковую канстатацыю. Малады чалавек як паводле сваёй прыроды (акумулятар сексуальнага), гэтак і паводле свайго прызначэння (агент будучыні) a priori непалітычны чалавек. І сутнасна ў ім нічога не мяняецца з таго, што ён, патрапіўшы ў палітычны дыскурс, нейкі час актыўна гуляе ў палітыку… Будзем памятаць: ён проста гуляе.

Ну і апошняе, вельмі неабходнае перадусім мне самому, каб паразумецца з палітызаваным чытачом, для якога дамінантнае тут слова «гульня», відаць, зніжае вартасць моладзевага супраціву, даўно сінанімічнага такім пафасным слоганам, як «жыве Беларусь», «незалежнасць Бацькаўшчыны», «змаганне за Свабоду» і г. д.

Найперш заўважу, што гульня (не блытаць з забавай) — рэч куды больш сур’ёзная і важная, чым хоць якое змаганне. Бо толькі праз гульню (у самых розных яе праявах) магчымае тварэнне культуры, а значыць і тварэнне чалавека як чалавека. Да таго ж у сваіх немудрагелістых развагах я зусім не маю намеру пазбавіць моладзевы супраціў ні гераічнага, ні патрыятычнага чыну, а толькі — палітычнага. Дарэчы, з гэтага вынікае, што, залічваючы пратэставыя акцыі моладзі на рахунак палітычнай апазіцыі, мы засланяем ад свайго бачання яе сапраўдны маштаб, рэальная велічыня якога мусіла б вылічвацца паводле формулы: агульны палітычны капітал мінус моладзевы супраціў.

Валер Карбалевіч: Моладзевы супраціў стаўся заўважнай падзеяй палітычнага і грамадскага жыцця. Але з іншага боку ёсць і масавая афіцыёзная арганізацыя моладзі БРСМ. То бок, моладзевае асяроддзе гэтак жа расколатае, як і ўсё грамадства. Дык ці ёсць нейкія асаблівасці, якія адрозніваюць моладзь у палітычным сэнсе ад астатняга грамадства?

— Безумоўна ёсьць. Бо маладыя людзі паходзяць з цалкам іншага свету, чым людзі больш сталага веку, што сфармаваліся ў савецка-камуністычнай рэзервацыі. Дык чаму тады, заўважыце вы, моладзь масава не пратэстуе супраць сістэмы, якая засталася тут з эпохі іхніх бацькоў і дзядоў?

Бадай таму, што ёй тут не так ужо і дрэнна. За апошнія гады колькасць студэнтаў падвоілася. Стыпэндыі, хай невялікія, але плацяць. У краіне практычна няма беспрацоўя. А для найбольш ініцыятыўных не закрытая дарога ў замежжа.

Дарэчы, пра моладзевую эміграцыю. Апазыцыйныя палітыкі вельмі любяць згадваць, што паводле нейкіх сацыялагічных апытанняў каля 70 % моладзі хоча з’ехаць з краіны, каб гэтым падкрэсліць неабходнасць змены ўлады. Але калі б сацыёлагі правялі апытанне, чаму маладыя людзі імкнуцца за мяжу, дык сярод прычынаў адсутнасць дэмакратычных правоў і свабодаў амаль напэўна была б на адным з апошніх месцаў. Малады чалавек ужо адно з прычыны сваёй маладосці цалкам натуральна імкнецца пабачыць іншыя краіны. Да таго ж у многіх з тых краінаў ёсць нашмат больш магчымасцяў для паўнавартаснай самарэалізацыі, чым на бацькаўшчыне. Але хто, акрамя зрэпрэсаваных моладзевых лідэраў, едзе туды па свабоду?