Валер Карбалевіч: Тады чаму вы кажаце, што моладзь прадстаўляе ўжо іншы свет? Калі праблема свабоды для маладзёнаў не з’яўляецца галоўнай, дык яны прадстаўнікі той самай савецкай-камуністычнай рэзервацыі. Хоць і адрозніваюцца ад савецкага чалавека тым, што ведаюць розныя мовы, кампутар, ездзяць за мяжу, але светапоглядна застаюцца ў мінулым.
— Мы залішне абсалютызуем палітычную складовую сучаснага жыцця. І з гэтага робім шмат памылак у аналізе яго ўнутраных працэсаў. Калі я кажу пра розныя светы, дык найперш маю на ўвазе не іх ідэалагічную, а тэхналагічную рознасць. Сучасная беларуская моладзь фармуецца ў эпоху спажывецкага рынку, і яна найперш імкнецца быць тоеснай сваёй эпосе. Гэта значыць: мець прэстыжную працу, катэдж, машыну, адпачынак на вядомых курортах і да таго падобнае. І гэта для яе галоўнае, а дэмакратычныя каштоўнасці — факультатыў: могуць быць, а могуць і не быць.
Разам з тым, спажывецкая эпоха спараджае і сваіх антаганістаў. Гэта імі поўняцца шэрагі антыглабалістаў, розныя дабрачынныя ды гуманітарныя арганізацыі і, натуральна, беларускі моладзевы супраціў, які ў дадатак мае яшчэ і такую вабу, як нацыянальнае адраджэнне краіны.
«Свабода. Беларуская газета»: Што б вы параілі маладому, дэмакратычна заангажаванаму беларусу?
— Маладосць — гэта унікальная цывілізацыя. Яна радыкальна адрозніваецца ад цывілізацыі дарослых. Бо толькі ў маладыя гады чалавек можа жыць напоўніцу самога сябе. Потым гэтую «поўніцу» абмяжуюць сям’я, дзеці, кар’ера, грошы. Таму найперш любому маладому чалавеку я б параіў максімальна скарыстацца сітуацыяй маладосці, мець шмат сяброў (і сябровак), забаваў, вандровак ды самых розных авантураў. І яшчэ, бясспрэчна, нагружаць сябе ведамі. Бо сёння толькі нагружанасць ведамі дае магчымасць адэкватна адказваць на выклікі сучаснага свету.
Натуральна, тут мне ніяк не абмінуць праблему грамадзянскай пазіцыі. Напэўна, гэта добра, калі малады чалавек яе мае, а тым больш, калі ён за яе актыўна змагаецца. Разам з тым, будзем памятаць, што кожнае змаганне — гэта няпоўнае жыццё, гэта абсяканне жыцця да памераў змагання. Як і памятаць, што кожны змагар — гэта заўсёды хоць трохі ды скалечаны змаганнем чалавек. Нават калі гэта змаганне за вартыя яго каштоўнасці свабоды і незалежнасці. І таму я параіў бы дэмакратычнай моладзі, якая нават разумеючы згубу змагання, не пакідае «барыкадаў», скарыстацца наступнай формулай: адзін дзень на тыдзень мы змагаемся за свабоду, а ўсе астатнія жывём напоўніцу. Каб хоць збольшага скампенсаваць гэты згублены на змаганне дзень.
Аляксандр Коктыш: Вы ўжо шмат год назіраеце і публічна ацэньваеце дзеянні беларускай дэмакратычнай апазіцыі. Якой яна вам бачыцца сёння?
— Напэўна, тут вы маеце на ўвазе перадусім палітычную апазіцыю, якая публічна прадстаўленая партыямі, рухамі, рознымі ініцыятывамі ды акцыямі… Пакуль яе найбольшы здабытак — гэта тое, што яна ёсць. Так, палітычная апазіцыя сёння скукожаная, стомленая, зганьбаваная, зрэпрэсаваная і да т.п., але яна ёсць, і гэта неверагодна істотна. Урэшце, яе наяўнасць — гэта адзінае, што нас звязвае з палітычным кантэкстам ХХІ стагоддзя. Калі паноўнай уладзе ўзбрэндзіць канчаткова выштурхнуць палітычную апазіцыю з публічнай арэны, мы будзем татальна пазбаўленыя сучаснасці ў яе палітычным вымярэнні.
Але акрамя «афіцыйнай» апазіцыі ў краіне ёсць яшчэ і грамадзянская апазіцыя. Гэта сотні тысяч разасобленых міжсобку людзей, пра якіх амаль нічога невядома, акрамя таго, што яны ёсць і хочуць жыць не толькі добра, але і па-людску. Звычайна пра гэтую грамадзянскую апазіцыю не згадваюць і яе самастойную наяўнасць не аналізуюць, бо па старой завядзёнцы яна класіфікуецца ўсяго толькі як электарат палітычнай апазіцыі. Але гэта ўжо даўно не так. Тыя ж мізэрныя рэйтынгі «афіцыйнай» апазіцыі сведчаць, што грамадзянская апазіцыя яе не падтрымлівае. Інакш кажучы, палітычная і грамадзянская апазіцыі існуюць сёння паасобку, амаль не стасуючыся між сабой. Што праўда, на прэзідэнцкіх выбарах грамадзянская апазіцыя пераважна галасуе за кандыдатаў ад палітычнай апазіцыі, але адно таму, што не мае іншых варыянтаў.
На маё, вельмі спрэчнае, меркаванне, толькі гэтая, грамадзянская апазіцыя, калі ёй дапамагчы агучыць сваё мноства і згуртаваць вакол нейкіх актуальных для яе ініцыятываў, можа стацца асноўным складнікам будучых пераменаў.